Ода эканамісту. У Ляхавічах прайшла штомесячная рабочая сустрэча кіраўнікоў і галоўных эканамістаў прадпрыемстваў раёна

Падчас наведвання ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». У цэнтры – старшыня аблсавета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў.

Штомесячная практыка правядзення рабочых сустрэч прамыслоўцаў раёна, у складзе кіраўнікоў і галоўных эканамістаў прадпрыемстваў прадоўжана. Гаспадаром чарговай планёркі стала ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Дадатковую статуснасць ёй надаваў удзел старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава.

Нестандартнасць жа бачыцца ў тым, што на гэты раз як ніколі многа гаварылася аб ролі галоўных эканамістаў, увогуле, эканамічных службаў прадпрыемстваў. Маўляў, павінны быць наватарамі, мозгам, аналітычным цэнтрам, лоцманамі вытворчай палітыкі сваіх прадпрыемстваў. Абавязаны да дробязей валодаць сітуацыяй і аператыўна “званіць” кіраўніку, нават наконт самага нязначнага павышэння сабекошту прадукцыі. На якім этапе тэхналагічнага працэсу адбыўся рост? На колькі? Што стала прычынай, і як вярнуцца на “базу”? Карацей, іх граматнасць ляжыць у аснове поспеху прадпрыемства. І наадварот, калі граматнасць знаходзіцца на недастатковым узроўні. Але непрыемная праўда ў тым, што, як адзначалася неаднойчы і ў розных інтэрпрэтацыях, некаторыя вытворчасці губляюць прэстыж сваёй эканамічнай службы.

У працяг тэмы нестандартнасці. Па меркаванні Сяргея Ашмянцава, часта іменна адыход ад трафарэтных схем работы, інавацыйнасць, іскрынка ў працы з’яўляюцца галоўнымі фактарамі паспяховай эканомікі прадпрыемства, арганізацыі, установы. Варта памятаць пра рэкламу, праяўляць маркетынгавую пластычнасць і ў той жа час быць настойлівым у прасоўванні свайго тавару. Таварам з’яўляецца і гандлёвая марка ў тым выпадку, вядома, калі заваёўвае аўтарытэт, становіцца пазнавальнай. Колькі заўгодна прыкладаў можна прывесці, калі вырабы параўнальнай якасці і спажывецкіх характарыстык адрозніваюцца па цане ў разы. Толькі таму, што адзін прадаецца пад “раскручанай” маркай, а лагатып другога нічога не гаворыць пакупніку. Старшыня аблсавета дэпутатаў звярнуў увагу на таматны соус “Мінскі”, які ў той дзень якраз сыходзіў з канвеера кансервавага завода. Не здаецца дысанансам: “Мінскі” – з ляхавіцкага канвеера?

Таматны соус займае ўсяго толькі адну і не першую пазіцыю ў спісе з амаль сотні найменняў агароднінных і фруктовых кансерваў завода.Вядомы ўсяму раёну, але адзінкавы ў маштабах галіны факт: істотная іх частка ўяўляе сабой прадукт перапрацоўкі ўласнага “агарода”. 130 гектараў ворыва ў якасці падсобнай гаспадаркі вельмі выручаюць, з’яўляюцца дадатковай казырнай картай у калодзе ляхавіцкіх вытворцаў кансерваванай агародніны. Падсобная гаспадарка вельмі выручае, у многім, дзякуючы іменна ёй удаецца трымацца на рынку. У адрозненні ад шэрагу іншых роднасных заводаў, якія ўжо ліквідаваны або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Дарэчы сказаць, гэту сітуацыю ляхавіцкі кансервавы імкнецца паставіць сабе на карысць: параўнальна нядорага набывае для сябе патрэбнае абсталяванне былых канкурэнтаў.

Але ці вялікі ў тым сэнс – ставіць на ўзбраенне маральны хлам? Ці не дальнабачней – пераплаціць, але купіць нешта новае, сучаснае, інавацыйнае? Пытанні-сумненні такога кшталту задаў дырэктару завода Леаніду Лейчанку старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Як падалося, адказ не зняў у кіраўніка раённай вертыкалі сумненні.

Адчувальны “ціск” на эканоміку кансервавага аказваюць крэдытныя абавязкі. У тым ліку і ці не ў першую чаргу валютная банкаўская пазыка на будаўніцтва новага цэха. У пераліку на беларускія рублі 6 гадоў назад гэта была адна сума. Разлікі па крэдыту ажыццяўляліся рэгулярна. Аднак і на вялікі жаль курс валюты не стаяў на месцы. Сказанае праявілася тым, што сённяшняя сума доўгу ў беларускіх рублях утрая перавышае аналагічную першачарговую лічбу. Пры тым, што, дадаткова адзначым, разлікі вядуцца на падставе агаворанай схемы. Кансервавы завод, дарэчы і ў тэму будзе сказаць, адно з трох прадпрыемстваў раёна, на якіх не “вісяць” пратэрмінаваныя крэдыты. Кампанію яму складаюць таксама малочны і торфабрыкетны.

Тэзіс “працаваць не на склад” з’яўляецца вядомай аксіёмай эканамічнай тэорыі і вытворчай практыкі. Таксама вядома, што ў ліку асабліва балючых праблем многіх беларускіх вытворцаў значыцца затаваранасць прадукцыяй. Не бліскуча ў гэтым плане выглядае і мясцовы кансервавы. Але і не крытычна: пры максімальна дапушчальных 125, склад завода запоўнены на 120 працэнтаў сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Калі ж глянуць на прамысловасць раёна ў цэлым, можна зрабіць выснову аб выраўноўванні сітуацыі. На дзень, калі праходзіла гэта рабочая сустрэча, дакладных канчатковых вынікаў работы за 9 месяцаў года яшчэ не было. Але, як прагучала ўжо ў ходзе абмеркавання, калі пакінуць за дужкамі ПМК-17, стратных прадпрыемстваў у раёне не будзе. Хаця, што абсалютна відавочна, лёгка таксама не будзе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Соус «Мінскі» на ляхавіцкім канвееры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *