Тадэвуш Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму

4 лютага 2011 г. 16-ты год запар па традыцыі на Брэстчыне ўрачыста адзначаўся дзень нараджэння вядомага ўраджэнца Берасцейшчыны, нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі (1746-1817 г.г.).
На Брэстчыне створана грамадскае аб’яднанне «Абласны Фонд Т. Касцюшкі», з 2003 г. — Брэсцкае ГА імя Т. Касцюшкі, па ініцыятыве якога рэалізаваны шэраг праектаў па папулярызацыі імя героя.
На месцы радавога дома, дзе нарадзіўся Касцюшка (уроч. Мерачоўшчына, г. Косава, Івацэвіцкі р-н), устаноўлены мемарыяльны знак з бронзавай плітой; адноўлена радзінная сядзіба Касцюшкі, у якой 5 гадоў працуе Дом-музей Касцюшкі. Сядзібны дом Т. Касцюшкі пабудаваны на сродкі абласнога бюджэту. У в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна адкрыта мемарыяльная капліца на месцы пахавання загінуўшых паўстанцаў Касцюшкі ў бітве войскаў ген. Серакоўскага з войскамі ген. Суворава пад Крупчыцамі (Крупчыцкая бітва).
У Малых Сяхновічах Жабінкаўскага раёна распачата рэканструкцыя гістарычнага будынка колішняй школы пад Жабінкаўскі дзяржаўны раённы гістарычны музей з мемарыяльнымі пакоямі Т. Касцюшкі.
У 2005-2007 г.г. прыняты рашэнні Брэсцкага аблвыканкама і абласнога каардынацыйнага савета па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны аблвыканкама: «Аб аднаўленні Косаўскага палаца пад гасцінічна-турыстычны комплекс» і распачата падрыхтоўка навукова-праектнай дакументацыі на рэстаўрацыю палаца.
А ў 2008 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.01.2008 г. № 20 рэстаўрацыя Косаўскага палаца ўнесена ў Рэспубліканскую інвестпраграму на 2008-2012 г.г.
Рашэннем Камісіі ЮНЕСКА на падтрымку праектна-рэстаўрацыйных работ на Косаўскім палацава-паркавым ансамблі выдзелены і асвоены грант.
За 2008-2010 г.г. на рэстаўрацыі Косаўскага палаца асвоена каля 4,5 млрд. рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў: праведзена рэстаўрацыя левага крыла з узвядзеннем даху.
Дарэчы, у 2006 г. выйшла ў свет манаграфія «Андрэй Тадэвуш Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *