На салодкіх плантацыях

СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – гаспадаркі, якія традыцыйна займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў. Сёлета па пасяўной плошчы, па ўраджайнасці і тэмпах уборкі лідзіруюць Жарабковічы. Бураковая плантацыя заняла тут 933 гектары, з кожнага збіраюць больш як па 470 цэнтнераў салодкіх карэнняў. Каб не ўпусціць спрыяльнае надвор’е і не траціць квоты на пастаўку буракоў на цукрова-рафінадны камбінат, “Холмер Т-3” працуе кругласутачна. Механізатараў Сяргея Салагуба і Дзмітрыя Лук’янчыка змяняюць Віктар Клемяня і Юрый Славута, якія за суткі ўбіраюць караняплоды з больш як 300 гектараў, накопваюць па паўтары тысячы тон карэнняў. Грузавыя аўтамабілі штодзень трымаюць курс на буракапрыёмны пункт: ужо адгружана 29450 тон караняплодаў высокай цукрыстасці.

У ”Шляху новым” цукровыя буракі займаюць сёлета 600 гектараў. Больш як палову плантацый убралі механізатары Уладзімір Махнач і Іван Паляшчук. 8310 тон здалі на перапрацоўку.

Яшчэ 3275 тон салодкіх карэнняў паступіла на буракапрыёмны пункт з райаграсэрвіса, дзе пад гэтую культуру сёлета адведзена 200 гектараў угоддзяў.

Пакуль што Ляхавіччына паставіла на перапрацоўчыя прадпрыемствы 41035 тон цукровых буракоў. Мяркуючы па сярэднераённай ураджайнасці (399 цэнтнераў з гектара) і па тым, што ўбрана 63 працэнты плошчаў, гэтая лічба, як мінімум, падвоіцца.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *