Вяртанне Кнігі Кніг

У дні калядных свят Ляхавіцкая цэнтральная бібліятэка атрымала шыкоўны падарунак. Тут з’явілася факсімільнае выданне Слуцкага Евангелія 1582 года, якое з’яўляецца адной з нацыянальных праваслаўных святынь беларускага народа. Дарэчы, факсімільнае выданне Слуцкага Евангелія атрымалі спачатку буйнейшыя бібліятэкі Беларусі, а затым і бібліятэкі ўсіх раёнаў. Гэта гаворыць пра тое, што роля бібліятэкі ў жыцці сучаснага грамадства не страчваецца, а, наадварот, узмацняецца. Цяпер радкі свяшчэннай кнігі даступныя не толькі выбраным. Магчымасць вывучаць Святое Пісанне ў арыгінале, няхай сабе і растыражыраваным, для людзей дасведчаных, а тым больш веруючых, дарагога каштуе. Тыраж гэтага духоўна-асветніцкага выдання складае ўсяго 500 экзэмпляраў. Кніга перададзена ў распараджэнне праваслаўнай царквы і ў бібліятэкі.
Гэта падзея стала магчымай дзякуючы сумеснаму праекту “Вяртанне святынь” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Дарэчы, выдавецтва Беларускага Экзархата за падрыхтоўку і выпуск гэтай кнігі, за сваю духоўна-асветніцкую дзейнасць удастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелія, якое па значнасці параўноўваюць з Крыжам прападобнай Еўфрасінні Полацкай, было складзена ў 2009 годзе па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. Гэтую адказную работу ўзяў на сябе калектыў выдавецтва Беларускага Экзархата. Кніга была на-друкавана на Мінскай фабрыцы каляровага друку і ў друкарні “Чырвоная Зорка”. Слуцкае Евангеліе паступіла ў фонд бібліятэкі ў вы-глядзе камплекта з трох кніг: непасрэдна само факсімільнае выданне Евангелія, дзе ўзноўлены аўтэнтычны выгляд кнігі, а таксама ў якасці дадатку дзве кнігі: “Слуцкае Евангеліе. Даследаванне рукапісу” і “Слуцкае Евангеліе. Узноўлены тэкст”. Практычна адначасова была створана і электронная версія рукапіснага пом-ніка. Гэта зрабіла кнігу даступнай для шырокага кола даследчыкаў. Дарэчы, стварэнне электроннай версіі кнігі благаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. А практычную рэалізацыю ўзялі на сябе спецыя-лісты інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Што ўяўляе сабой сама каштоўная рэліквія? Слуцкае Евангеліе напісана на царкоўнаславянскай мове на 263 старонках у дзве калонкі па 20 радкоў на “царапанай” (чарпанай) паперы з выкарыстаннем кінавары і золата. Упершыню пры яго напісанні адмовіліся ад пергаменту. Так званая чарпаная папера выраблена ў Паўночнай Італіі па спецыяльнай тэхналогіі. Пры знаёмстве з арыгіналам ствараецца ўражанне, што выдадзена кніга літаральна некалькі гадоў назад: ні чарвяточыны, ні плесені. Цікава, што ў той час два італьянскія заводы працавалі на тое, каб выпусціць толькі адну кнігу. Так што можаце сабе ўявіць, якая яе гістарычная каштоўнасць.
У кнізе маюцца каляровыя застаўкі. Пераплёт ХІХ стагоддзя зроблены з тоўстага кардону ў малінавым аксаміце, маецца аклад. У растыражыраванай версіі Евангеліе мае кардонную вокладку, абцягнутую чырвонай тканінай. На першым лісце – запіс княжацкага спавядальніка пратапопа Малафея аб тым, што гэту кнігу запісаў уласнаручна князь Юрый Алелькавіч. Па ўзроўні выканання гэтаму выданню на сённяшні дзень няма аналагаў у Беларусі.
Цікавая гісторыя вяртання Кнігі Кніг. Свяшчэннік аднаго з прыходаў Мінскай епархіі адпраўляў абрад адпявання сваяка адной з прыхаджанак. У якасці падзякі яна перадала святару кнігу, якую нябожчык некалі ўратаваў ад знішчэння. Як рукапіс трапіў у рукі простага прыхаджаніна, да гэтай пары невядома. Навуковая экспертыза дазволіла зрабіць вывад, што гэта кніга – Слуцкае Евангеліе. У 2003 годзе на Епархіяльных чытаннях, прысвечаных 210-годдзю Мінскай епархіі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўпершыню прадставіў прысутным арыгінал кнігі, якая зараз захоўваецца ў дамавым храме, пабудаваным у гонар Сабора беларускіх святых.
Святыні вяртаюцца. Аднойчы створаныя, яны не павінны знікаць, таму што існуюць для таго, каб праз стагоддзі саграваць нас цяплом сваіх стваральнікаў.
Лёс Слуцкага Евангелія – таму яскравы прыклад. Менавіта духоўнай апоры часта не хапае сучаснаму чалавеку. Не хапае арыенціраў і каштоўнасцяў, якія былі непарушнымі для нашых продкаў. І вяртанне нацыянальных святынь – маяк у пошуку гэтых самых арыенціраў.
Вядома, што з ХІ па ХVІ стагоддзе на тэрыторыі Беларусі былі выдадзены 27 рарытэтаў духоўна-асветніцкага зместу. І сёння ў планах выдавецтва – факсімільнае выданне Полацкага Евангелія, якое мае яшчэ больш шаноўны ўзрост і датуецца ХII стагоддзем. Яго тэксты знаходзяцца ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Зараз спецыялісты працуюць над сканіраваннем і пераводам кнігі ў лічбавы фармат.
Нельга не адзначыць вялікі ўклад выдавецтва Беларускага Экзархата ў духоўную асвету падрастаючага пакалення. За апошні год фонды бібліятэк раёна папоўніліся значнай колькасцю кніг духоўнай тэматыкі. Гэта і мастацкая літаратура, і публіцыстыка, і электронныя дакументы. Усіх, хто не раўнадушны да адраджэння духоўнасці беларусаў, хто любіць чытаць і пазнаваць новае, хто імкнецца ўзбагаціць свой розум і сваю душу мудрасцю, назапашанай мінулымі пакаленнямі, за-прашаем у бібліятэку. Кнігі адзначанай тэматыкі вы знойдзеце ў куточках духоўнасці, якія аформлены практычна ў кожнай бібліятэцы раёна. Чакаем вас!
Іна РУШНІЦКАЯ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *