Крэатыўныя рэцэпты

Канікулы ў дзяцей павінны быць цікавымі і запамінальнымі, лічаць дарослыя і шукаюць нестандартныя формы работы, каб разнастаіць вольны час рабят.

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер “Зробім лета ярчэй” у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку” прынялі ўдзел 6 праектаў з нашага раёна. Усе яны – адзначаны дыпломамі і пахвальнымі водзывамі.

Дыплом I ступені культарганізатару з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксандру Стэцко прынёс праект “Гульні прастолаў”, які нарадзіўся сёлета ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Аляксандр тут працаваў старшым выхавальнікам і арганізаваў змену так, каб з дапамогай персанажаў вядомых камп’ютарных гульняў і аднайменнага фільма аддаліць рабят ад навамодных гаджэтаў, даць зразумець, наколькі небяспечна камп’ютарная залежнасть. Хлопчыкі і дзяўчынкі “пераходзілі” з узроўня на ўзровень, з азартам акуналіся ў творчую атмасферу, хваляваліся і перажывалі, прымалі ўдзел у шматлікіх спаборніцтвах, выступленнях, дыспутах і дыскусіях. Пры гэтым зараблялі мясцовую валюту “іфрыты”, з дапамогай якіх выкупалі “артэфакты” – некаторыя паслабленні ў рэжыме дня (магчымасць прапусціць зарадку, падоўжыць час дыскатэкі і іншае). Напрыканцы змены кожны атрад атрымаў маршрут на пошук галоўнага прыза – сцяга перамогі. Праект, па меркаванні Аляксандра Стэцко, дасягнуў сваёй мэты: большасць рабят пасля зрабіла свой выбар на карысць кнігі і гульні на свежым паветры.

Дыпломы II ступені атрымалі праекты “Мазаіка майго дзяцінства” лагера “Усмешка”, які працаваў на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (аўтары Святлана Тумарава і Наталля Русакевіч) і прышкольнага аздараўленчага лагера гімназіі “Сонейка” “Цягнік дзіўных спраў” (аўтар Наталля Ксёнжык).

Пахвальным водзывам адзначаны мадэлі “Мы любім наш горад” аздараўленчага лагера працы і адпачынку “Авантаж” СШ №1 (аўтар Вікторыя Біза) і “Дзевяць ключоў ад лабірынта” профільных “Выратавальніка” і “Эўрыкі” на базе Жарабковіцкай СШ.

Аляксандр Стэцко 3-4 лістапада атрымае ў Брэсце заслужаную ўзнагароду і прыме ўдзел у выстаўцы-прэзентацыі “Рэцэпты школьных канікул”. Дарэчы, яго праект працягвае спаборніцтва ў рэспубліканскім этапе конкурсу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *