Мама імя тваё. 14 кастрычніка — Дзень маці /фота/

І зусім гэта не дубль 8 Сакавіка. Шчымлівае супадзенне святочных кастрычніцкіх датаў – праваслаўных Пакроваў і свецкага Дня маці – не выпадковае. Таму што ў аснове іх адна сутнасць і абсалютная любоў: любоў-жыццё, любоў-пяшчота, любоў-дараванне, любоў-засцярога.

Слова мама на ўсіх мовах гучыць пазнавальна. Ма-ма – самае зручнае для вуснаў гучанне, самае першае для вачэй і для слыху ўспрыманне. Самае цёплае і надзейнае, дарагое і роднае. Самае ўсё.

Юная модніца люляе сваё дзіцятка той самаю калыханкай, што чула ад мамы. Трохі пасталеўшая яна ўжо спяшаецца на бацькоўскі сход у школу, потым выцірае шчаслівыя слёзы на выпускным балі сваіх дарослых дзяцей, потым – на вяселлі, калі яе крывіначка бярэ шлюб. Мама моліць Маці Божую, каб засцерагла яе дзіцятка ад бед і няшчасцяў, ад усяго дрэннага. І калі становіцца бабуляй, а потым прабабуляй, яна ўсё роўна самы першы чалавек, да каго сталыя сыны і дочкі нясуць невырашаныя сумненні і праблемы.

Няхай жа не будзе выключэння і мамы ніколі не губляюць сваё самае дарагое – дзяцей. Мацярынскую любоў сілкаваць не трэба, яна проста заўсёды ёсць. Зямная жанчына – о, мудрасць Творцы, о, шчодрасць прыроды – зямное падабенства Маці ўсіх мам на свеце, што распрасцёрла пакроў, які аберагае ад бед і нястач. Зямная, самаахвярная жанчына, якая дала жыццё… Мамачка, ды свяціцца імя тваё…

Вольга БАРАДЗІНА.

У Беларусі з 8 па 15 кастрычніка праходзіць Тыдзень маці. Гэта ўжо добрая традыцыя, у якой увасоблены клопат дзяржавы пра ўмацаванне сямейных асноў, падтрымку мацярынства. Сапраўды, моцная сям’я – моцная дзяржава. У нашай краіне ордэнам Маці ўдастоены 8094 жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, з іх 339 сёлета. Гэта высокі знак мацярынскай доблесці быў заснаваны ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе. У адпаведнасці з указам 2006 года мнагадзетным маці, якія ўзнагароджваюцца
ордэнам Маці, робіцца аднаразовая грашовая выплата ў памеры пяціразовага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва
(БПМ з 1 жніўня па 30 кастрычніка бягучага года ў разліку на месяц складае Вr1 млн. 569 тыс. 130). Выплаты ажыццяўляюцца са сродкаў рэспубліканскага бю-джэту. Акрамя таго, у рэгіёнах Беларусі рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлены розныя дадатковыя формы заахвочвання ўзнагароджаных гэтых ордэнам.
Некалькі гадоў назад былі ўнесены змяненні ў Пастанову Савета Міністраў “Аб заснаванні Палажэння аб пенсіях за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь”. З 1 верасня 2012 года жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаны адной з такіх дзяржаўных узнагарод СССР або Рэспублікі Беларусь, як ордэн Маці, “Медаль мацярынства”, ордэн “Мацярынская слава”, ордэн “Маці-гераіня”, устанаўліваецца пенсія за асобыя заслугі.

На працягу гэтага святочнага тыдня яшчэ больш увагі ім, а таксама жанчынам-працаўніцам, удзельніцам Вялікай Айчыннай вайны, мамам і жонкам ваеннаслужачых, загінуўшых пры выкананні воінскага абавязку. Праводзіцца шмат кансультацый і майстар-класаў, сустрэч у афіцыйным фармаце і за кубачкам кавы.
На забеспячэнне сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сям’і, ахову мацярынства і дзяцінства накіраваны Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, іншыя дзяржаўныя праграмы. У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Беларусь займае 25-ю пазіцыю сярод 179 дзяржаў свету, а сярод краін СНД наша рэспубліка знаходзіцца на вядучай пазіцыі. Нягледзячы на зніжэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, у 2014 годзе ў Беларусі нарадзілася больш за 118 тысяч дзяцей – гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў.
Па матэрыялах БЕЛТА.

One thought on “Мама імя тваё. 14 кастрычніка — Дзень маці /фота/

  • 14/10/2015 в 23:48
    Permalink

    Согласна с автором. Мамы никогда не должны терять своих детей. Они -наша жизнь, наша частица, наше продолжение. По силам каждой женщины обеспечить счастливое детство, окружить любовью и заботой. Те мамочки, которые на первом плане видят спиртное, пусть задумаются о своём завтра, о том, как портят жизнь свом близким

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *