Калійна-фосфарны асадак, аднак…

Каб атрымаць багаты ўраджай, не абысціся без тукаў. Як расказаў аграном-аграхімік абласной станцыі хімізацыі Генадзій Русін, у кожнай гаспадарцы павінен быць распрацаваны план унясення ў глебу мінеральных удабрэнняў. Раз у 4 гады праводзіцца аналіз глебы на ўтрыманне пажыўных элементаў, у тым ліку гумусу, фосфару, калію, вызначаецца кіслотнасць. Зыходзячы іменна з гэтых параметраў уносяцца мінеральныя ўдабрэнні ў СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, “Жарабковічы” і тут заўсёды добры ўраджай.

Як выкарыстоўваюць мінеральныя тукі ў іншых сельгаспрадпрыемствах? У асноўным, дзейнічае прынцып: што ёсць у наяўнасці, тое паклалі ў глебу. Сяўба азімых культур патрабуе збалансаванай мінеральнай запраўкі кожнага гектара. Між тым, фосфарнымі тукамі сельгаспрадпрыемствы раёна забяспечаны толькі на 25 працэнтаў да патрэбнасці. Найменш (14 працэнтаў) іх ёсць у СВК ”Тальмінавічы”. Лепш абстаяць справы з калійнымі – 94 працэнты да патрэбнасці. Але зноў жа ў СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра” іх мізэр. Гэтыя сельгаскааператывы карыстаюцца запасамі, зробленымі за кошт бюджэтных сродкаў. Мінеральныя ўдабрэнні каштуюць нятанна, а сваіх грошай, як правіла, не хапае. У такой сітуацыі варта яшчэ больш ашчадна ставіцца да запасаў. На жаль, гэта разумеюць не ўсе.

Напрыклад, у “Тальмінавічах” пад склад мінеральных удабрэнняў прыстасавалі старое сенасховічша: дзіравая страха, сцены, дажджы льюць прама на складзіраваныя тукі – прападае і тое, што ёсць. У СВК “Ліпнянка” склад размясцілі… у чыстым полі, ён нават не ахоўваецца. А нядаўна бура часткова раскрыла памяшканне, і сітуацыя вельмі нагадвае тальмінавіцкую. Патрабуецца рамонт склада і ў СВК “Востраў-Агра”.Наогул, тыпавыя памяшканні для захоўвання мінеральных удабрэнняў ёсць толькі ў СВК ”Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, адно – у “Шляху новым”, але для такой маштабнай гаспадаркі гэтага мала, таму тукі часова складзіруюцца ў зубелевіцкіх мехмайстэрнях пад навесам. У ДП “Нача” тэрмінова вядуць рэканструкцыю старых свінарнікаў пад складскія памяшканні.

Правільнае захоўванне мінеральных удабрэнняў і сродкаў аховы раслін – гэта не толькі клопат пра ўрадлівасць гектара, але і пра экалогію. Як паведаміў галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч, у апошнія гады ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна складзіруюць тукі і пестыцыды ў аддаленых ад вадаёмаў месцах, выключаны выпадкі, калі размытыя рэчывы траплялі ў ваду.

Урач-гігіеніст райЦГіЭ Таццяна Васілеўская нагадала, што работа з пестыцыдамі (сродкамі аховы раслін), аграхімікатамі і мінеральнымі ўдабрэннямі рэгламентуецца санітарнымі нормамі і правіламі. На жаль, яны часта парушаюцца. Пад наглядам санітарнай службы раёна знаходзіцца 19 суб’ектаў гаспадарання, з іх 9 – сельгаскааператывы, ільнозавод, ільнонасенстанцыя, кансервавы завод, 7 фермерскіх гаспадарак. Сёлета правераны практычна ўсе сельгаскааператывы і фермерскія гаспадаркі, парушэнні выяўлены ў 11 суб’ектах гаспадарання. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8 службовых асоб і адна юрыдычная. Па адным факце матэрыялы накіраваны ў суд: за ігнараванне прадпісання вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Сярод выяўленых парушэнняў – несвоечасовае праходжанне медыцынскіх аглядаў, людзі не падрыхтаваны да работы з пестыцыдамі, аграхімікатамі і мінеральнымі ўдабрэннямі. Зарэгістраваны выпадкі парушэння нормаў і правіл прымянення пестыцыдаў, амаль не кантралюецца астаткавая колькасць рэчываў. Усё гэта стварае патэнцыяльную пагрозу забруджвання навакольнага асяроддзя і можа прычыніць шкоду здароўю людзей.

Безумоўна, мінеральныя тукі – рэч надзвычай патрэбная. Але толькі тады, калі пры іх прымяненні і захоўванні дзейнічае строгі кантроль.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *