10:0 на карысць Ляхавічаў

У Брэсце прайшоў абласны тур рэспубліканскага турніру па футболе сярод дзяўчат, чый узрост не перавышае 12 гадоў. Сярод 8 каманд-удзельніц значылася і дружына Ляхавіцкага раёна. У стартавай сустрэчы ляхавіцкія футбалісткі не пакінулі шанцаў камандзе з Драгічынскага раёна (4:0), з такім жа вынікам абыгралі каманду “Брэст-2”. У трэцяй гульні ляхавічанкам супрацьстаялі баранавіцкія спартсменкі. Паядынак складваўся няпроста, аднак завяршыўся нашай мінімальнай перамогай (1:0).

Як і прагназавалася, у фінале мы трапілі на каманду Брэсцкай СДЮШАР-5. Гульня выдалася вельмі напружанай, а яе лёс вырашыў адзін трапны ўдар у выкананні ляхавіцкай гімназісткі Анастасіі Пабягайла. 1:0, і мы – лепшыя. Дарэчы, на рахунку Насці на гэтым турніры 7 галоў. Двойчы галявымі ўдарамі адзначылася яшчэ адна гімназістка Дар’я Гатоўчыц, адным – вучаніца Начаўскай СШ Аксана Глазунова. Што паказальна, пры дзесяці забітых на працягу спаборніцтва галах, нашы футбалісткі здолелі захаваць свае вароты “сухімі”. У чым безумоўная заслуга варатара Караліны Калюбка (Начаўская СШ), абаронцаў Дар’і Дараневіч (Начаўская СШ) і Валянціны Ляўковіч (гімназія).

Як падзяліўся падрабязнасцямі трэнер-выкладчык ДЮСШ Васілій Бут-Гусаім, па выніках турніру 4 юныя ляхавіцкія футбалісткі “адабраліся” ў склад каманды вобласці.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *