”Меліяратар” пачынае. І выйграе

Як спартыўная каманда “Меліяратар” пачынаў і “пачынаўся” два гады назад. Створаны па ініцыятыве, на базе, пры фінансавай і ўсіх іншых відах падтрымкі Ляхавіцкага ПМС калектыў пару апошніх сезонаў спецыялізаваўся і даволі гучна заяўляў пра сябе на рознага кшталту спаборніцтвах па футзале. Звярталіся таксама і да міні-футбола, тым больш, што канцэптуальную розніцу паміж гэтымі двума відамі спорту ўбачыць няпроста. Чаго не скажаш пра папулярнасць і распаўсюджанасць: дзякуючы прыналежнасці да Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА), міні-футбол мае куды больш высокую каціроўку і распаўсюджанасць у свеце. Верагодна і гэты факт меў значэнне, калі прымалася рашэнне аб змене меліяратыўна-спартыўных прыярытэтаў у бок “міні”. Пасадзейнічала таму і прый-шлася дарэчы сітуацыя з аднаўленнем пасля некалькіх гадоў перапынку чэмпіянату Брэсцкай вобласці па міні-футболе. Як паведаміў дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч, спаборніцтвы праходзяць пад патранатам асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, што паказвае на статус, сведчыць пра іх узровень.

Да ўдзелу ў чэмпіянаце заявілася ці не сотня каманд з гарадоў і раёнаў Брэстчыны. Раздзеленыя па геаграфічнай прыналежнасці на 3 зоны – Брэсцкую, Пінскую і “нашу” Баранавіцкую – на першым этапе каманды правядуць двухкругавыя спаборніцтвы ўнутры сваіх зон. Задача – стаць там адной з дзвюх лепшых. Вырашальны этап чэмпіянату запланаваны на красавік. Фінальная “шасцёрка” збярэцца ў Брэсцкім палацы гульнявых відаў спорту “Вікторыя”, дзе і будзе разыграны чэмпіёнскі тытул.

Напярэдадні старту ў “Меліяратары” адбыліся змены. У якасці трэнера каманду ўзначаліў Сяргей Астапчык з Баранавічаў, які ў свой час у складзе магілёўскага “Дняпра” быў чэмпіёнам краіны па футболе. З’явіліся і новыя ігракі, зараз “Меліяратар” прыкладна напалову складаюць футбалісты-ляхавічане і баранавіцкія “легіянеры”.

Першы тур спаборніцтваў адбыўся тыдзень назад. У баранавіцкім спарткомплексе “Атлант” нашым супрацьстаяла каманда Баранавіцкай спецыялізаванай ДЮСШ. Фактар родных сцен, сваіх балельшчыкаў не спрацаваў: з сухім лікам 8:0 перамаглі “меліяратары”.

– Але гульня не была простай. Першы тайм прайшоў фактычна пры роўных магчымасцях, завяршыўся з лікам усяго толькі 1:0 на нашу карысць, – каментуе дэбютны паядынак Сяргей Юшкевіч. Працяг – заўтра і ў тым жа месцы. У саперніках – “Блік” з Баранавічаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *