Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка

На выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы, паводле папярэдніх даных, 83,49 працэнта галасоў. Канчатковыя даныя будуць агучаны пасля таго, як абласныя выбаркамы і выбаркам горада Мінска падпішуць падагульняючыя пратаколы аб галасах за кожнага кандыдата.

Яўка на выбары Прэзідэнта Беларусі    склала 87,2 працэнта выбаршчыкаў

«У выбарах удзельнічала 6 102 896 грамадзян, што складае 87,2 працэнта выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. Пяць гадоў таму ў выбарах прыняла ўдзел крыху большая колькасць выбаршчыкаў – 90,6 працэнта», – адзначыла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.
На выбарах Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паводле папярэдніх даных, набраў 83,49 працэнта галасоў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,4 працэнта выбаршчыкаў. За Таццяну Караткевіч па краіне аддалі галасы 4,42 працэнта выбаршчыкаў.
Сяргей Гайдукевіч набраў 3,32 працэнта галасоў, Мікалай Улаховіч – 1,67 працэнта.
«Магчыма неістотнае змяненне паказчыкаў, паколькі яшчэ не атрыманы дадатковыя звесткі аб галасаванні грамадзян за мяжой», –  растлумачыла Лідзія Ярмошына.

ЦВК плануе 16 кастрычніка правесці падагульняючае пасяджэнне па выбарах-2015, паведаміла 12 кастрычніка журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Гаворачы аб тым, калі будзе вядомы дакладны расклад па выніках галасавання, Лідзія Ярмошына адзначыла: «Краіну ніколі нельга доўга трымаць у няпэўнасці. Мы збіраемся падвесці вынікі ў пяцідзённы тэрмін, плануем правесці пасяджэнне ў пятніцу, 16 кастрычніка».
Кіраўнік ЦВК таксама звярнула ўвагу, што пакуль не атрыманы звесткі аб беларускіх грамадзянах, якія прагаласавалі за мяжой.
Акрамя таго, Лідзія Ярмошына паведаміла, што на гэты момант скаргаў па выніках выбараў у Цэнтральную камісію не паступала.
«Ацэнка яўкі выбаршчыкаў будзе рабіцца ў час падвядзення вынікаў на кожнай тэрыторыі – дадзена такая рэкамендацыя ў выпадку паступлення скаргаў. Але мы маем інфармацыю, калі такія скаргі абвяргаюцца сведчаннямі іншых наглядальнікаў», – сказала Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК адзначыла, што «нельга ацэньваць выбары толькі па тым, хто гучней крыкнуў».
Адказваючы на пытанне, чаму такі высокі працэнт галасавання дома ў падтрымку дзеючага Кіраўніка дзяржавы, Лідзія Ярмошына растлумачыла, што яно праводзіцца, як правіла, сярод грамадзян састарэлага ўзросту – гэта электарат цяперашняга Прэзідэнта.
Што датычыць альтэрнатыўных кандыдатаў, то, на думку старшыні ЦВК, ім не хапіла палітычнай вядомасці і пазнавальнасці ў грамадстве.
«На мой погляд, ім не хапіла палітычнай вядомасці, пазнавальнасці ў грамадстве. Насельніцтва, скажам так, мела праблему з выбарам – у тым плане, калі выбар рабіўся не на карысць дзеючага Кіраўніка дзяржавы, а насельніцтва разглядала іншыя варыянты. Адсутнасць аўтарытэту і прывяла да таго, што ў нас пратэстнае галасаванне вышэйшае, чым галасаванне на карысць каго-небудзь», – лічыць Лідзія Ярмошына.

Магчымасці для  волевыяўлення былі  прадастаўлены поўнасцю

Кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі  Сяргей Лебедзеў адзначыў высокі ўзровень культуры вядзення выбарчай кампаніі кандыдатамі: «Не было кампраматаў, чорнага піяру, узаемных абраз, усе кандыдаты вялі сябе даволі інтэлігентна, паважліва ў адносінах адзін да аднаго».
Сяргей Лебедзеў канстатаваў, што ўсе чатыры кандыдаты ў Прэзідэнты даволі падрабязна і прадстаўніча прэзентавалі свае праграмы. «Я сам бачыў у цэнтральных газетах Беларусі тэксты праграм, яны мелі магчымасць выступаць на тэлебачанні, на радыё. У выбаршчыкаў, калі яны хацелі азнаёміцца з гэтымі праграмамі, праблем не было», – сказаў ён.
Паводле слоў Сяргея   Лебедзева, місія наглядальнікаў ад СНД лічыць, што выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі на альтэрнатыўнай аснове.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота перакананы, што магчымасці для волевыяўлення беларусам на выбарах былі прадастаўлены поўнасцю.
Паводле яго слоў, выконвалася тайна галасавання, буйных парушэнняў не зафіксавана. «Дробныя шурпатасці былі. То два чалавекі ў кабіну заходзілі, то пытанні па запаўненні анкеты ўзнікалі. Але ўсё гэта былі дробязі тэхнічнага характару, якія абсалютна не паўплывалі на ход галасавання і вынікі выбараў», – дадаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы.
Таксама ён адзначыў высокую яўку выбаршчыкаў і іх актыўнасць у гэту выбарчую кампанію.
Легітымнымі, дэмакратычнымі і празрыстымі прызнаюць выбары Прэзідэнта Беларусі наглядальнікі ад КНР. Кіраўнік місіі наглядальнікаў ад КНР, пасол МЗС КНР Юй Чжэньцы ў інфармацыйным цэнтры ЦВК заявіў: «Права на палітычнае волевыяўленне шляхам галасавання ў грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права, у поўнай ступені забяспечана».
Паводле яго слоў, місія наглядальнікаў ад Кітая, строга выконваючы законы і прававыя нормы Беларусі, прытрымліваючыся прынцыпаў павагі суверэнітэту, аб’ектыўнасці і справядлівасці, сумленна выканала абавязак маніторынгу. У місіі склалася ўражанне, што галасаванне праводзілася паспяхова і спакойна, парушэнняў выяўлена не было. «Выбары шырока асвятляліся беларускімі сродкамі масавай інфармацыі», – падкрэсліў кіраўнік місіі.
Гаворачы аб узроўні правядзення палітычнай кампаніі, Юй Чжэньцы звярнуў увагу, што арганізатары выбараў своечасова апублікавалі інфармацыю кандыдатаў у Прэзідэнты і эфектыўна забяспечылі права выбаршчыкаў на інфармаванасць.
Выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду дэмакратыі Раберта Банаці адзначыла: «Працэс галасавання датэрмінова і ў асноўны дзень быў добра арганізаваны».
Эксперты звярнулі ўвагу на адкрытасць працэдуры галасавання, камфортныя ўмовы, створаныя на ўчастках для выбаршчыкаў і наглядальнікаў.
Раберта Банаці расказала аб некаторых недахопах, якія заўважылі наглядальнікі альянсу. Гэтыя недахопы неістотныя, датычацца канструкцыі урнаў, фармату выбарчых бюлетэняў. Калі іх устараніць, гэта пасадзейнічае павышэнню празрыстасці выбарчага працэсу, лічыць эксперт.
Наглядальнікі альянсу місій наглядальнікаў правялі таксама маштабны маніторынг асвятлення выбарчай кампаніі ў СМІ. Яго вынікі будуць прадстаўлены ў справаздачы альянсу, дакумент плануецца абнародаваць 25 кастрычніка.
Альянс місій наглядальнікаў – гэта група міжнародных незалежных наглядальнікаў. У яе складзе прадстаўнікі Еўрапейскага інстытута Ліберці (Германія), Еўрапейскага фонду дэмакратыі (Бельгія), Альянсу еўрапейскага інстытута дэмакратыі (Францыя).
СМІ ў поўным аб’ёме выканалі місію інфармацыйнага забеспячэння выбарчага працэсу, канстатавала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
«Вынікі галасавання таго красамоўнае   пацвярджэнне. Таксама хацела б сказаць, што выбары чарговы раз пацвердзілі,  што краіна развіваецца дынамічна і ёсць падтрымка курсу Прэзідэнта Беларусі   Аляксандра Лукашэнкі», – сказала Лілія Ананіч.
Міністр інфармацыі звярнула ўвагу, што нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі не толькі размясцілі на сваіх рэсурсах праграмы кандыдатаў у Прэзідэнты, але і адсачылі да дробязей усе дэталі выбарчай кампаніі. Разам з тым яна адзначыла, што замежныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы, зарэгістраваныя за межамі Беларусі, у многім былі заангажыраваны і вялі іншую палітыку, заклікаючы да байкоту.
«Але выбар народа бясспрэчны. І сёння нам усім трэба павіншаваць Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з
выбраннем на высокую і адказную пасаду», – падкрэсліла яна.
Генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, выступаючы 12 кастрычніка ў Маскве на пашыраным пасяджэнні Пастаяннага савета АДКБ па пытаннях забеспячэння бяспекі ў Еўразіі, павіншаваў беларускі бок з паспяховым правядзеннем выбараў Прэзідэнта.
Ламберта Заньер таксама падзякаваў Рэспубліцы Беларусь за прадастаўленне мінскай пляцоўкі для вырашэння пытанняў унутрыўкраінскага ўрэгулявання. У гэтым кантэксце генеральны сакратар АБСЕ назваў Беларусь «фактарам і гарантам стабільнасці».
У адрас Аляксандра Лукашэнкі паступаюць віншаванні ў сувязі з яго пера-
выбраннем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад кіраўнікоў іншых дзяржаў, а таксама беларускіх і замежных палітыкаў, дыпламатаў, кіраўнікоў прапрыемстваў, арганізацый і грамадскіх дзеячаў.

Меркаванні

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін:
«Пераканаўчая перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах сведчыць аб высокім палітычным аўтарытэце і даверы з боку насельніцтва, а таксама аб актыўнай падтрымцы праводзімага курсу на далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны».

Сяргей Лебедзеў,  кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі:
«У цэлым мы, хутчэй за ўсё, прыйдзем да высновы, што выбары Прэзідэнта ў Беларусі адпавядалі Выбарчаму кодэксу Беларусі і агульнапрызнаным дэмакратычным нормам. Гэта мы бачым ужо цяпер. Я асабіста як старшыня місіі буду прапаноўваць такія фармулёўкі ў падагульняючае заключэнне».

Жак Фор, кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ:
«Ёсць сферы, у якіх у АБСЕ ўжо ёсць кантакты з Беларуссю, і гэтыя кантакты арганізацыя мае намер развіваць у далейшым. Размова ідзе перш за ўсё аб такіх сферах, як заканадаўства і правы чалавека».
«Беларусь – гэта еўрапейская краіна, яна мае інтарэсы ў Еўропе і хоча развіваць кантакты з еўрапейскай супольнасцю. Мэта місіі БДІПЧ АБСЕ – не толькі назіраць за выбарамі, за адной адзінкавай падзеяй. Наша работа – гэта пэўны працэс у часе, гэта не першая місія, АБСЕ супрацоўнічае з Беларуссю на працягу шэрага гадоў».
«Для работы членаў місіі БДІПЧ АБСЕ, якія прыбылі для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, у Беларусі створаны вельмі добрыя ўмовы».

Юй Чжэньцы,  кіраўнік Кітайскай міжнароднай місіі наглядальнікаў, пасол МЗС Кітая:
«Для нас вялікі гонар быць наглядальнікамі ў ходзе важнага палітычнага працэсу ў Беларусі. І хачу адзначыць, што ў нас засталося самае прыемнае ўражанне ад наведвання выбарчых участкаў у Мінску».
«Выбары ў Беларусі былі празрыстымі і дэмакратычнымі».

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК Беларусі:
«Гэта палітычнае жыццё – цяперашняя выбарчая кампанія. Нават калі параўнаць з выбарамі 2010 года, калі было 10 кандыдатаў, было заяўлена 144 грамадскія мерапрыемствы. Цяпер чатыры кандыдаты, мерапрыемстваў прайшло не менш як пяць соцень. Кандыдаты стараліся, ездзілі па гарадах, сустракаліся з выбаршчыкамі, выступалі па тэлебачанні. І насельніцтва краіны адчула гэту кампанію».

Ігар Марзалюк, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных  справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:
«Беларускі народ прадэманстраваў на гэтых выбарах, што з’яўляецца кансалідаванай нацыяй, якая надзвычай адказна ставіцца да самых галоўных выбараў краіны. Вялікая яўка выбаршчыкаў – гэта дэманстрацыя вельмі высокай палітычнай мабілізацыі беларускага народа, лічбы сведчаць аб выключнай адказнасці, грамадзянскім выбары».

Мікалай Шчокін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт:
«У чым галоўная прычына перамогі Аляксандра Лукашэнкі? У тым, што яго палітыка была арыентавана не на задаволенне інтарэсаў вузкіх, элітарных слаёў грамадства, не на той ці іншы прафесійны або сацыяльны слой, а на ўсіх беларусаў у цэлым. Выбары прайшлі не проста ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, але і што больш важна – у іх аснове былі нацыянальныя інтарэсы Беларусі як самастойнай, мірнай, моцнай і незалежнай дзяржавы. Выбары паказалі, што Лукашэнка – народны Прэзідэнт».

Па інфармацыі БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *