Нялёгкі «хлеб» лёгкай прамысловасці, ці Другая маладосць старога завода /фота/

Дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Скакун.

Каляндар адлічвае апошнія дні кастрычніка. Сама той час, калі на беларускіх сельскагаспадарчых шыротах завяршалі ўборку і прыступалі да апрацоўкі льну. А гэта і кастрыца, як пабочны прадукт на шляху трансфармацыі трасты ў валакно. Яе нашы далёкія продкі палічылі настолькі важкай прыкметай часу, што мусілі адлюстраваць у назве сярэдняга месяца восені.

Ёсць у нашым раёне прадпрыемства, дзе круглы год кастрычнік. Усе астатнія месяцы там разглядаюць у якасці дапаўнення, закліканага зрабіць яго па максімуму эканамічна цёплым. Зразумела, размова ідзе пра ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Нямногім больш года назад, дзякуючы паспяхова рэалізаванай дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме тэхнічнага пераўзбраення і развіцця льноперапрацоўчай прамысловасці Беларусі, стары вытворчы актыў атрымаў новае аблічча і ўнутраную напоўненасць. Раней малаэфектыўная вытворчасць зараз упэўнена нарошчвае выпуск асноўнай прадукцыі, павышае яе якасць. З дакладнасцю гадзінніка выконваецца адгрузка льновалакна ў залік дзяржзаказу, “не паспяваюць” за экспартным попытам.
Гаспадарка пачынаецца з двара. Тым больш, калі двор сыравінны, з’яўляецца важным структурным падраздзяленнем прадпрыемства. Па яго выглядзе можна ўявіць ”што ёсць што”. Фасад ільнозавода сёння радуе вока. У свежае, яркае ўбранне “апрануліся” офісны будынак і будынак старога цэха. Як і навесы для захоўвання сыравіны (яны, акрамя таго, абзавяліся новым дахам). Агульную карціну добраўпарадкавання гарманічна дапоўніў новы асфальт (ці ў некаторых выпадках бетон) праездаў-пад’ездаў.
Расправіла крылы (іменна такі вобраз узнікае, гледзячы на гэты аб’ект) новая магутная шоха.
– Яна разлічана на захоўванне 3000 тон ільнотрасты. Гэта фактычна трэцяя частка неабходнага нам гадавога запасу сыравіны, – заўважае дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Дарэчы, і новая, і старыя-абноўленыя шохі ўжо запоўнены. Роўныя цыліндры трасты сёлетняга ўраджаю амаль падпіраюць дах, з’яўляюцца сведчаннем паспяховасці сезона льнонарыхтовак.
– Уборка завершана. Крыху са спазненнем, але з добрым вынікам. Сёлетнія 9540 тон ільнотрасты з’яўляюцца для нас рэкорднымі. Гэтага цалкам дастаткова для поўнай загрузкі цэхаў на працягу года. Уся траста ў сярэднім адпавядае нумару 1,35. Такі дастаткова высокі паказчык якасці сыравіны таксама атрыманы ці не ўпершыню. А ўсё таму, што эканоміка завода дазволіла ў поўнай меры вытрымаць тэхналогію вырошчвання культуры. У час пасеялі, правялі комплекс патрэбных хімапрацовак, церабленне завяршылі ў аптымальныя тэрміны. Форс-мажор чакаў на стадыі пад’ёму трасты. Жнівеньская спякота, адсутнасць вільгаці не садзейнічалі яе вылёжванню. Што было гатова – спрасавалі і ўбралі. А затым наступіў перапынак тыдні на тры, – словы дырэктара нібы вяртаюць у гарачае лета.
Асноўнымі творцамі гэтага важкага і якаснага сыравіннага “пірага” з’яўляюцца свае ж работнікі. Завадчане-земляробы, якія складаюць спецыялізаваны на вырошчванні даўгунцу тутэйшы механізаваны атрад. Яго намаганнямі было нарыхтавана 6300 тон трасты, якасць якой аказалася больш высокай, чым сярэдні паказчык.
Дапоўнілі сыравінны склад завода льнонасенстанцыя, СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”. Чацвёртым па ліку і першым па аб’ёмах пастаўшчыком трасты на наш ільнозавод з’яўляецца Баранавіцкі райаграсэрвіс.
На фоне старога новы цэх выглядае фестывальнай пляцоўкай. Лёгкі звонку, светлы ўнутры. Ні пылінкі.З васьмі чалавек дзяжурнай змены на непасрэдным абслугоўванні тэхналагічнай лініі заняты пяцёра работнікаў. Ды і абавязкі апошніх зводзяцца ў асноўным да кантрольных функцый і сітуацыйных карэкціровак рабочых рэжымаў. З усім спраўляецца аўтаматыка.
Цэх працуе ў 4 змены. Калі не браць да ўвагі кароткія тэхналагічныя перапынкі – ні выхадных, ні святочных дзён вытворчасць не ведае.
Пры гэтым актуальным застаецца пытанне вываду лініі на праектную магутнасць. І не завадчан у тым віна, што патэнцыял перадавой вытворчасці выкарыстоўваецца ці не на палову ад тэхнічна закладзенага. У новай лініі ёсць адмысловыя патрабаванні да паступаючых у перапрацоўку рулонаў трасты. Апошнія павінны мець пэўную вагу, шчыльнасць, таўшчыню слоя. Прэс-падборшчыкі ПРЛ–150, якіх на заводзе больш за паўтара дзясятка, забяспечыць падобныя параметры не могуць у прынцыпе. Патрэбных машын айчынныя вытворцы прапанаваць пакуль не могуць. А самаходны, сучасны, магутны імпартны прэс каштуе вельмі дорага. Маштаб гэтай праблемы не ляхавіцкі, з ёй сутыкаюцца ці сутыкаліся ўсе льнозаводы новай фармацыі. Чаканне з’яўлення на рынку айчыннага прадукту можа зацягнуцца, а гэта – страчаная выгада. На заводзе разглядаюць варыянты пакупкі высокапрадукцыйнага прэса.
Прыкладна палова прадукцыі ляхавіцкіх ільноперапрацоўшчыкаў “асядае” ў далёкім і не вельмі замежжы. Просяць больш і гатовы плаціць. Кітайскі рынак ільновалакна, увогуле, здаецца бяздонным і безразмерным. Пра Літву такога не скажаш, аднак, і прыбалтам беларускі шоўк прыйшоўся даспадобы. Але ж на першым месцы былі і застаюцца айчынныя спажыўцы ў асобе Аршанскага льнокамбіната. Дзяржзаказ – афіцыйная назва гэтаму правілу.
Рэнтабельнасць, чысты прыбытак, памер абаротных сродкаў і іншыя зашыфраваныя для многіх крытэрыі-характарыстыкі работы любой вытворчай структуры ў нашым выпадку чапаць не будзем – пакінем для спецыялістаў. Надзейным, правераным і зразумелым індыкатарам паспяховасці прадпрыемства з’яўляецца наяўнасць жадаючых уладкавацца на яго. У спісе чакання працоўнага месца на мясцовы льнозавод зараз знаходзіцца каля двух дзясяткаў прэтэндэнтаў. І гэта на фоне яшчэ свежых успамінаў аб адваротным – наяўнасці прыкладна такой жа колькасці вакансій. Хоць для адказнага механізатара працоўнае месца знойдзецца і зараз, запэўнівае дырэктар.
Вядомая справа: добры хлебароб – спецыяльнасць дэфіцытная. А лён чым не хлеб лёгкай прамысловасці?
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дыялог на вытворчую тэму: майстар змены Марына Шчарбакова і аператар лініі кароткага валакна Дзмітрый Янушкевіч.

Іх спецыяльнасць патрабуе асаблівай кваліфікацыі: сартавальнікі доўгага валакна Данута Вількевіч і Аксана Кісцень.

Кантрольны майстар Тамара Піліпчык, грузчыкі Міхаіл Смаршчок і Алег Жэрка.

Здымшчыцы доўгага валакна Зінаіда Саматошанкава і Валянціна Тарлюк могуць параўнаць умовы працы ў старым і новым цэху.

Яе работа – лабараторная. Загадчыца заводскай лабараторыі Надзея Коктыш.

Чарговая партыя трасты пагружана для адпраўкі на перапрацоўку.

One thought on “Нялёгкі «хлеб» лёгкай прамысловасці, ці Другая маладосць старога завода /фота/

  • 28/10/2015 в 10:33
    Permalink

    Наконец-то кроме молочного завода в районе ещё одно предприятие достойно будет пополнять местный бюджет. Приятно познакомиться!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *