«Абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак»

Людміла ЖУКАВА, выкладчык Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, “Чалавек года” ў намінацыі “культура і мастацтва”:

– Абавязкова пайду на выбарчы ўчастак і прагаласую – хачу падтрымаць дастойнага кандыдата на пасаду Прэзідэнта. Прычым, хутчэй за ўсё скарыстаюся магчымасцю зрабіць гэта датэрмінова. Справа ў тым, што на выхадныя прыпадае сямейнае свята, якое мы плануем правесці ў іншым горадзе.

Пераканана, што Кіраўніком дзяржавы павінен быць той, хто не на словах, а на справе робіць усё, каб краіна квітнела, абнаўляліся і працавалі прадпрыемствы, будаваліся школы і дзіцячыя сады, каб дзеці і дарослыя маглі развіваць свае таленты і здольнасці, каб нашу Беларусь ведалі і паважалі.

Лізавета ХОДАР, маладая маці:

– Кіраўніка дзяржавы буду выбіраць упершыню. Вельмі ўважліва азнаёмілася з праграмамі ўсіх кандыдатаў на самы галоўны дзяржаўны пост. Дакладна ведаю, каму з прэтэндэнтаў аддам свой голас. Хачу, каб наша краіна прадаўжала дынамічна развівацца і не спынялася на дасягнутых поспехах.

Абавязкова пайду на выбарчы ўчастак. Ведаю, што выбіраючы Прэзідэнта, выбіраю сваё заўтра, будучыню для маленькай дачушкі, мірную і заможную Беларусь.

Фёдар ЛОЙКА, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:

– Нашаму пакаленню са зброяй у руках выпала абараняць Радзіму ад ворага. Пасля вайны мы аднаўлялі разбураную народную гаспадарку, перажылі голад, нястачу. Аднак ніколі не пакідала сіла духу: верылі, што выстаім, пераможам, наладзім жыццё.

Сёння нашы ўнукі і праўнукі жывуць пад мірным небам, у дастатку і з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Каб так было заўсёды, каб расцвітала родная зямля, нельга быць раўнадушным да таго, чым жыве краіна. Выбары лідара дзяржавы – гэта найважнейшая падзея, якую прапусціць нельга ні пажылому, ні маладому грамадзяніну. Асабіста я аддам свой голас за мір, за сённяшні светлы дзень, за шчаслівы смех дзяцей.

Мікалай ВАЙЦЕШЫК,  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– Як грамадзянін сваёй краіны ўдзел у выбарах лічу адначасова і правам, і ганаровым абавязкам. За што буду галасаваць? Як гэта ні банальна прагучыць, за мір – у першую чаргу. Як паказваюць падзеі і далёкага, і блізкага замежжа, толькі ва ўмовах міру маюць значэнне любыя выгоды, жыццёвыя здабыткі і дасягненні. Яшчэ – за стабільнасць у грамадстве, за рост беларускай эканомікі, важнейшым складальнікам якой з’яўляецца сельская гаспадарка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *