Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Зноў на тыя ж граблі
Гэты ляхавічанін з законам не сябруе даўно. Цяпер ён трапіў у поле зроку міліцыянераў за дробнае хуліганства. Да гэтага за п’янае ваджэнне суд пазбавіў яго права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Ліхача зноў затрымалі п’яным за рулём аўтамабіля, на якім ён ехаў па вуліцы Чкалава ў райцэнтры.

Няўдалы абгон
Узбуджана крымінальная справа і супраць 31-гадовага вадзіцеля, які парушыў правілы дарожнага руху. У Канюхах ён пры руху на аўтамабілі праявіў няўважлівасць і неасцярожнасць, не ўлічыў дарожную сітуацыю і наехаў на веласіпедыста, які рухаўся ў спадарожным накірунку. Пажылы веласіпедыст атрымаў пераломы і іншыя траўмы.

Крымінальныя разборкі
Раней судзімы нідзе не працуючы 32-гадовы жыхар вёскі Ціткаўшчына сярод белага дня жорстка здзекаваўся над сваёй сужыцелькай. Супраць сямейнага тырана раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Давярай, але правярай
Амаль 180 мільёнаў рублёў “пазычыла” ляхавічанка-пенсіянерка ў даверлівых знаёмых. Пацярпелых некалькі чалавек. Як лічаць у РАУС, аддаваць грошы яна не збіралася. Супраць махляркі ўзбуджана крымінальная справа.

Трывожная статыстыка
З пачатку месяца затрыманы 20 жыхароў горада і раёна, якія знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, прычым толькі за першую суботу кастрычніка іх было 7. Прыцягнуты да адказнасці 15 сямейных скандалістаў, 13 грамадзян учынілі дробныя крадзяжы, 4 кіравалі транспартнымі сродкамі ”пад градусам”.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *