Раман з Раманам

За некалькі тыдняў, што мінулі з пачатку чэмпіянату Брэсцкай вобласці па міні-футболе, каманды, сярод якіх і ляхавіцкі “Меліяратар”, паспелі правесці па 3 гульні.Нашы землякі, нагадаем, стартавалі з буйной і “сухой” перамогі над баранавіцкай ДЮСШ. Далей – больш: у вароты наступнага свайго саперніка, а ў гэтай якасці выступала каманда “Блік” з Баранавіч, “Меліяратар” адправіў 11 галоў. На што “Блік” здолеў адказаць толькі адным трапным ударам. Хоць прыгожы і вялікі лік 11:1 не з’яўляецца сведчаннем абсалютнай гульнявой перавагі ў матчы ляхавічан.

– У пэўных момантах нам шчасціла, а ад сапернікаў удача адварочвалася. Але відавочна, што каманда прыбаўляе: дабавілася сыгранасці, з большай адказнасцю футбалісты выходзяць на паркет, – каментуе сітуацыю дырэктар Ляхавіцкага ПМС, на базе якога і створаны “Меліяратар”, Сяргей Юшкевіч.

А вось гульня ў рамках трэцяга тура чэмпіянату, які адбыўся ў мінулую суботу, склалася кардынальна інакш. На гол баранавіцкай дружыны пад назвай “Трык” “меліяратары” адказалі сваім голам. Лік 1:1 не змяніўся да канца другога тайма, а фінальны свісток абвясціў аб мірным зыходзе паядынка. Пасля трох тураў “Меліяратар” сабраў 7 ачкоў. І гэта другое месца сярод 16 каманд баранавіцкай зоны міні-футбольнага чэмпіянату вобласці.

Спаборніцтвы працягваюцца, і ўжо сёння-заўтра на паркеце баранавіцкага спарткомплексу “Атлант” чакаецца гарачае і гучнае міні-футбольнае відовішча. З’явяцца нагоды для радасці, прычыны для хвалявання, перажыванняў. Футбола без эмоцый не бывае.

А зараз навіна, у якую не адразу і верыцца. Сяргей Юшкевіч запэўніў, што дасягнута дамоўленасць аб заключэнні “рамана” паміж “Меліяратарам” і Раманам Васілюком. Тым самым! Раман мае вопыт выступлення за нацыянальную зборную, быў маскоўскім спартакаўцам, з’яўляецца абсалютна лепшым бамбардзірам чэмпіянатаў Беларусі па футболе за ўсю гісторыю іх правядзення. Зараз абараняе гонар брэсцкага “Дынама” ў чэмпіянаце краіны. Да завяршэння апошняга засталося 2 туры, і Раман стане “меліяратарам”. Чакаюць у камандзе і іграка гродзенскага “Нёмана” Сяргея Кавалюка. Як вам “трансферны” ход “Меліяратара”?

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *