Такі футбол нам цікавы

Працягваецца маладзёжнае першынство Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчынак па праграме развіцця жаночага футбола ФІФА. Спаборніцтвы праходзяць ужо трэці раз і ў трох узроставых групах – сярод 10-, 12- і 14-гадовых футбалістак. Пачынаюцца з абласных адбораў і, як правіла, напрыканцы першага асенняга месяца. Як паведамляў ужо “ЛВ”, выезд у Брэст 12-гадовых футбалістак нашага раёна аказаўся пераможным: у супрацьстаянні з равесніцамі з раёнаў Брэстчыны ляхавічанкі “арганізавалі” ў агульнай колькасці 10 галоў. Пры гэтым змаглі захаваць свае вароты недатыкальнымі. Лагічным таму працягам стаў выклік трох нашых юных зямлячак у футбольную дружыну вобласці. У першых чыслах кастрычніка гімназістка Анастасія Пабягайла, вучаніцы Начаўскай СШ Карына Валынец і Караліна Калюбка ў складзе зборнай Брэстчыны выязджалі ў сталіцу краіны, дзе на палях футбольнага клуба “Мінск” прайшлі 2 стартавыя туры рэспубліканскага маладзёжнага першынства.

Як расказаў трэнер каманды, трэнер-выкладчык ДЮСШ Васілій Бут-Гусаім, у гульні са зборнай Магілёўскай вобласці зборная Брэстчыны не проста валодала ініцыятывай і сітуацыяй – поўнасцю дамінавала. Як вынік, на 7 нашых галоў саперніцы не адказалі ні разу. Заслужаная, буйная і сухая перамога. Перамога была атрымана і ў наступным матчы, хоць гульня з камандай “Мінск-1”складвалася зусім не так і вельмі няпроста. Па словах трэнера, варатар “сталічных” даставала самыя неверагодныя мячы. Доўгі час на табло захоўваўся роўны лік. Пакуль не здарыўся трапны і, як аказалася, вырашальны ўдар Карыны Валынец. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу брэсцкай каманды з лікам 3:2. Як бачым, і на гэты раз у вароты саперніц было адпраўлена 10 галоў, з якіх 6 – на рахунку нашай Анастасіі Пабягайла.

Першынство пройдзе ў 7 этапаў, пасля якіх – фінальныя гульні адбудуцца вясной і канчаткова расставяць каманды па ранжыры. Пакуль жа адным з лідараў турнірнай табліцы з’яўляюцца іменна футбалісткі Брэстчыны, якія дзеляць першае-другое месца з камандай “Мінск-2”.

Варта адзначыць, што дзіцячыя, па сутнасці, спаборніцтвы суправаджае цалкам дарослы антураж. Так, напрыклад, у цырымоніі адкрыцця турніру ўдзельнічаў старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Сяргей Румас. У якасці ганаровых гасцей нярэдка выступаюць вядомыя ў мінулым беларускія футбалісты, арбітраж ажыццяўляюць кваліфікаваныя футбольныя арбітры, выдаюцца маляўнічыя буклеты, іншае.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://www.nashkraj.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *