За дом і за зямлю

Змяненні, унесеныя ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2011 года, закранулі і ўплату фізічнымі асобамі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.
Як і раней, фізічныя асобы маюць права на льготу па падатку на нерухомасць у адносінах аднаго жылога памяшкання ў шматкватэрным доме, што належыць ім на праве ўласнасці. Пры наяўнасці ў плацельшчыка двух і больш жылых памяшканняў, вы-зваленню ад падатку будзе падлягаць толькі адно з іх па выбары і на падставе пісьмовай заявы грамадзяніна, што падаецца ў падатковы орган па месцы жыхарства (з указаннем месцазнаходжання ўсіх жылых памяшканняў у шматкватэрных дамах, што належаць яму). Новаўвядзеннем з’яўляецца тое, што ў выпадку непадачы плацельшчыкам такой заявы льгота будзе давацца падатковым органам у адносінах жылога памяшкання, набытага (атрыманага) плацельшчыкам ва ўласнасць раней за іншыя жылыя памяшканні.
Змяняецца парадак прадстаўлення льготы пенсіянерам па ўзросце, інвалідам І і ІІ групы, іншым непрацаздольным асобам у адносінах жылых дамоў, што належаць ім, размешчаных не па месцы іх жыхарства. З 1 студзеня такія дамы будуць вы-зваляцца ад падатку на нерухомасць пры адсутнасці рэгістрацыі ў іх працаздольных асоб. Напрыклад, пенсіянер пражывае ў Ляхавічах у кватэры, яму ж належыць дом у адной з вёсак, у якім зарэгістраваны (прапісаны) яго сын з сям’ёй. Права на льготу ў адносінах жылога дома пенсіянер мець не будзе.
У артыкул 189 Падатковага кодэкса ўнесена ўдакладненне, што датычыць вызначэння плацельшчыка падатку на нерухомасць у адносінах аб’екта, на які не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку права ўласнасці. Падатак на нерухомасць у такім выпадку налічваецца фізічнай асобе, у чыім уладанні, карыстанні ці ўласнасці знаходзіцца зямельны ўчастак, на якім размешчаны будынак ці збудаванне.
З 1 студзеня ўпарадкаваны льготы па зямельным падатку. Так, зямельныя ўчасткі, размешчаныя не па месцы жыхарства пенсіянераў па ўзросце, інвалідаў І і ІІ групы і іншых непрацаздольных фізічных асоб і выдзеленыя такім асобам для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання жылога дома, вызваляюцца ад зямельнага падатку пры адсутнасці рэгістрацыі ў жылым доме, што належыць згаданым грамадзянам і размешчаны на такім участку, працаздольных асоб. Напрыклад, пенсіянер пражывае ў Ляхавічах у сваёй кватэры. Ён валодае яшчэ і зямельным участкам, на якім размешчаны жылы дом. У гэтым доме зарэгістраваны (прапісаны) і пражывае сын са сваёй сям’ёй. У такім выпадку пенсіянер права на льготу па зямельным падатку мець не будзе.
Акрамя таго, з 1 студзеня 2011 года гаражныя кааператывы, садаводчыя таварыствы і (ці) дачныя кааператывы абавязаны падаваць у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік звесткі аб прынятых сумах зямельнага падатку і падатку на нерухомасць з прыкладаннем плацёжных дакументаў (іх копій) аб пералічэнні прынятых грашовых сродкаў у бюджэт па форме і ў тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.
Анатолій ЖАБІК, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *