Першы выхад Агаты ў свет. У Ляхавічах выдана сотае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці

Шчаслівая чацвёрка Завадскіх.

Ціхамірна пасопваючы на руках таты, у ажурным белым канверце для нованароджаных маленькая Агата ў суправаджэнні мамы, бабулі, старэйшага браціка Паўлушы “адправілася” за першым у сваім жыцці афіцыйным дакументам – пасведчаннем аб нараджэнні. На 2 кастрычніка прыпала яе першае падарожжа.

Да звычайнай, здавалася б, падзеі – рэгістрацыі, у аддзеле загса рыхтаваліся асабліва. Па-першае, гэта пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці сёлета юбілейнае – дакумент за нумарам 100. Па-другое, упершыню рэгістрацыя нованароджанай праводзілася на беларускай мове.

– Ёсць у народзе прыкмета: чакаючы дачку ці сына, на самыя лепшыя кветкі глядзець павінна жанчына, – пачала ўрачыстасць начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак, звяртаючыся да бацькоў Агаты. Твары Марыны і Дзяніса Завадскіх свяціліся радасцю і шчасцем: у іх сям’і доўгачаканае і такое прыгожае папаўненне. 21 верасня моцным крыкам абвясціла пра сваё нараджэнне іх дачушка. З нецярпеннем чакаў прыезду з раддома мамы з сястрычкай, пра якую так марыў, сямігадовы Паўлік. А калі, нарэшце, убачыў Агату – вельмі здзівіўся: яна ж зусім маленькая, не размаўляе. Як жа з ёй гуляць?

–Хоць урачы пасля ўльтрагукавога даследавання і пераконвалі, што будзе дзяўчынка, да апошняга  сумнявалася. Усе прыкметы, якія ведала, гаварылі на карысць хлопчыка. Таму імя падбіралі для сына. Але вельмі ўзрадавалася, калі нарадзілася яна, наша Агатушка, – расказвае маладая маці Марына. – Дачушка, праўда, капрызная, як і належыць быць дзяўчынцы. Але нічога, нас многа, справімся!

Тата Дзяніс хоць і імкнецца быць строгім (як-ніяк служыць у міліцыі), але раз-пораз прыадкрывае канверт, каб паглядзець, як там дачушка. Дарэчы, і мама, і бабулі заўважылі: калі малая плача, бацьку дастаткова ўзяць яе на рукі – тут жа сціхае.  Гавораць, што паміж імем, дадзеным чалавеку пры нараджэнні, і яго далейшым лёсам існуе трывалая сувязь. Агата ў перакладзе з грэчаскай мовы – добрая. Марына і Дзяніс упэўнены, што дзяўчынка будзе менавіта такой. А іх любові, пяшчоты, сіл і энергіі хопіць, каб яна і яе брацік раслі ў радасці і шчасці.

І вось урачысты момант. Пасведчанне аб нараджэнні – дакумент, які суправаджае чалавека ўсё жыццё – уручаецца бацькам новай жыхаркі нашага райцэнтра Агаты Дзянісаўны Завадскай. З такой важнай падзеяй нованароджаную і яе родных прыйшлі павіншаваць калегі Марыны па рабоце, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Канешне ж, гучалі пажаданні самага лепшага і малышцы, і яе родным, уручаліся кветкі і падарункі.

На бацькоўскім шляху будуць і радасці, і хваляванні, бяссонныя ночы і сонечныя дні шчасця, калі дзяўчынка скажа першыя словы, зробіць яшчэ няўмелыя першыя крокі, стане школьніцай, уступіць у самастойнае жыццё. І заўсёды надзейнай апорай, абаронай і падтрымкай будуць самыя галоўныя людзі на свеце – маці і бацька.

Дарэчы, як расказала Людміла Палтарак, у мінулым годзе сотае дзіця было зарэгістравана ў апошні дзень верасня. Так што дэмаграфічны графік вытрымліваецца. Увогуле ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года сёлета за 9 месяцаў выдадзена на 19 пасведчанняў аб нараджэнні больш, на 30 больш зарэгістравана шлюбаў.  Для маленькай Агаты, урачыстая цырымонія прайшла ў прамым сэнсе ў сне – яна ціхенька спала з усмешкай на прыгожым тварыку.  А пасля рэгістрацыі дружная сям’я адправілася дадому – ва ўласную ўтульную кватэру, якую пабудавалі з дзяржаўнай падтрымкай у выглядзе льготнага крэдыту ў новым мікрараёне па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *