Аўтасэрвіс без дазволу

Сёлета ў сферы тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў, гандлю запчасткамі да іх у раёне заняты 7 арганізацый і  15 індывідуальных прадпрымальнікаў (у мінулым годзе адпаведна 7 і 9), ва ўсякім разе столькі зарэгістравана. Менавіта аб рабоце з такімі суб’ектамі дакладваў на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама начальнік райінспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік.

За 9 месяцаў аб’ём аказаных паслуг па аўтасэрвісе, гандлі аўтамабілямі і запчасткамі склаў 15847 мільёнаў рублёў. 1709 мільёнаў рублёў падаткаў паступіла сёлета ў бюджэт за 9 месяцаў менавіта ад дзейнасці прадпрымальнікаў, якія займаюць гэту нішу ў прыватным сектары эканомікі раёна. На прадпрыемствах працуе 54 чалавекі.

Але па-ранейшаму практыкуецца незарэгістраваная дзейнасць у запатрабаваным аўтасэрвісе. Калі выяўляецца такі грамадзянін упершыню, ён атрымлівае пісьмовае папярэджванне пра неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці прадпрымальніка. Пры паўторным факце – прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Давядзецца заплаціць адзіны падатак за перыяд, калі ён рамантаваў ці прадаваў без рэгістрацыі ў якасці ІП. Пачынаючы з гэтага года для парушальнікаў такі падатак у пяцікратным памеры.

Райінспекцыя МПЗ сумесна з супрацоўнікамі РАНС, РАУС правяла кантрольныя мерапрыемствы з мэтай выяўлення «ўхілістаў» (за 3 кварталы – 9 рэйдаў). Вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У мінулым годзе выяўлена  3 такія факты. Тым, хто незаконна аказваў паслугі па рамонце аўтамабіляў, прад’яўлены адзіны падатак у памеры 2,9 мільёна рублёў. Пасля чаго два грамадзяніна зарэгістраваліся ў якасці ІП і цяпер на законных падставах займаюцца малым бізнесам. Сёлета за  9 месяцаў на тэрыторыі горада і раёна выяўлена ўжо  5 “ухілістаў”-рамонтнікаў. Усе атрымалі афіцыйнае папярэджванне, ім прад’яўлены да аплаты сума адзінага падатку 16,9 мільёна рублёў. І зноў два ляхавічаніна аформілі ІП. Адзін з тых, хто не жадае плаціць падаткі, не згадзіўся з рашэннем інспекцыі аб спагнанні пяцікратнай стаўкі ў суме 5,5 мільёна рублёў і абскардзіў яго ў судзе. Суд адмовіў у задавальненні іску.

Яшчэ адзін прыклад. Падчас планавай праверкі дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, які рэалізоўваў запасныя часткі да аўтамабіляў, устаноўлена заніжэнне падатковай базы на 44 мільёны рублёў. У выніку “хітраму” ІП даналічана падаткаў і пені на 19 мільёнаў рублёў плюс парушальнік заплаціў 1,6 мільёна рублёў штрафу.

Анатолій Жабік расказаў, што пачалася планавая праверка АДТ “Тэхнамаш”, якое займаецца рамонтам аўто. Праведзены маніторынг аналагічных фірмаў: у “АўтаМайстарПлюс”, “Влата-Аўта”, “Аўтацэнтры “Вікторыя” парушэнняў заканадаўства не выяўлена.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *