Не рэкордаў дзеля, а здароўя для

Спартыўна-відовішчнымі атрымаліся мінулыя выхадныя дні. У плане глядацкай цікаўнасці здаецца нават пераборам тое, што на розных пляцоўках адной спартыўнай базы праходзяць розныя спаборніцтвы. Мінус – у зразумелым жаданні пагнацца за двума зайцамі і застацца з носам. Але ў гэтым жа і плюс: калі не асабліва поўна і падрабязна засяроджвацца – паспець можна ўсюды. І паглядзець спаборніцтвы дзюдаістаў у рамках адкрытага кубка Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, і падтрымаць удзельнікаў першага этапа штогадовай раённай спартакіяды каманд насельніцтва сельсаветаў. Іменна такой была “афіша” Ляхавіцкага спарткомплексу “Колас” тымі днямі.
Кубак ЛДАКа і старт спартакіяды сельсаветаў стануць тэмай размовы ў наступным нумары. Зараз прапануем асэнсаваць нядаўна канчаткова “падбітыя” спартакіядныя вынікі года мінулага.
Спаборніцтвы комплексныя – біятлон, лыжныя гонкі, шашкі, шахматы, більярд, настольны тэніс, барацьба на руках, гіравы і веласіпедны спорт, лёгкая атлетыка, валейбол, міні-футбол, праводзяцца ў тры этапы на працягу ўсяго года. Этапы спецыялізаваныя пад пэўныя віды спорту, і, у адпаведнасці з выступленнем, на кожным з іх камандам налічваецца тая ці іншая колькасць ачкоў, якія на фінішы спартакіяды інтэруюцца і становяцца падставай для вызначэння пераможцаў і прызёраў. Па такой формуле ў нас праводзяцца дзве райспартакіяды: сярод насельніцтва сельсаветаў і працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў.
На стартавы этап першай з іх летась выйшлі прадстаўнікі ўсіх 11 сельсаветаў Ляхавіччыны. Аднак і на жаль, з кожным наступным зборам актыўнасць зніжалася: другі этап сабраў 7 каманд, заключны трэці, на якім спаборніцтвы вяліся па валейболе і шахматах, адважыліся наведаць толькі прадстаўнікі Ганчароўскага, Жарабковіцкага, Крывошынскага і Начаўскага сельсаветаў. Валейбольны турнір выйграла каманда Крывошынскага сельсавета. А вось шахматны адзінага пераможцу не выявіў: аднолькавую колькасць балаў у ходзе яго набралі ганчароўскія і жарабковіцкія шахматысты і, такім чынам, падзялілі паміж сабой 1 і 2 месцы.
У рэшце рэшт, каманда іменна Жарабковіцкага сельсавета і стала абсалютным і за яўнай перавагай пераможцай раённай спартакіяды-2010. Другое месца, нягледзячы на штрафныя санкцыі за няўдзел у заключным этапе спаборніцтваў, дасталося Свяціцкаму сельсавету, трэцяе – Начаўскаму.
Спартакіяду працоўных калектываў раёна вызначала значна большае прадстаўніцтва. Да ўдзелу ў ёй заявіліся 24 каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Ляхавіччыны. У астатнім – падабенства: тыя ж спартыўныя дысцыпліны, той жа рэгламент правядзення. І, на жаль, той жа з цягам часу спад удзельніцкай актыўнасці. Прынамсі, на заключным этапе спаборніцтваў за заліковыя ачкі змагаўся толькі дзясятак каманд: ЛДАК, РАНС, ДРБУ №200, СВК “Жарабковічы”, “Ляхавічок” СААТ “Ляхавіцкага малочнага завода”, ДЮСШ, ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, РАУС–Ахова, РАА, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Між тым, фініш спартакіяды – яе трэці этап – быў асабліва відовішчным і вызначальным у плане канчатковага размяшчэння каманд па ранжыру.
Па-першае, валейбол і футбол захапляюць і прыцягваюць у большай ступені, чым іншыя гульнявыя віды спорту. Па-другое, пікантнасці дабаўляў той факт, што іменна на міні-футбольнай пляцоўцы вызначаўся пераможца спартакіяды ў цэлым. Да гэтага каманды РАНС і раённага аддзела адукацыі мелі на сваім рахунку аднолькавую колькасць балаў – па 58. Больш паспяховая з іх у гэтым відзе станавілася, адпаведна, і фаварытам спартакіяднага марафону. І вось развязка: міні-футболісты РАА завяршылі свой турнір на чацвёртым радку табліцы, іх сапернікі з РАНС размясціліся прыступкай вышэй, дзякуючы чаму і вывелі свой калектыў на першае агульнаспартакіяднае месца. РАА прыйшлося задаволіцца ганаровым другім, а трэцім прызёрам райспартакіяды працоўных калектываў стала каманда РАУС-Ахова.
Прыведзены расклад не будзе поўным, калі не адзначыць, што, нягледзячы на непападанне ў лік прызёраў спартакіяды (яны замкнулі першую пяцёрку), граматай і каштоўным падарункам быў адзначаны актыўны ўдзел у спаборніцтвах прадстаўнікоў ААТ “Торфа-брыкетны завод “Ляхавіцкі”. Падобнай увагі і адзнакі заслужыў і Часлаў Свінабурка з СВК “Жарабковічы” як лепшы на Ляхавіччыне па выніках работы ў 2010 годзе інструктар-метадыст па спорце. Узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *