Малако пачынаецца з радаслоўнай

Выгадаваць карову, якая давала б 10 тысяч кілаграмаў малака ў год, не проста. У нашым раёне бадай толькі ў СВК “Ляхавіцкі” ёсць стабільныя напрацоўкі ў гэтым плане, тут дзесяцігоддзямі займаюцца селекцыйнай работай. У звяно па аднаўленні статка ўваходзяць зааветспецыялісты гаспадаркі, урачы-гінеколагі, тэхнікі-асемянатары. Плануюць работу, арганізуюць, кантралююць заатэхнікі-селекцыянеры і выдатныя спецыялісты Галіна Ксёнжык і Святлана Новік.

Сёння ў СВК “Ляхавіцкі” 33 каровы-рэкардысткі ўласнай селекцыі: ад кожнай надойваюць па 10 тысяч кілаграмаў малака. Гадаванне і ўтрыманне высокапрадукцыйных жывёл – справа працаёмкая, вельмі адказная і, безумоўна, высокатэхналагічная. Найперш павінна быць трывалая кармавая база – іменна такая, якую штогод ствараюць у сельгаскааператыве. Сярод абавязковых умоў – кантроль за здароўем жывёл, прафесійнае майстэрства аператараў машыннага даення, даглядчыкаў і г.д. Асаблівая ўвага атрыманню патомства ад высокапрадукцыйных кароў – будучага папаўнення статка або маладняку для рэалізацыі рэспубліканскім племпрадпрыемствам па вырошчванні рамонтных бычкоў. Сёлета СВК “Ляхавіцкі” рэалізаваў 3 пародзістыя бычкі.

Не першы год працуюць над удасканаленнем селекцыйнай работы ў ЗАТ “Белпрампрыбор”, ДП “Нача”, вучнёўскай гаспадарцы аграрнага каледжа, дзе ў асноўны малочны статак уводзяцца высокапрадукцыйныя каровы. Гэта, безумоўна, адбіваецца на надоях: у СВК “Ляхавіцкі” за 9 месяцаў ад кожнай каровы надаілі па 5042 кілаграмы малака, у аграрным каледжы – 4937, ДП “Нача” – 4028 кілаграмаў малака.

Прыбавілі сёлета ў надоях і СВК “Жарабковічы”, “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”, райаграсэрвіс. Як лічыць дырэктар райплемстанцыі Кацярына Фірусь, гэта вынік работы гаспадарак па аднаўленні статка. За 9 месяцаў у асноўны статак раёна ўведзена 2482 першацёлкі – 23 працэнты да агульнай колькасці кароў. Да канца года паказчык плануецца павялічыць яшчэ на 5 – 7 працэнтаў. Найбольш заменена кароў у ЗАТ “Белпрампрыбор” (29 працэнтаў), СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы” (па 27), найменш у СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка” (12 –13 працэнтаў). І не заўсёды прычына ў адсутнасці цялушак для аднаўлення статка, часам з-за дрэннай кармавой базы іх не могуць давесці да патрэбных тэхналагічных кандыцый. Спецыялісты адзначаюць, што найбольш эканамічна выгадна гадаваць цялушку 14 – 15 месяцаў. За гэты час яна павінна дасягнуць вагавай катэгорыі, спрыяльнай для пакрыцця жывёлы. У многіх гаспадарках гэты перыяд доўжыцца 25 месяцаў і, натуральна, прыносіць страты. Такая сітуацыя, у прыватнасці, адзначаецца ў СВК “Ліпнянка”. А ў суседзяў – СВК “Востраў-Агра” – нізкі працэнт аднаўлення асноўнага пагалоўя кароў з-за недахопу маладняку.

Адзін з асноўных паказчыкаў у рабоце па аднаўленні статка – выхад маладняку на 100 кароў. З пачатку года 67 цялят атрымана ў ЗАТ “Белпрампрыбор”, 59 – у СВК “Ліпнянка” (на 23 больш, чым за адпаведны леташні перыяд), 61 – у СВК “Жарабковічы”. У сярэднім па раёне на 100 кароў зараз налічваецца 55 нованароджаных цялят.

Безумоўна, вельмі многае ў гэтай справе залежыць ад спецыялістаў зааветслужбы, а таксама ад прафесіяналізму тэхнікаў-асемянатараў. Аляксандр Кожан з “Белпрампрыбора” выйшаў пераможцам у раённым конкурсе прафмайстэрства і ўдзельнічаў у абласных спаборніцтвах. Лічацца прафесіяналамі сваёй справы Алена Бортнік з СВК “Тальмінавічы”, Генадзій Манько з ДП “Нача”, Сяргей Кобель з СВК “Жарабковічы”. Запрацавала і раённае звяно па аднаўленні статка. Яго задача – тэарэтычная і практычная дапамога спецыялістам гаспадарак, кантроль за захаваннем тэхналогіі працэсу. Сёння звяно “ўзброена” эфектыўным УГД-сканерам, з дапамогай якога праводзяцца праверкі кароў на сцельнасць на самых ранніх тэрмінах, а таксама дыягнастуюцца розныя захворванні.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *