Лазневае пытанне

Дзе б памыцца чалавеку, у якога няма ванны,  дзе б папарыцца з венічкам аматару лазневых выгод? У нашым раёне 19 лазняў, у тым ліку адна гарадская. 17 знаходзяцца на балансе камунгаса, па адной – ва ўласнасці СВК “Жарабковічы” і ААТ “Торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі”. Карэспандэнт “ЛВ” высвятляў, наколькі запатрабаваны аб’екты чысціні.

Рэжым работы лазняў разнастайны. У аграгарадках Ліпск і Падлессе яны працуюць тройчы на месяц, у Русінавічах, Малым Гарадзішчы, Свяціцы, Галаўнінцах, Ганчарах, Мыслабажы, Канюхах, Крывошыне – двойчы, Тальмінавічах, Востраве, Куршынавічах, Начы – усяго раз.

Найбольш запатрабаваныя – у жыхароў Ліпска, Падлесся і Галаўнінцаў, дзе за першае паўгоддзе грамадскія лазні наведалі адпаведна 582,445, 431 разоў. Для параўнання ў Зубелевічах – 60, Тальмінавічах – 89, Начы – 102. Кошт наведвання – 14700 рублёў, у тым ліку і гарадской лазні. А сабекошт, як паведамілі ў камунгасе, значна вышэйшы – больш за 100000 рублёў. Розніца датуецца з дзяржаўнага “кашалька”.

У вёсцы Ганчары лазня працуе даўно. Работнік камунгаса двойчы на месяц прапальвае яе. Напрыклад, у суботу  3 кастрычніка тут мыліся   17 чалавек (за паўгоддзе – 331). Разам з тым, як адзначалася на адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама, некаторыя жыхары Ганчароў, нягледзячы на адлегласць, аддаюць перавагу лазні ў райцэнтры – ездзяць мыцца і парыцца ў горад.

На тэрыторыі Начаўскага сельсавета 3 лазні. У аграгарадках Русінавічы і Нача за 6 месяцаў іх наведалі адпаведна 210 і 102 чалавекі, вёсцы Мыслабаж – 192. Сціплую “напаўняльнасць” начаўскай лазні ў сельвыканкаме патлумачылі дрэннай якасцю тутэйшай вады, невялікай умяшчальнасцю (перасоўная лазня разлічана адначасова на 4-5 чалавек) і тым, што многія аграгараджане маюць дома ванны. А вось у мыслабажскія дамы пакуль не прыйшоў газ, чым і тлумачыцца запатрабаванасць мясцовай лазні.

У аграгарадку Востраў жыве 465 чалавек, за паўгоддзе сёлета ў тутэйшым аб’екце чысціні пабыло 188 наведвальнікаў. Не трэба быць матэматыкам, каб падлічыць: у месяц тут абслугоўваецца ў сярэднім 31 кліент. Малавата. Ёсць пытанні і да добраўпарадкавання тэрыторыі вакол, яўна   патрабуе рамонту сам будынак.

У аграгарадку Жарабковічы лазня знаходзіцца на балансе мясцовага сельгаспрадпрыемства. Аб’ект запатрабаваны і не толькі таму, што задавальняе наведвальнікаў добрай парай. Яшчэ адзін сакрэт папулярнасці – бясплатны ўваход. Прычым, як расказаў намеснік старшыні гаспадаркі Леанід Варвашэвіч, датычыцца гэта не толькі працаўнікоў СВК, але і іншых аграгара-джан. Па словах мясцовых аматараў папарыцца, у выхадныя дні тут бывае па 40 і больш чалавек. У будні лазню наведваюць у асноўным механізатары. З вясны да позняй восені яна працуе штодзённа, зімой – у суботу і нядзелю. Для людзей такі расклад – яскравае сведчанне клопату пра іх.

Намеснік дырэктара торфабрыкетнага завода Уладзімір Гунько не хавае, што мясцовая лазня стратная. Але пры гэтым зазначае: галоўнае, каб зручна было людзям. На 2-3 тыдні, калі рамантуецца кацельня і адключаецца падача гарачай вады ў кватэрах, лазня працуе штодзённа, а так толькі па суботах. Кошт наведвання – 7 000 рублёў. За лазневы дзень прыходзіць у сярэднім  15 чалавек.

За 6 месяцаў гэтага года страты ЖКГ ад эксплуатацыі лазневай гаспадаркі склалі 975 мільёнаў рублёў. Камунгас атрымаў 551 мільён рублёў бюджэтных субсідый. Як адзначыў начальнік участка “Жылфонд” Дзмітрый Матчэня, прадпрыемству неабходна актыўна шукаць выйсце з такой эканамічна пройгрышнай сітуацыі.

І, напэўна, яго могуць падказаць тыя, хто прыходзіць у лазню не толькі памыцца, але і за лёгкай парай, і тыя, для каго яна своеасаблівы трэнажор, дзе можна загартавацца і паправіць здароўе. А для некаторых лазня – цэлы рытуал, да якога рыхтуюцца і прыходзяць сюды з дзецьмі, прывучаючы малых да здаровага ладу жыцця.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *