ЦВК Беларусі зацвердзіла вынікі выбараў Прэзідэнта

Цэнтрвыбаркам Беларусі зацвердзіў 16 кастрычніка канчатковыя вынікі выбараў Прэзідэнта

Цэнтрвыбаркам Беларусі зацвердзіў 16 кастрычніка канчатковыя вынікі выбараў Прэзідэнта.
Канчатковыя вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сведчаць аб тым, што на вышэйшую дзяржаўную пасаду выбраны Аляксандр Лукашэнка,
за кандыдатуру якога аддадзена 5 102 478 галасоў выбаршчыкаў, што склала 83,5 працэнта, гэта значыць больш за палавіну грама-дзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
За Сяргея Гайдукевіча прагаласавала 201 945 выбаршчыкаў (3,3 працэнта), Таццяна Караткевіч набрала 271 426 галасоў (4,4 працэнта), Мікалай Улаховіч – 102 131 (1,7 працэнта). Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 386 225 выбаршчыкаў (6,3 працэнта), 48 808 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі.

Выбары адбыліся

«На падставе выкладзенага і ў адпаведнасці з арт. 82 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт. 79 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў пастанаўляе: першае – прызнаць, што выбары Прэзідэнта адбыліся, другое – лічыць выбраным на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча», – заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік пасля аб’яўлення канчатковых вынікаў выбараў.

Агульная колькасць выбаршчыкаў па Рэспубліцы Беларусь склала 7 008 682, а бюлетэні для галасавання атрымала  6 115 690 чалавек. «У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 79 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызнана, што выбары адбыліся, паколькі ў галасаванні прыняло ўдзел 6 113 013 выбаршчыкаў, што склала 87,2 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў», – адзначаюць у Цэнтрвыбаркаме.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэта кампанія была спакойная. Пазітыўным момантам Лідзія Ярмошына лічыць і тое, што ў Беларусі прывіваюцца сучасныя тэхналогіі як інфармавання выбаршчыкаў, так і вядзення агітацыі. Акрамя таго, працэс вылучэння кандыдатаў стаў больш ліберальным. Тое ж самае датычыцца і агітацыйнага перыяду.

Скаргу экс-кандыдата не задаволілі

Цэнтрвыбаркам Беларусі не задаволіў скаргу экс-кандыдата ў Прэзідэнты Таццяны Караткевіч, у якой яна просіць прызнаць выбары несапраўднымі. Гэту скаргу 16 кастрычніка агучыў прадстаўнік Таццяны Караткевіч – член ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў. Ён заявіў, што папярэднія вынікі назірання за выбарамі сведчаць, што яны прайшлі з грубымі і сістэмнымі парушэннямі заканадаўства, не адпавядалі патрабаванням Выбарчага кодэкса Беларусі, а таксама Капенгагенскім прынцыпам.

Ігар Лялькоў паведаміў, што, у прыватнасці, на думку каманды Караткевіч, пры зборы подпісаў, а пазней і пры агітацыі, адзін са штабоў выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Ён дадаў, што ў час кампаніі распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы, вырабленыя з парушэннем закону: на адной з агітацыйных паштовак былі пазначаны не ўсе выхадныя даныя. Акрамя таго, штаб Караткевіч прад’явіў прэтэнзіі наконт падліку галасоў і характару правядзення датэрміновага галасавання.

На пасяджэнні ЦВК 16 каст-рычніка выступілі прадстаўнікі кіраўніцтва ўсіх абласных выбаркамаў і выбарчай камісіі Мінска з аналізам ходу выбарчай кампаніі ў сваіх рэгіёнах.

Місія АБСЕ  адзначыла плюсы

«Магу сказаць, што Цэнтральная камісія задаволена тым заключэннем, якое прадстаўлена па выніках назірання за выбарамі з боку місіі АБСЕ», – паведаміла раней, 13 кастрычніка, журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

«За доўгія гады міжнароднага назірання менавіта з боку місіі АБСЕ ў нашай краіне мы ўпершыню атрымалі справаздачу, якая змяшчае вывады і пералічвае падзеі не толькі з адмоўнага боку, але і адзначае шмат станоўчага. Там шмат адзначана добрага, і гэтым трэба ганарыцца», – лічыць старшыня ЦВК.

У прыватнасці, яна звярнула ўвагу, што адзначаны абстаноўка, якая была ў краіне напярэдадні выбараў, добразычлівасць і адкрытасць усіх членаў выбарчых камісій, іх супрацоўніцтва з членамі місіі, а таксама выдатная работа сродкаў масавай інфармацыі, якія без якога-небудзь цэнзуравання прадастаўлялі магчымасць вядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдатам у Прэзідэнты. Акрамя таго, у заключэнні гаворыцца, што агітацыйная кампанія апошнія два тыдні праводзілася кандыдатамі на добрым узроўні, чаму ўсяляк садзейнічалі мясцовыя ўлады.

«Быў адзначаны як вельмі добры працэс галасавання на 95 працэнтах участкаў, дзе былі міжнародныя наглядальнікі. Хацела б падкрэсліць, што гэта вельмі высокая ацэнка менавіта працэдуры галасавання», – сказала старшыня ЦВК. Яна паведаміла, што былі адзначаны і недахопы. Тым не менш колькасць выпадкаў, дзе члены місіі выказалі заўвагі, зменшылася ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года, дадала Лідзія Ярмошына.

Наперадзе – парламенцкія выбары

Старшыня ЦВК растлумачыла, што парламенцкія выбары, верагодней за ўсё, пройдуць у верасні 2016 года. Падрыхтоўку да іх Цэнтрвыбаркам пачне адразу, як толькі завершыць работу, звязаную з праведзенымі прэзідэнцкімі выбарамі. «Думаю, што пасля Новага года мы адразу пачнём ствараць матэрыялы для парламенцкіх выбараў», – сказала Лідзія Ярмошына.

Меркаванні

Міхаіл Мясніковіч,  старшыня Савета Рэспублікі:
«Перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах Прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка 2015 года – яскравае сведчанне высокага даверу народа да Прэзідэнта і праводзімага ім сацыяльна-эканамічнага і палітычнага курсу. Уладзе ў цэлым, а значыць і нам з вамі, пастаўлена адказная задача – апраўдаць высокі давер народа, які быў прадэманстраваны чарговы раз на выбарах Прэзідэнта».

Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, кандыдат эканамічных навук:
«Мудрасць беларускага народа выяўляецца ў тым, што выбаршчыкі ў час выбараў пацвердзілі давер да таго курсу, які рэалізуецца шмат гадоў, і паказалі, што дасягненні, якія ёсць у краіне, разважліва ацэньваюцца грамадствам. Кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі – гэта вельмі важная грамадска-палітычная падзея, з правядзеннем якой насельніцтва звязвае асаблівыя надзеі. Галоўная электаральная падзея прайшла пад знакам спакою і стабільнасці. Я лічу, што нас чакае нармальнае, дынамічнае, паступальнае развіццё, спакойная палітычная эвалюцыя нашай нацыі і радзімы».

Вадзім Дзевятоўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:
«На выбарах адчуў атмасферу свята і  яднання грамадзян у сваім імкненні захаваць і прымножыць дасягненні дзяржавы. Асабіста я галасаў за адказнасць перад народам. За чалавека, які не баіцца адказваць за свае ўчынкі і рашэнні, які беражліва ставіцца да беларусаў, не дзеліць людзей на катэгорыі, і асноўным фактарам для якога з’яўляецца справядлівасць».

Наталля Гуйвік, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:
«Дзеючы Прэзідэнт Беларусі заваяваў аўтарытэт не толькі ва ўласнага народа, але і на міжнароднай арэне. Асабіста ім зроблена шмат дзеянняў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, у тым ліку прадастаўленне міратворчай пляцоўкі. Безумоўна, іншыя краіны аказваюць Беларусі давер. 11 кастрычніка беларусы, перш за ўсё, прагаласавалі за мір, спакой і правапарадак. Мне здаецца, для людзей няма нічога больш важнага».

Багдан Бязпалька, намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава:
«Аляксандр Лукашэнка – самы буйны, самы магутны палітык Беларусі, з якім цяпер зраўнавацца ніхто не можа. Ён ужо шмат гадоў вядзе ўзаемаадносіны беларускай дзяржавы з Масквой, будуе Саюзную дзяржаву, ажыццяўляе сумесныя эканамічныя праекты. Галоўным для Расіі застаецца развіццё гэтага супрацоўніцтва ў эканамічнай, палітычнай і іншых сферах».

Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, прафесар:
«Беларусы зрабілі свой выбар на карысць міру і развіцця краіны. Гэта правільны выбар. Я быў бы вельмі здзіўлены, калі б неяк па-іншаму разгарнуліся падзеі. Гэта чалавек, які мае ўжо вялікі вопыт, займаючы такую пасаду. Гэта чалавек, які, відавочна, больш за ўсіх любіць Беларусь, які зрабіў вельмі-вельмі шмат».

Анатоль Адоньеў, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:
«Выбарчая кампанія ў Беларусі прайшла адкрыта і сумленна. Грамадзяне зрабілі свой выбар свядома і без якога-небудзь націску, прагаласаваўшы за мір і парадак. Да такіх жа высноваў прыйшлі і міжнародныя наглядальнікі. Усе яны адзначалі высокі ўзровень культуры вядзення выбарчай кампаніі ў рэспубліцы, яе поўную адпаведнасць нацыянальнаму заканадаўству».

Эліна Зверава, алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы:
«Усё жыццё прысвяціла спорту і аддала свой голас за моцную Беларусь, за магчымасці і перспектывы для нашых атлетаў. Мы павінны цаніць усё тое, чаго наша краіна дабілася за гады незалежнасці. За сваю кар’еру і пасля яе заканчэння часта бываю ў іншых дзяржавах і магу з упэўненасцю сказаць, што Беларусь далёка не на апошніх ролях у свеце, а па ўзроўні развіцця спартыўнай інфраструктуры, медыцынскага забеспячэння, бяспекі наша краіна ў ліку лідараў».

Аляксандр Мядзведзь, трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе:

«Дзеючы Прэзідэнт паказаў вельмі магутны вынік на выбарах. Гэта сведчыць аб вялікім крэдыце даверу народа, які выбраў стабільнасць, мір, парадак на сваёй зямлі».
Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *