Пастаўце “бар’ер” прастудзе

Вострыя рэспіраторныя інфекцыі – інфекцыі дыхальных шляхоў, выкліканыя ў 95 працэнтах выпадкаў вірусамі. Іх яшчэ называюць ВРВІ (вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі) ці ВРЗ (вострыя рэспіраторныя захворванні). Захваральнасць ВРВІ і грыпам перавышае захваральнасць іншымі вядомымі інфекцыямі.
Вірус грыпу, трапіўшы ў арганізм праз верхнія дыхальныя шляхі, укараняецца ў слізістую абалонку і вельмі хутка там размнажаецца. Ад моманту заражэння да праяўлення хваробы можа прайсці некалькі гадзін, часам – некалькі сутак. Захворванне праяўляецца рэзкім павышэннем тэмпературы цела, галаўным болем, ламотай ва ўсім целе, болем у мышцах.
Грып і ВРВІ, паражаючы розныя органы і сістэмы, могуць выклікаць такія ўскладненні як бранхіт, пнеўманія, атыт, інфекцыі мочавыводзячых шляхоў, а таксама правакуюць абвастрэнні хранічных захворванняў.
Найбольш эфектыўным і эканамічным метадам прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя. Яна больш як у 2 разы перавышае эфектыўнасць неспецы-фічных сродкаў прафілактыкі. Вакцынацыя сучаснымі грыпознымі вакцынамі, прыгатаванымі з адпаведных штамаў і выкарыстанымі ў правільнай дозе, абараняе ад захворвання грыпам каля 80 працэнтаў здаровых дзяцей і дарослых.
У перыяд сезоннага ўздыму ВРЗ, уключаючы эпідэмію грыпу, для павелічэння супраціўляльнасці арганізма інфекцыі рэкамендуецца прымяняць прэпараты, што садзейнічаюць павышэнню імунітэту. Для гэтых мэт выкарыстоўваюцца вітаміны (С, А, групы В, што ўтрымліваюцца ў комплексах “Гексавіт”, Рэвіт”, “Дэкамевіт”, “Ундэвіт”, сіропе з пладоў шыпшыны і іншых прэпаратах), а таксама адаптагены расліннага паходжання (настойка араліі, экстракт элеўтэракока, настойка і экстракт жэньшэню). У апошнія гады папулярныя антыаксідантныя комплексы, якія ўтрымліваюць сутачную фізіялагічную норму вітамінаў. Добрым прафілактычным сродкам з’яўляецца аксалінавая мазь (дарослым і дзецям рэкамендуецца 1-2 разы ў дзень змазваць слізістую носа на працягу 20-25 дзён).
Калі вы адчуваеце сябе хворым ці ў вас сімптомы, падобныя на сімптомы грыпу, захоўвайце наступныя правілы. Тэрмінова звярніцеся да ўрача. Заставайцеся дома: не хадзіце на работу, у школу, не наведвайце грамадскія месцы. Пастарайцеся знаходзіцца ў асобным пакоі — ізалюйцеся ад астатніх членаў сям’і. Насіце марлевую павязку, не набліжайцеся да іншых людзей бліжэй чым на метр. Прыкрывайце рот і нос сурвэткамі, калі чхаеце ці кашляеце, адразу выкідайце выкарыстаныя сурвэткі. Рэгулярна мыйце рукі з мылам на працягу не менш за 20 секунд ці працірайце іх спіртаўтрымліваючым сродкам для апрацоўкі рук. Умацоўвайце імунітэт: прымайце вітаміны, ешце фрукты, агародніну, піце травяныя чаі і настоі (піць наогул трэба шмат). Праветрывайце памяшканне максімальна часта, рабіце вільготную ўборку, старайцеся падтрымліваць камфортную вільготнасць і тэмпературу паветра каля 20 градусаў. Выконвайце рэкамендацыі і назначэнні ўрача.
Мамам немаўлят важна ведаць: калі ваша дзіця захварэла, працягвайце карміць яго грудзьмі, бо мацярынскае малако – самая важная крыніца імуннай абароны для вашага малыша.
Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *