Папярэдзіць прасцей, чым выпраўляць

Гатоўнасць усіх службаў і прадпрыемстваў да ацяпляльнага сезона – адна з асноўных тэм чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Грынялевіч далажыла, што выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы, раён поўнасцю падрыхтаваны да зімы. Пакуль першае рэзкае пахаладанне сказанае пацвярджае.

Па стане на 9 кастрычніка, ва ўсіх аб’ектах, у тым ліку і жыллёвым сектары, падключана ацяпленне. Праходзіла ўсё ў штатным рэжыме без экстранных сітуацый. Лакальныя праблемы вырашаюцца аварыйнай службай камунгаса па меры паступлення заявак. У асноўным яны звязаны з распаветраннем сістэмы ацяплення.

На балансе камунгаса знаходзіцца 24 кацельні. Усе атрымалі пашпарты гатоўнасці, як, дарэчы, і кацельні малочнага і торфабрыкетнага заводаў, якія таксама ацяпляюць жылфонд. На кожнай пасля праверкі ўстаноўлены прыборы ўліку цеплавой энергіі. Кацельні, што працуюць на цвёрдым паліве, маюць сховішчы для торфабрыкету, павеці для дроў.

Прайшлі прафілактыку водаправодныя сеткі ў Ляхавічах, Адахаўшчыне, Ганчарах, Жарабковічах, Свяціцы, Тальмінавічах, Русінавічах (141 кіламетр), прамыта 37 кіламетраў сетак водаадводных і 11,6 кіламетра каналізацыйных. Адрамантаваны   5 каналізацыйных помпаў і ўсталявана новая ў Тухавічах.

Выкананы ўсе запланаваныя работы і па жылых дамах: адрамантаваны дахі на плошчы 2500 квадратных метраў, у тым ліку ў райцэнтры, вёс-ках Дарава-Чыж, Тухавічы, Свяціца, Каранеўшчына, Ганчары, 1000 пагонных метраў стыкавых панэляў,  99 адзінак інжынерных сістэм ацяплення, 88 цеплавых пунктаў.

Што датычыцца нарыхтоўкі цвёрдых відаў паліва для кацельняў, то з запланаваных 5000 кубічных метраў дроў і 1000 тон торфу камунальнікі назапасілі адпаведна 80 і 49 працэнтаў. Як запэўніў дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, план будзе выкананы ў бліжэйшы час, і што выконваецца графік пагашэння запазычанасці перад лясгасам і торфабрыкетным заводам (запазычанасць складае 243 і 400 мільёнаў рублёў).

Выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў расказаў, што ва ўсіх медустановах раёна ацяп-ляльны сезон пачаўся. Ёсць пэўная праблема ў Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі. Тут запланавана замена катла, але пакуль не выканана, падключаны рэзервовы кацёл. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на тым, што неабходна ў самыя кароткія тэрміны вырашыць пытанне: недапушчальна, каб людзі прыходзілі ў медустанову і мерзлі, у нармальных умовах павінны працаваць і медыкі.

Тэма была прадоўжана і падчас абмеркавання работы камісіі па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Начальнік РАНС Валерый Равінскі паведаміў, што ўсе службы – ЖКГ, дарожная, РАНС, раён электрасетак – маюць неабходную базу для работы пры складаных умовах надвор’я: назапашаны гаруча-змазачныя матэрыялы, пясчана-солевая сумесь. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога расказаў, што ў прадпрыемства – сучасны машынна-трактарны парк, у тым ліку ёсць прадукцыйная тэхніка для расчысткі дарог ад снегу.

У гатоўнасці і камунгасаўская. Райпалівазбыт выконвае заяўкі на пастаўку брыкету і дроў насельніцтву па спісах, пададзеных сельвыканкамамі. Брыгады раёна электрасетак вядуць падрыхтоўку да асенне-зімовага сезона па рэгламенце. Найбольшы аб’ём работ выкананы ў Свяціцы: устаноўлены новыя апоры і заменены электракабель па ўсёй вёсцы. Даручэнне кіраўніка раёна – правесці поўную інвентарызацыю энергасістэмы: збояў у падачы электрычнасці не павінна быць.

Па-ранейшаму выклікае занепакоенасць аварыйны стан 50 аб’ектаў СВК “Ліпнянка”, якія не эксплуатуюцца. Разам з тым каля іх няма ніякіх указальнікаў накшталт “небяспечна” ці “асцярожна”. Так і да бяды недалёка.

Старшыня райвыканкама запатрабаваў узаемадзеяння ўсіх службаў, ад якіх залежыць своечасовая і якасная работа па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. І яшчэ раз нагадаў: прасцей папярэдзіць, чым потым выпраўляць.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *