Прышчэпка. І не інакш

Медыкі ў сваім меркаванні адзіныя: самы эфектыўны сродак прафілактыкі грыпу – вакцынацыя. З 1 кастрычніка яна і пачалася, у тым ліку і ў нашым раёне.

Праводзіцца як за бюджэтныя сродкі, так і за сродкі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і асабіста грамадзян. На гэтыя мэты закуплена неабходная колькасць доз вакцыны. Бясплатна (за кошт рэспубліканскага бюджэту) прышчэпкі зробяць дзецям ад 6 месяцаў да трох гадоў, пажылым людзям, старэйшым за 65 гадоў, цяжарным, дзецям і дарослым са зніжаным імунітэтам (каля 3700 чалавек). За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў – выхаванцам дзіцячых садкоў, школьнікам, навучэнцам, медработнікам і некаторым іншым катэгорыям грамадзян (больш за 5000 чалавек). Па папярэдніх заяўках прадпрыемстваў за іх кошт вакцынацыю атрымаюць 2200 работнікаў.

Па даных Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у эпідэмічным сезоне 2014-2015 года на Брэстчыне, дзякуючы імунізацыі, папярэджаны эканамічныя страты дзяржаве ў памеры больш за 85 мільярдаў рублёў. А яшчэ даследаванні даказваюць, што зробленыя прышчэпкі папярэдзілі хваробу ў 80-90 дзяцей са 100 прышчэпленых.

Дарэчы, як паведамілі ў райбальніцы, сёлета Міністэрства аховы здароўя змяніла пастаўшчыка прэпарата для бясплатнай вакцынацыі. І калі з 2010 года ў краіне цэнтралізавана закупляўся флюваксін кітайскай вытворчасці, то на гэты раз тэндар выйграла расійская кампанія – вытворца вакцыны грыппол. Медыкі сцвярджаюць, што па якасці яна не горш папярэдняй, да таго ж уздзеянне імунамадулятараў, якія ўваходзяць у яе склад, могуць зніжаць узровень іншых распіраторных захворванняў. Як адзначыла ўрач-валеолаг райбальніцы Таццяна Усцюшкова, гэта вакцына практычна бясшкодная, заразіцца прэпаратам немагчыма, бо ўсе вірусы ў ім абясшкоджаны.

На платнай аснове будзе выкарыстоўвацца французскі прэпарат ваксігрып і галандскі інфлювак. Платная прышчэпка абыдзецца ў суму ад 60 да 100 тысяч рублёў у залежнасці ад выбранага прэпарата.

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе, – калі рабіць прышчэпку. Медыкі аднагалосна рэкамендуюць: найбольш спрыяльны перыяд – кастрычнік-лістапад, таму што прэпарат пачынае дзейнічаць праз 2-3 тыдні і абараняе арганізм на працягу наступных 6-9 месяцаў.

–Адзінае супрацьпаказанне для прышчэпкі – папярэднія алергічныя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны ці алергія на бялок курынага яйка, – гаворыць Таццяна Усцюшкова. Пры вострай фазе распіраторных захворванняў ці абвастрэнні хранічных хвароб вакцынацыя адкладваецца да выздараўлення.  Што датычыцца народных сродкаў у барацьбе з грыпам, то ўрач-валеолаг адзначае іх неэфектыўнасць:

– Народныя сродкі дапамагаюць умацаванню імуннай сістэмы. Напрыклад, у тым жа часнаку ўтрымліваюцца эфірныя алеі, якія стрымліваюць рост бактэрый, але не валодаюць супрацьвірусным дзеяннем. І яшчэ. Пры першых жа сімптомах захворвання ўрачы раяць пацыентам не хадзіць на работу ці вучобу, не наведваць грамадскія месцы, а застацца дома. Не займацца самалячэннем, а звярнуцца да медыкаў. Усяго адзін носьбіт віруса можа заразіць каля трох тысяч чалавек.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *