Другі сорт – брак. З верасня патрабаванні да якасці малака сталі больш жорсткімі. Як працуюць сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна ў такіх умовах?

Некалькі іранічны выраз “трэці сорт не брак” мае даволі ўстойлівае гучанне. Мы гатовы прызваць яго на дапамогу, напрыклад, у выпадку неабходнасці апраўдаць нейкія свае ўпушчэнні або якасныя недапрацоўкі таго ці іншага тавару. У дачыненні сырога малака “трэці стандарт” не існаваў і не дзейнічаў ніколі. А пачынаючы з мінулага верасня, і другі гатунак сырадою стаў лічыцца бракам. Краіна адмовілася ад прадукту падобнай якасці. Вось ужо на працягу больш як паўтара месяца таварнай прадукцыяй можа лічыцца малако толькі першага, вышэйшага і гатунку экстра. У першую чаргу гэта патрабаванне часу, але і сінхранізацыя ў адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза, адным з удзельнікаў якога Беларусь з’яўляецца. Мэта – дзякуючы лепшым якасным характарыстыкам, падняць канкурэнтаздольнасць нашай “малочкі”.

Што змянілася? Больш жорсткімі сталі нормы ўтрымання ў сырадоі мікраарганізмаў і саматычных клетак. І калі апошні паказчык залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў жывёлы і яе фізіялагічнага здароўя, то антысанітарыя, незахаванне чысціні на этапах даення з’яўляецца спрыяльным фактарам для размнажэння мікраарганізмаў. Карацей, калі жывёла здаровая, утрымліваецца і доіцца ў чысціні, то і малако “аддае” чыстае і здаровае. Акрамя таго, больш жорсткімі сталі патрабаванні па паказчыках кіслотнасці, тлустасці, утрыманні бялку. Не прымаецца і малако, тэмпература якога пры адгрузцы з фермы перавышае 10 градусаў.

У якой ступені новаўвядзенні адбіліся на рабоце малочнатаварных фермаў гаспадарак раёна? Што стала з вытворчасцю малака, яго таварнасцю і якасцю? Як расказалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, безумоўна, новы рэгламент падштурхнуў нашых малакавытворцаў працаваць яшчэ больш ашчадна. Канчатковая мэта – “забыцца” на факт існавання малака другога гатунку. Гэта ўжо не таварная прадукцыя, а брак. Сказаць, што раён поўнасцю перайшоў на вытворчасць толькі першага і больш высокіх гатункаў малака, пакуль яшчэ нельга. Але ўсё ідзе іменна да гэтага. Малака другога гатунку стала заметна менш, і гаспадаркі не разглядаюць яго ў якасці таварнай пазіцыі – выкарыстоўваюць на ўнутраныя патрэбы. А вось малака гатунку экстра, наадварот, стала больш. І як паказалі вынікі работы ў верасні, акрамя СВК “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”, экстру сёння “дояць” усе сельгаспрадпрыемствы раёна. 100-працэнтным вынікам можа пахваліцца і ганарыцца агракаледж, блізка да абсалютнай лічбы спрацавалі ў верасні жывёлаводы ЗАТ “Белпрампрыбор”, на 88,5 працэнта – СВК “Востраў-Агра”, на 84 – “Ляхавіцкі”. Экстра-паказчыкі астатніх істотна меншыя і вар’іруюцца ад 35 працэнтаў у “Шляху новым” да 15 у райаграсэрвісе. Сярэднераённая па выніках верасня лічба склала 42 працэнты.

А як выглядае параўнальная статыстыка? Верасень гэтага года вельмі выгадна адрозніваецца ад сябе мінулагодняга. На той час малако гатунку экстра прадавалі толькі “Ляхавіцкі”, “Шлях новы” і аграрны каледж (два апошнія – у істотна меншым аб’ёме).

У якасці прыкладу цудоўнага якаснага скачка, здзейсненага на працягу года, можна назваць СВК “Востраў-Агра”. Не багаты, далікатна кажучы, сельгаскааператыў здолеў з леташняга нуля падняцца да 90- працэнтнай экстра-якасці свайго малака ў сёлетнім верасні. На сёння МТФ “Востраў” працуе фактычна па найвышэйшых стандартах якасці. Яшчэ адна ферма гаспадаркі – “Рагачы” – да экстры пакуль не дацягвае, аднак, і ніжэй вышэйшага гатунку не апускаецца. Чым не арыенцір для некаторых іншых, фінансава больш стабільных нашых малакавытворцаў? Відавочна, справа не толькі і не столькі ў грошах, не ў фінансавых укладаннях. Дакладнае выкананне тэхналагічных нормаў на ўсіх этапах вытворчасці, ашчадная санітарыя, добрасумленнасць работнікаў, іх шчырая зацікаўленасць у канчатковых выніках сваёй працы здольны на многае. Што да агульнараённага паказчыка, то з 20,5 працэнта малака класа экстра ў верасні 2014 года аналагічная сёлетняя лічба вырасла больш як удвая.

Дзякуючы новым малочным стандартам, згодна якім другі гатунак стаў лічыцца бракам, у большасці сельгасарганізацый і ў цэлым па раёне некалькі ўпаў паказчык таварнасці. Калі на адрэзку са студзеня па жнівень сярэднераённая таварнасць раўнялася 91,5 працэнта, то па выніках студзеня–верасня знізілася на 0,3 працэнта. Тэндэнцыя не характэрна толькі для “Ліпнянкі” і райаграсэрвіса, дзе таварнасць крыху – на адну-дзве дзясятыя працэнта – павысілася.

А наколькі, у сувязі з увядзеннем новых рэгламентаў, нашы малакавытворцы прайгралі (ці выйгралі?) у выручаных на продажы малака грошах? Параўнаем жнівень, калі дзейнічалі старыя стандарты, з вераснем, калі працаваць давялося па-новаму. У апошнім летнім месяцы раён рэалізаваў 3764,5 тоны малака ў заліковай вазе гатунку ад другога да экстры. У верасні рэалізацыя склала 3519,2 тоны. У аснове змяншэння аб’ёмаў відавочны дзве прычыны: па-першае, новыя стандарты якасці запалілі чырвонае святло на шляху прадукцыі другога гатунку, па-другое, – заканамернае сезоннае змяншэнне надоеў. Нягледзячы на больш высокую ў верасні цану рэалізацыі тоны прадукцыі, дасягнуць жнівеньскай выручкі ў першым асеннім месяцы ў аграрыяў не атрымалася. Парадак лічбаў наступны: 17761,7 мільёна рублёў супраць 16823,2. Не на карысць верасня.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *