Пра нечужы дом

Рабяты, якія па нейкіх прычынах засталіся без бацькоўскай апекі, знаходзяць цеплыню і ўвагу, у тым ліку, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. У нашым раёне такіх 3, сёння ў іх выхоўваюцца 20 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзейнасць дамоў сямейнага тыпу і ўмовы жыцця дзяцей у іх пастаянна ў цэнтры ўвагі ўлады. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама разглядалася пытанне ўліку і расходавання бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на функцыянаванне гэтых дамоў. Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская, за 9 месяцаў на ўтрыманне трох дамоў пайшло 872 мільёны рублёў (у гэту суму ўваходзіць выплата дапамогі па апецы, заработная плата чатырох бацькоў-выхавальнікаў, аплата камунальных паслуг, бягучы рамонт і г. д.). Кампенсавалі ж абавязаныя асобы, чые дзеці выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу, толькі 97 мільёнаў.

Радуе, што бацькі ўсё ж становяцца на шлях выпраўлення, і колькасць дзяцей, якім патрабуецца дзяржаўная дапамога, паступова змяншаецца. Сёлета 2 дзіцяці змаглі вярнуцца ў сваю біялагічную сям’ю, а з маці, якая аднавіла свае правы, была спісана запазычанасць у памеры 12 мільёнаў рублёў.     У адпаведнасці з палажэннем аб дамах сямейнага тыпу, у іх павінна выхоўвацца не менш за 5 рабят. У адным з нашых, дзе сёння 5 выхаванцаў, трое ў наступным годзе скончаць школу. Таму з верасня 2016 года плануецца рэарганізацыя гэтага дома сямейнага тыпу.   Кіраўніка раёна цікавіла забяспечанасць дзяцей неабходнымі рэчамі, мікраклімат у сем’ях і многае іншае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *