Правільны абед. Школьныя сталовыя ў Ляхавіцкім раёне прапануюць здаровае меню

Падчас абеда ў Востраўскай СШ

Харчаванне дзяцей павінна быць разнастайным, рацыянальным і збалансаваным. Медыкі сцвярджаюць, што ад гэтага залежыць і здароўе, і паспяховасць, і развіццё дзіцяці. Арганізацыя харчавання дашкольнікаў і школьнікаў, паляпшэнне яго якасці заўсёды ў цэнтры ўвагі раённай улады і аддзела адукацыі, спорту і турызму. Кантралюе пытанне і санітарная служба. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына адзначае, што ў гэтым навучальным годзе не паступала скаргаў ад бацькоў на школьныя абеды. Заўважае, што за апошнія паўтара гады ва ўстановах адукацыі раёна створаны ўсе ўмовы для таго, каб харчаванне было менавіта здаровым. Адпавядаюць неабходным патрабаванням памяшканні для прыгатавання ежы, маецца тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. Тым не менш, ёсць над чым працаваць у гэтым напрамку і адміністрацыі навучальных устаноў, і поварам.

Культура харчавання выхоўваецца не толькі інтэр’ерам сталовак і наяўнасцю на сталах сурвэтак, хлебніц, прыгожага посуду, але і тлумачэннем правіл здаровага харчавання. Дарэчы, даволі прывабна залы выглядаюць у многіх школах (у 12 сталовых з 16 маецца сучасная мэбля). У дзіцячых садках вучаць захаванню абедзеннага этыкету з самага ранняга ўзросту. Больш за 100 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэту сёлета пайшло на бягучы рамонт харчаблокаў у дзіцячых садках № 2 і  № 4. Адрамантаваны падлога, столь, вентыляцыя, на сценах пакладзена плітка, часткова заменена кухоннае абсталяванне, расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач.

Нядаўна, будучы па рэдакцыйным заданні ў Востраўскай СШ, адзначыла, з якім смакам рабяты  абедаюць. Захацелася  прысесці за прыгожы стол, сервіраваны белым фарфоравым посудам і пакаштаваць толькі-толькі прыгатаваны абед…

Перапынак, у раскладзе якога – сталоўка, у рабят самы чаканы. Безумоўна, ва ўсіх густы розныя. Адны любяць толькі тое, што гатуе мама, у іншых не ў пашане каша, а камусьці падабаецца менавіта школьная курыная катлета. Так з назіранняў і адказаў рабят намалявалася карціна: калі малодшыя вучні не надта любяць абедаць у школе, сярэднія перабіраюць “люблю -не люблю”, то старшакласнікам часцяком яшчэ і мала.

Гарачае харчаванне арганізавана на аснове прыкладнага двухтыднёвага рацыёну, распрацаванага ў адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіна. Рабяты з сельскіх школ, пачаткоўцы, дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзеці-інваліды, дзеці бацькоў інвалідаў I і II груп харчуюцца бясплатна. У раёне да пералічаных катэгорый адносяцца 2212 школьнікаў. Як паведаміла інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Жывіцкая, з трох гарадскіх школ за бацькоўскія грошы харчуюцца 683 дзіцяці з 1780. Не цяжка падлічыць, колькі сродкаў выдаткоўваецца на бясплатнае харчаванне дзяржавай, калі абед для рабят 6-10 гадоў каштуе каля 10 000 рублёў, 11-13 гадоў – крыху больш за 11000, 14-17 гадоў – прыкладна 12000 рублёў. Акрамя гэтага, 200 школьнікаў харчуюцца бясплатна па 2-3 разы на дзень.   Што прапануюць на абед?

У школьным меню толькі свежыя натуральныя прадукты. У Тухавіцкай СШ у адзін з кастрычніцкіх дзён частавалі салатай “падарункі мора”, супам з капусты, курынай катлетай, пюрэ і кававым напіткам. У СШ № 2 школьнікі елі салат, на першае – таксама капусны суп, на другое – шніцаль свіны, тушаную агародніну ў соусе, а яшчэ яблык і чай. Усё гэта – за зусім невялікую плату. Дарэчы, выдаткавана з мясцовага бюджэту на закупку бульбы і агародніны для ўстаноў адукацыі раёна каля 130 мільёнаў рублёў. Пры гэтым кожная школа і дзіцячы сад і самастойна займаюцца нарыхтоўкай запасаў на зіму. Штогод дапамагаюць у вырашэнні гэтага пытання шэфы. Так, фермерская гаспадарка “Даманскае” ў якасці шэфскай дапамогі перадало ў школы сёлета 11,6 тоны бульбы, “Жарабковічы” – 11,5, райаграсэрвіс – 8,9. Забяспечваюць прадукцыяй школьныя сталоўкі і СВК “Ляхавіцкі”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”. Спонсарская дапамога дазваляе не толькі зрабіць дзіцячае харчаванне больш танным, але і, па магчымасці, дабавіць у меню ёгурты, зефір, фрукты ці іншыя ласункі. У некаторых вясковых школах паклапаціліся пра вітамінны запас бацькі. Так што смачна есці!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *