БарДУ прапануе навучанне па новых спецыяльнасцях

Установа адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” пачне падрыхтоўку спецыялістаў па некалькіх новых спецыяльнасцях.
Так, на факультэце замежных моў будуць рыхтаваць выкладчыкаў па спецыяльнасці “Замежная мова (нямецкая). Інфарматыка” з тэрмінам навучання 5 гадоў. Для паступлення на гэтую спецыяльнасць абітурыентам трэба будзе прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай або беларускай мовах, матэматыцы і нямецкай мове.
На педагагічным факультэце будуць рыхтаваць педагогаў-псіхолагаў. У гэтым годзе можна будзе паступіць на спецыяльнасць “Практычная псіхалогія” з тэрмінам навучання 4 гады, у якасці ўступных іспытаў абітурыенты праходзяць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай або рускай мовах, гісторыі Беларусі і біялогіі.
На гэтым жа факультэце ўводзіцца спецыяльнасць “Геаэкалогія” са спецыялізацыяй “Ахова прыроды і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”. Пасля пяці гадоў навучання выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “Географ-эколаг. Выкладчык геаграфіі і экалогіі”. Для паступлення абітурыенты павінны будуць прадаставіць сертыфікаты ЦТ па адной з дзяржаўных моў, матэматыцы і геаграфіі.
На інжынерным факультэце будзе праводзіцца набор на спецыяльнасці “Агранамія”, “Заатэхнія” з тэрмінам навучання 5 гадоў. Для паступлення на гэтыя спецыяльнасці трэба будзе здаваць ЦТ па рускай або беларускай мовах, біялогіі і хіміі. Навучанне будзе праводзіцца на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем універсітэта.
На факультэтах завочнай і бесперапыннай адукацыі таксама рыхтуецца шэраг змяненняў. Так, на базе агульнай сярэдняй адукацыі можна будзе паступіць на спецыяльнасць “Геаэкалогія” з тэрмінам навучання 6 гадоў, на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі па адпаведнай спецыяльнасці – “Агранамія”, “Заатэхнія” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” з тэрмінам навучання 4 гады.
Па спецыяльнасці “Правазнаўства” з 2011 года вышэйшую адукацыю можна атрымаць не толькі па дзённай і завочнай, але і па найбольш сучаснай дыстанцыйнай форме навучання на базе агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі.
Універсітэт дае магчымасць атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Правазнаўства”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Залічэнне на гэтыя спецыяльнасці праводзіцца ў адпаведнасці з п. 30 Правіл прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Больш падрабязную інфармацыю будучыя абітурыенты могуць атрымаць на сайце www.barsu.by або па тэлефоне прыёмнай камісіі 8-0163-45-67-69.
Людміла КЛІМАШЭЎСКАЯ, адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *