Усё пачыналася з кола. 25 кастрычніка аўтамабілісты і дарожнікі адзначаць прафесійнае свята /фота/

Працоўны стаж начальніка ДРБУ-200 Ігара Піліногі пачаўся ў гэтай арганізацыі 27 гадоў назад.

Ва ўсякім разе, для тых, хто выбраў прафесію дарожніка

Сваё прафесійнае свята адзначаць заўтра аўтамабілісты і дарожнікі, у тым ліку і калектыў ДРБУ-200. Зона яго адказнасці – утрыманне і эксплуатацыя 450 кіламетраў раённых дарог. Бягучы, ямачны і капітальны рамонт, дарожнае будаўніцтва, добраўпарадкаванне двароў шматкватэрнікаў, пракладка пешаходных дарожак, асфальтаванне, устаноўка дарожных знакаў, навядзенне парадку на аўтобусных прыпынках, расчыстка трас ад снегу, пасыпка супрацьгалалёднай сумессю – далёка не поўны пералік таго, чым займаюцца работнікі ДРБУ-200. Напрыклад, сёлета 2,3 мільярда рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту, зрасходаваны на будаўніцтва пешаходнай дарожкі ад пачатку вуліцы Арлоўскага да дзіцячага сада № 4. Нядаўна добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі па вуліцы Южакова, №№ 6 А і 4 у райцэнтры: пліткай выкладзены пешаходныя дарожкі,заасфальтавана пляцоўка для стаянкі аўтамабіляў жыльцоў дома.
Н
а гэтых участках задзейнічаны не толькі людзі і тэхніка арганізацыі, але і прадукцыя ўласнай вытворчасці з тутэйшага завода па выпуску дарожнага борта і тратуарнай пліткі, які на поўную магутнасць пачаў працаваць толькі сёлета.
За 9 месяцаў выпушчана 5500 штук дарожнага борта і 12000 тратуарнага, амаль 4400 квадратных метраў тратуарнай пліткі. Прадукцыя выкарыстоўваецца не толькі для ўласных патрэб, але і прадаецца. А гэта – дадатковыя грошы для ДРБУ-200, якія, у тым ліку, ідуць і на закупку асфальтавай сумесі, яе ў нашым раёне не выпускаюць. Штат завода невялікі – усяго 4 чалавекі. Аператары пульта кіравання Іван Рокач і Віктар Данішэўскі, фармоўшчык Вацлаў Пішч, вадзіцель пагрузчыка Аляксей Смаршчок з кожным днём толькі прыбаўляюць у майстэрстве, працуюць вынікова і зладжана.
Сярод абавязковых работ – грэйдзіраванне дарог. За месяц на прафіліроўку ідзе каля 250 мільёнаў бюджэтных рублёў, плюс 30 мільёнаў – на ўтрыманне вуліц аграгарадкоў і вёсак. Ужо адрамантаваны ўчастак аўтадарогі Ляхавічы-Свяціца ад Крывошына да Ліпска, дарога Тухавічы-Востраў.
– Тэхніка, што ёсць у наяўнасці, дазваляе вырашаць усе пастаўленыя задачы. Што маем, тое беражліва захоўваем. Канешне, марым абнавіць машынна-трактарны парк, але пакуль сродкі накіроўваем на іншыя аб’екты. Хаця можам пахваліцца супер-машынай “СТИМ-5000”, якая ёсць не ў кожнай арганізацыі нашага профілю: выконвае шмат функцый і незаменная на ямачным рамонце, – расказвае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Да цяжкай дарожнай “артылерыі” адносіцца і ўстаноўка “Шнекаротар-Д-470”, якую набылі зусім нядаўна. Яе магчымасці дазваляюць хутка разабрацца з вялікімі снежнымі сумётамі. Як сцвярджаюць спецыялісты, пакуль лепшай тэхнікі для гэтага не прыдумана. У неабходнай колькасці маюцца аўтагрэйдары, пагрузчыкі, трактары, устаноўкі для раскідвання пяску і іншыя жалезныя памочнікі на колах. Незаменныя для дарожнікаў МАЗы. Кіруюць імі вадзіцелі, якія за 2-3 дзясяткі гадоў наездзілі сотні тысяч кіламетраў: Уладзімір Казакевіч, Анатолій Жагунь, Віктар Скрыцкі, Валерый Кабяльчук, Дзмітрый Багдановіч. Яны перавозяць асфальт, бетон, зімой задзейнічаны на расчыстцы снегу. З тэхнікай на ты і выдатна ведаюць сваю справу механізатары Вячаслаў Равяка, Мікалай Равяка, Аляксандр Шыбкоўскі, Міхаіл Кендыш.
Работы хапае ва ўсе сезоны. Цяпер, напрыклад, асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы да зімовага ўтрымання дарог. Усе машыны гатовыя, у спраўным стане.
Работа дарожніка не з лёгкіх, даводзіцца працаваць і ў спякоту, і ў дождж. У ДРБУ-200 захаваўся касцяк вопытных працаўнікоў, да таго ж ідзе ў арганізацыю і маладое папаўненне. Сёлета на пасаду дарожнага майстра па размеркаванні ў родны горад прыехаў пасля заканчэння ВНУ Аляксандр Турчын. Яго першы самастойны аб’ект – добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый па вуліцы Южакова. Малады спецыяліст з заданнем справіўся.
У інжынерна-тэхнічнай службе паспяхова працуе нядаўні выпускнік будаўнічага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Маржайла. Пасля работы па размеркаванні майстрам засталася ў ДРБУ-200, праўда ўжо ў якасці інжынера-тэхнолага і па сумяшчальніцтве выконваючай абавязкі начальніка планавага аддзела, Таццяна Паўловіч. Маладым давяраюць, але і ў парадах не адмаўляюць.
На пытанне, што галоўнае ў рабоце, Ігар Пілінога адказвае:
– Без сучаснай спецыялізаванай тэхнікі, удасканалення і высокай якасці работы, пашырэння вытворчасці рух наперад немагчымы. Але ўсё ж галоўнае – людзі.
Цяпер у арганізацыі працуе 65 чалавек. Ёсць сярод іх старажылы, як, напрыклад, нязменная на працягу многіх гадоў галоўны бухгалтар Таццяна Азімка, бездакорна спраўляюцца са сваімі абавязкамі інжынер па бяспецы дарожнай сеткі і ахове працы Анастасія Церах, інжынер па зарплаце Алена Бурчыц. З пашанай у калектыве адносяцца да ветэранаў дарожнай галіны Алены Лойка, Валянціны Аўраменка, Ільі Япішкі, Барыса Траяноўскага, Ніны Буранковай, Ніны Максімчык, Галіны Крашэўскай.
Працавітасць і прафесіяналізм вылучаюць і працоўную дарожную дынастыю Пілінога. Яе заснавальнік Міхаіл, дарэчы, – бацька сённяшняга кіраўніка ДРБУ-200 (на пасадзе ён усяго некалькі месяцаў, а пачынаў у 1988 годзе вадзіцелем, з 2007 года – механік) – працаваў механізатарам.
Да выхаду на заслужаны адпачынак тутэйшым грэйдарыстам быў брат Міхаіла Іванавіча Леанід. Яго справу прадаўжае сын Юрый. А яшчэ адзін сын Андрэй – механізатар. Аб’ядноўвае ўсіх іх не толькі прозвішча, але і вернасць выбранай аднойчы і назаўжды прафесіі, якая стала справай усяго жыцця.
На пытанне пра планы, кіраўнік дарожнай службы адказвае:
– Працаваць яшчэ эфектыўней, яшчэ больш вынікова. Каб і землякі, і госці Ляхавіччыны былі задаволены дарожным камфортам. Хочацца, каб на трасах сустракалася як мага менш ям і ўхабаў. Справа гонару сённяшніх работнікаў ДРБУ-200 – не страціць, а прымнажаць традыцыі, закладзеныя ветэранамі галіны. На іх мы раўняемся.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшы майстар Валерый Зубік і дарожныя рабочыя Аляксандр Куніцкі, Іван і Пётр Бортнікі добраўпарадкуюць вуліцы райцэнтра

Інжынерна-тэхнічная служба – калектыў згуртаваны і кваліфікаваны.

Вадзіцель Аляксандр Шыбкоўскі кіруе “СТИМ-5000”, Канстанцін Засухін – машыннай устаноўкай.

Фармоўшчык Вацлаў Пішч, аператары Іван Рокач і Віктар Данішэўскі працуюць на заводзе ДРБУ-200.

Майстар Ларыса Прыхач.

Брыгаду на ўкладцы асфальту ўзначальвае майстар Яўгеній Занько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *