Школьны вальс для настаўніка. Прыгожа і ярка адзначалі настаўнікі Ляхавіцкага раёна прафесійнае свята /фота/

Прадстаўнікі педагагічнай дынастыі Буцько і іх сямейная гісторыя.

Прыгожа і ярка адзначалі настаўнікі раёна прафесійнае свята. Цэнтрам падзеі стаў гарадскі Дом культуры.  У мінулую пятніцу школьнікі з віншавальнымі паштоўкамі сардэчна віталі педагогаў яшчэ на ўваходзе, а фае ГДК пераўтварылася ў фларыстычную выставу – так установы адукацыі раёна віншавалі сваіх калег.

Словы шчырай удзячнасці педагогам за мудрасць, вернасць і адданасць прафесіі выказаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і ўручыў ветэранам педагагічнай працы і настаўнікам узнагароды райвыканкама і райсавета дэпутатаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама і абкама работнікаў адукацыі і навукі. Свет дзяцінства цалкам залежыць ад дарослых, у тым ліку ад майстэрства педагогаў і іх душэўнай шчодрасці, адзначыў у сваім віншаванні кіраўнік раёна і пажадаў усім моцнага здароўя, творчых поспехаў, радасці і задавальнення ад працы.

А на сцэне разгортвалася святочнае дзейства, якое суправаджалася добрымі і цёплымі словамі, музычнымі сюрпрызамі і мастацкімі нумарамі. Школьнікі і дашкаляты танцавалі, пелі, расказвалі вершы, разважалі пра значнасць настаўніцкай справы. Віншавала калег і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Горача вітала зала ветэранаў-юбіляраў – 85-гадовых Раісу Сініцу, Уладзіміра Сокала і Людмілу Ясевіч, шаноўных 80-, 75-, 70-гадовых юбіляраў – іх вопыт бясцэнны, а напрацоўкі нават з гадамі не страчваюць сваёй актуальнасці. Ім – кветкі ад райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза.

Сем’і, дзе з пакалення ў пакаленне прысвячаюць сябе настаўніцкай справе, – не рэдкасць у раёне. 11 педагагічных дынастый раёна – якая ж гэта прафесіянальная сіла і які гонар! Самая шматлікая сярод іх – дынастыя Буцько.

Пачатак ёй паклала Лізавета Буцько (у дзявоцтве Шыбко), якая закончыла царкоўна-прыходскую школу і настаўнічала ў Будаўскай пачатковай. Лізавета Максімаўна разам з мужам выхавалі 4 дзяцей, а тыя падарылі ім 13 унукаў і 28 праўнукаў.

З 45 прадаўжальнікаў роду 19 абралі навучанне і выхаванне дзяцей справай свайго жыцця, а іх жонкі і мужы пашырылі дынастыю да 27 чалавек! Дастойнымі прадаўжальнікамі сямейных традыцый Лізаветы і Фелікса Буцько сталі ўнукі Міхаіл ( 28 гадоў узначальваў вучэбна-вытворчы камбінат у райцэнтры), Ганна Шпак (34 гады працавала настаўніцай Куршынавіцкай СШ),  3 дзесяцігоддзі аддае сэрца маленькім гарэзам у дзіцячым садзе № 3 выхавальнік Таццяна Малышка. Сярод прадстаўнікоў дынастыі Буцько і сённяшні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – падарунак дружнай і вялікай настаўніцкай сям’і.

Адметны след на ляхавіцкай зямлі пакінуў паэт Кастусь Турко. Зборнікі яго вершаў усім прысутным перадала жонка Зоя Осіпава. Дарэчы, таксама настаўніца, доўгі час выкладала ў СШ № 2 рускую мову і літаратуру.

Выдатным віншаваннем настаўнікам Ляхавіччыны ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі стала выступленне фіналістаў конкурсу “Новыя галасы для любімай краіны” і іх зорных настаўнікаў Эдуарда Ханка, Ірыны Дарафеевай, Вольгі Плотнікавай. Яркае феерычнае шоу прайшло на адным дыханні, падарыўшы незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі, зарад энергіі і аптымізму.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Школьны вальс для настаўніка. Прыгожа і ярка адзначалі настаўнікі Ляхавіцкага раёна прафесійнае свята /фота/

  • 07/10/2015 в 23:25
    Permalink

    Со школой связаны самые тёплые и добрые воспоминания. Наши учителя самые-самые. Возились с нами как с родными, переживая и радуясь за учеников. С праздником вас, дорогие!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *