Пабазарылі. У мінулую суботу ў Ляхавічах прайшоў апошні ў гэтым сезоне кірмаш

Шумеў-гудзеў кірмаш. У мінулую суботу, дарэчы, ён быў апошнім у Ляхавічах у гэтым сезоне. Не, базар не закрываецца, проста праграма восеньскіх кірмашоў выканана. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, набыць сельгаспрадукцыю можна будзе і ў фермераў, якім мясцовая ўлада выдзяліла месцы на перадрыначнай плошчы для продажу вырашчанага, і, канешне, у магазінах райпо.
Трэці кірмаш значна адрозніваўся ад папярэдніх і колькасцю прадаўцоў, і разнастайнасцю прадукцыі: садавіна і агародніна, мяса і жывая рыба, саджанцы і кветкі, драўляныя вырабы і шмат чаго іншага. Кандытаркай гандлявалі мясцовыя хлебапёкі, райпо прапаноўвала разнастайныя стравы. Радасны настрой і добрыя эмоцыі ляхавічанам дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Падлесся і Ураджайнай. Бээрэсэмаўцы дапамагалі землякам паднесці пакупкі, загрузіць мяшкі. Агульны тавараабарот за тры кірмашы склаў каля 360 мільёнаў рублёў, паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама.
Восеньскі продаж – выдатны спосаб, як кажуць, сябе паказаць і прадукцыю прадаць. Так у Мінску з’явіліся прыхільнікі нашага райпо: штотыднёва ў выхадныя дні ў сталіцы да ляхавіцкіх прылаўкаў ішлі пакупнікі за мочанымі яблыкамі, салёнымі агуркамі, квашанай капустай. Попытам у мінчан карысталіся ляхавіцкая садавіна, агародніна, журавіны, мясная і малочная прадукцыя, іншае. Высокая якасць і прымальная цана – тавар разыходзіўся хутка. Не першы год ляхавічане восенню накіроўваюцца ў Мінск з таварам мясцовай вытворчасці. Як правіла, застаюцца не ў накладзе.
З улікам сталічнага і раённага кірмашоў, тавараабарот райпо ў мінулыя выхадныя склаў больш за 100 мільёнаў рублёў. Дарэчы, што-дзень да 1 лістапада ляхавічане могуць набыць у павільёне райпо каля рынка садавіну і агародніну.
Але кірмашы ў райцэнтры – не адзіная форма продажу восеньскіх пачастункаў. У Падлескай базавай школе традыцыйна перад канікуламі разам з дарослымі ладзяць восеньскі продаж вучні. Так было і на гэты раз. Сталы ламіліся ад тартоў і пячэння, піражкоў і пірагоў, пірожных і піцы, нават мёд і варэнне знайшлі пакупнікоў. Юныя мічурынцы прапаноўвалі кветкі ў вазонах і саджанцы. А яшчэ быў канцэрт і цудоўны настрой. Пра што і паведаміла ў “ЛВ” бібліятэкар з аграгарадка Падлессе Ларыса Глеб.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Надзея і Міхаіл Коктышы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *