Цяжка ў вучэнні. У Ляхавічах правялі камандна-штабныя вучэнні

Камандна-штабныя вучэнні з маніторынгам выканання заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад над-звычайных сітуацый і грамадзянскай абароны –мерапрыемства планавае і рэгулярнае. Нават просты пералік задач, заяўленых да выканання на працягу некалькіх вучэбных дзён, дае ўяўленне пра маштабнасць падзеі.

Сярод гэтых задач – удасканаленне навыкаў кіравання пры ліквідацыі магчымых надзвычайных сітуацый, праверка рэальнага і, пры неабходнасці, карэкціроўка планаў па абароне насельніцтва і тэрыторый ад НС, праверка каналаў апавяшчэння насельніцтва аб узнікненні або пагрозе ўзнікнення НС, адпрацоўка пытанняў забеспячэння функцыянавання аб’ектаў жыццядзейнасці і правядзення аварыйна-выратавальных работ, вызначэнне гатоўнасці суб’ектаў гаспадарання да выканання задач ва ўмовах надзвычайных абставін і многае іншае.

У першы, па сцэнарыі “мірны” дзень вучэнняў пераважала тэорыя. Адпрацоўваліся пытанні дзеяння і ўзаемадзеяння раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, службаў, арганізацый, падраздзяленняў, службовых асоб у выпадку паступлення сігнала аб узнікненні НС. Уводная “штармавое папярэджанне” выступала ў якасці прыкладу: навальніца, шквалісты вецер і, як наступствы прыроднага катаклізму, – пашкоджанні, разбурэнні, паваленыя дрэвы, абясточванні аб’ектаў у выніку абрываў ЛЭП. Якімі ў падобнай сітуацыі павінны быць дзеянні, напрыклад,кіраўніцтва раёна электрасетак, райбальніцы, жылкамунгаса, іншых службаў? Ацэнку адказам-дзеянням кіраўнікоў выносілі спецыялісты Брэсцкага аблупраўлення МНС. Яны ж “праманіторылі” тэрыторыі Жарабковіцкага і Начаўскага сельсаветаў, СВК “Жарабковічы”, райпо, ЦРБ, РЭС і камунгас адносна выканання заканадаўства ў галіне абароны ад НС і грамадзянскай абароны.

У гэты ж дзень камунальнікам тэорыю прыйшлося пацвердзіць практыкай: вынікам умоўнай аварыі стала адключэнне электраэнергіі на водазаборы. Якасць і паўнату дзеянняў па арганізацыі водазабеспячэння горада ва ўмовах НС ацаніла кіраўніцтва камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме. Ацаніла станоўча, як, дарэчы, і дзеянні па яшчэ адной уводнай.

Гатоўнасць якасна дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі практыкай пацвердзілі і некаторыя іншыя арганізацыі, установы,органы кіравання.

Другі этап камандна-штабных вучэнняў пачаўся з пасяджэння савета абароны раёна, рашэннем якога народна-гаспадарчы комплекс Ляхавіччыны пераведзены на ўмоўныя “ваенныя рэйкі”. Многія жыхары горада і раёна, магчыма, чулі 23 верасня ў 9.30 паведамленне па радыё: “Увага ўсім” з інфармацыяй аб правядзенні вучэнняў, алгарытме дзеянняў у выпадку, калі, не дай бог, прагучыць невучэбная “Увага ўсім”.

Кіраўніцтва вучэннямі ацаніла таксама гатоўнасць абароннага збудавання СШ №1, арганізацыю работы пункта выдачы сродкаў індывідуальнай аховы ПМС, гатоўнасць перасоўнага пункта харчавання райпо да працы ў зонах ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Але квінтэсенцыяй вучэнняў варта прызнаць пастаноўку практычных дзеянняў па правядзенні аварыйна-выратавальных работ. Вучэбным палігонам стала тэрыторыя малочнага завода. Па легендзе, у выніку дыверсіі ў вытворчым памяшканні прадпрыемства адбыўся выбух, здарылася частковае разбурэнне будынка, узнік пажар, ёсць пацярпелыя…

Яшчэ да прыбыцця на месца здарэння разлікаў РАНС, у “бой” уступаюць так званыя фарміраванні грамадзянскай абароны. На малочным заводзе іх некалькі: група аховы грамадскага парадку арганізоўвае “ачапленне” тэрыторыі, у звяна пажаратушэння свая адмысловая функцыя. Пад’ехаўшыя прафесіяналы дэблакіруюць і перадаюць пад апеку хуткай дапамогі “пацярпелага”. Тут як тут рамонтна-аднаўленчая брыгада электрыкаў, аўтакран і пагрузчык ЖКГ, грузавы аўтамабіль ПМК-17. Першачаргова-неадкладныя дзеянні ў зоне НС праведзены аператыўна. Службы паказалі сваю падрыхтаванасць, зладжанасць дзеянняў. Адбой вучэбнай трывогі!

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *