Участковага выклікалі? У Ляхавічах прайшла восьмая сесія раённага Савета дэпутатаў

Работа ўчастковых інспектараў міліцыі па папярэджванні злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў павінна весціся ў цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі сельвыканкамаў, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, спецыялістамі ўстаноў адукацыі, сацыяльнай службы. Пра гэта гаварыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч на восьмай сесіі раённага Савета дэпутатаў падчас абмеркавання пытання аб удасканаленні службы ўчастковых інспектараў.

Па выніках работы за 8 месяцаў служба ўчастковых нашага раёна (у РАУС сёння 11 участковых інспектараў, вакантнай застаецца гэта пасада ў Жарабковіцкім сельсавеце) заняла 4 месца сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны. На іх рахунку сёлета: 21 раскрытае злачынства; асуджаны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі  16 хранічных алкаголікаў (5 жанчын), 87 грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, пастаўлены на ўлік да ўрача-нарколага. Адабрана 1459 літраў брагі і самагону і 130 літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі. Праведзена значная работа па ўхіленні прычын і ўмоў, якія спрыяюць учыненню злачынстваў: суб’ектам гаспадарання вынесена 186 прадстаўленняў, па фактах нерэагавання 14 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Разам з тым у службы ўчастковых ёсць і слабыя месцы. “Кульгае” выхаваўча-прафілактычная работа з насельніцтвам. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня абласнога Савета дэпутатаў   Сяргей Ашмянцаў, які ўдзельнічаў у рабоце сесіі. Участковы павінен ведаць, чым і як жыве кожны на падпарадкаванай яму тэрыторыі. І не толькі раскрываць злачынствы, але, галоўнае, папярэджваць іх. Вось тут і неабходна цеснае ўзаемадзеянне міліцыі з усімі зацікаўленымі службамі.

Што датычыцца ўзаемадзеяння, то слушнае патрабаванне старшыні райвыканкама да дэпутатаў: як мага часцей ра-зам з участковымі, старастамі наведваць неўладкаваныя сем’і, сустракацца са школьнікамі і іх бацькамі, бываць у працоўных калектывах. У гэтым накірунку патрэбны канкрэтныя дзеянні і крокі, а не проста размовы на агульныя тэмы.

Старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік падкрэсліў, што ад аўтарытэту і дзеянняў участковага залежыць і грамадскі парадак. Шмат гадоў у сельсавеце ўчастковым быў выдатны прафесіянал падпалкоўнік Генадзій Чарняк. А за апошнія 2 гады тут змянілася 4 участковыя, і праблемы аграгараджан з законам сталі больш адчувальныя.

На неабходнасці работы з кожным канкрэтным чалавекам акцэнтаваў увагу і дэпутатаў, і супрацоўнікаў міліцыі старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. На карысць справе – каб участковы жыў на сваім участку, а не проста прыязджаў на службу.

Сесія паставіла перад кіраўніцтвам РАУС задачу: прыняць меры па ўкамплектаванні службы ўчастковых інспектараў дастойнымі кадрамі. Асноўныя намаганні службы неабходна накіраваць на прафілактыку і папярэджванне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы і сярод непаўналетніх, павышэнне якасці разгляду зваротаў і заяў грамадзян.

Пра выкананне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у ахове здароўя раёна дэпутатам паведаміў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Усцюшкоў. За 8 месяцаў з 5 асноўных паказчыкаў выкананы 4 (акрамя нарматыву забяспечанасці ўрачамі першаснага звяна з-за неўкамплектаванасці Падлескай, Ліпскай і Навасёлкаўскай урачэбных амбулаторый). Па словах галоўнага ўрача, у наступным годзе з прыходам маладых спецыялістаў кадравае пытанне можа быць вырашана.

У раёне адзначаецца перавышэнне нарматыву забяспечанасці месцамі ў стацыянарах медустаноў (на 1000 чалавек патрабуецца – 7, у нас – 7,8). Будзе праводзіцца паэтапная аптымізацыя фонду.

На сесіі ўзнята праблема неэфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы райбальніцы, вельмі мала аказваецца платных паслуг. Пры тым, што выдатная база фізіятэрапеўтычнага аддзялення, шырокі пералік працэдур, якія можна атрымаць. А вось па нейкіх прычынах наяўныя рэсурсы не выкарыстоўваюцца.

На сесіі разгледжаны іншыя пытанні. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *