Забяспечыць стабільнае развіццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны заявіў, што ў рэспубліцы будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё на аснове ўжо дасягнутых вынікаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, звяртаючыся да членаў урада, што наперадзе чакаецца цяжкая і канкрэтная работа: «Схавацца за нечыя спіны не атрымаецца. Хто не можа і не гатовы — ва ўладу лепш не хадзіце».  Фармулюючы мэту і сэнс нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Паспрабую зрабіць гэта сумленна і шчыра. Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асоб — тыя, хто хочуць працаваць у новым пяцігоддзі, – пры назначэнні на сваю пасаду павінен даказаць сваю здольнасць кіраваць». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы перыяд, і ён павінен адрознівацца ад іншых сваёй навізной. Менавіта таму патрабаванні да новага ўрада асаблівыя.

«Асабліва гэта датычыцца ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Аб галінах улады я ўжо сказаў. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё, гэтага ад вас буду патрабаваць я», – падкрэсліў Прэзідэнт.  Ён сказаў, што асаблівая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам. «Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, – гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры. У сувязі з гэтым вы будзеце абавязаны – усе, нават тыя, хто не назначаецца Прэзідэнтам, – прадставіць канкрэтныя планы сваіх дзеянняў. Вышэйшыя службовыя асобы – да назначэння на пасады, усе астатнія – за канкрэтны перыяд», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перасцерагае чыноўнікаў ад фанабэрыі і непаважлівага стаўлення да людзей. «Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю. Мы развучыліся размаўляць з людзьмі», – выказаў нездаволенасць Прэзідэнт.  Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фанабэрыя і непаважлівае стаўленне да людзей зусім недапушчальны з боку чыноўнікаў. Інтарэсы і праблемы людзей – самае галоўнае для ўсіх органаў улады.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў грамадстве назбіралася крытычная маса чаканняў, якія трэба задаволіць. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага.  Паводле яго слоў, «галоўнае – жыццёвы ўзровень павінен расці».  Так, урад павінен удзяліць сур’ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння. «Людзі вельмі незадаволены сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю», – сказаў Прэзідэнт.
«Возьмем адно пытанне, хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэню. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай», – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў таксама максімальную ўвагу ўдзяліць экспарту прадукцыі: «Вельмі важным з’яўляецца пытанне росту вытворчасці і ў сувязі з гэтым – экспарту выпускаемай прадукцыі. Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна «паштучна», калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны. Кантроль – штоквартальны, па некаторых пазіцыях — штомесячны».
Прэзідэнт лічыць, што адказ на праблемы просты: «Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максімальнай цане. Грошы вярнуць у краіну».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «сёння самы лепшы час для эфектыўнай работы».
«Вы заўсёды гаварылі, што вельмі высокія цэны на энерганосьбіты і сыравіну, якіх у нас няма. Усё астатняе ёсць – тэхналогіі, дасведчаныя падрыхтаваныя людзі. Сёння цэны на сыравіну самыя нізкія. Вырабляйце і прадавайце», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Працягваючы тэму рэформ эканомікі, Прэзідэнт падкрэсліў, што яны будуць накіраваны на ўдасканаленне існуючага, а не яго ломку: «Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў: «У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца». «І ў гэтым сутнасць нашых рэформ», – заявіў ён.
Прэзідэнт таксама адхіліў прапановы па скарачэнні колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. Паводле яго слоў, да гэтых пытанняў трэба падыходзіць вельмі акуратна і абдумана. «Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць», – папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыць павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі, то гэта пытанне будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей.  Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, некаторыя прапануюць цяпер прыняць рашэнне наконт пенсійнага ўзросту. Прэзідэнт лічыць, што людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў бліжэйшы час уносіць такія змяненні.
«Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы папросім у іх падтрымкі, – сказаў Прэзідэнт. — Пагодзяцца — правядзём змяненні. Не – значыць, не».
«Мы ўсюды пішам — дзяржава для народа. Дык давайце слухаць народ», – рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заявіў, што выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін, паколькі без яе немагчыма рэалізаваць ніводнае мерапрыемства.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў аптымізацыі колькасці працуючых у падведамасных ім дзяржструктурах.
Прэзідэнт агучыў патрабаванне: выключыць паператворчасць і бюракратызм.
Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: «Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта датычыцца ўсіх – і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Наконт гэтага мною прыняты рашэнні і прашу іх выконваць». «Нарады – толькі ў пазарабочы час, – запатрабаваў Прэзідэнт. – Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні».
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў:»Адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы, і мы разам павінны адкрыць гэту старонку – сумленна, прынцыпова, адказна. Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні. Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне гэтай суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі».
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на разварушванне часу няма. Усе сілы і энергію трэба пераключыць на вырашэнне самых актуальных пытанняў. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пачатая размова будзе прадоўжана, у прыватнасці, на ўзроўні Прэзідэнта будуць разгледжаны пытанні бяспекі. Акрамя таго, асобная размова адбудзецца на ўзроўні Прэзідэнта з кіраўнікамі іншых галін улады.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *