Лопаты. Гісторыя высакароднага сямейства

Прадстаўнікі старажытнага шляхецкага роду Лопатаў здаўна пражывалі на беларускіх землях, займаючы адказныя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Яны былі дзяржаўнымі чыноўнікамі, ваеннымі, землеўладальнікамі, урачамі. Аднак, пра жыццё гэтых людзей, чые лёсы былі цесна звязаны з гісторыяй Ляхавіцкага краю, да нядаўняга часу было вядома вельмі мала. Прасачыць гісторыю гэтага арыстакратычнага сямейства дапамагла звычайная электронная перапіска.
Лопаты вядуць сваю радаслоўную з ХVІ стагоддзя. Самай яркай асобай у родзе быў Міхаіл Лопат, сваяк і саратнік знакамітага Караля Станіслава Радзівіла («Пане Каханку»). Міхаіл займаў пасаду літоўскага абознага, выбіраўся паслом на сэйм, быў удзельнікам сумна вядомых шляхецкіх канфедэрацый, дзейнасць якіх прывяла ў канцы ХVІІІ стагоддзя да раздзелаў Рэчы Паспалітай. Лёс Міхаіла Лопата склаўся не самым лепшым чынам. З-за марнатраўства жонкі ён страціў свае ўладанні, а яго сын вымушаны быў жыць пры двары князёў Радзівілаў.
А потым упамінанняў пра гэты шляхецкі род не было каля пяцідзясяці гадоў. І толькі ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя Лопаты зноў нагадалі пра сябе. Вядома, што ў 1847 годзе калежскі сакратар Рамуальд Лопат атрымаў у спадчыну ў Мінскай губерні невялікі маёнтак Каранеўшчына (зараз гэта вёска Ляхавіцкага раёна) і пабудаваў там сядзібу, цэнтрам кампазіцыі якой стаў двухпавярховы цагляны дом. У Рамуальда і яго жонкі Аляксандры было шасцёра дзяцей, але бацькоўскі маёнтак атрымаў у спадчыну толькі сын Вітольд.
Некалькі месяцаў таму аўтар гэтага артыкула пазнаёміўся ў Інтэрнэце з праўнучкай Вітольда Лопата Марыяй Касінай, якая жыве ў Канадзе. Марыя і яе родныя ветліва згадзіліся прадаставіць для публікацыі ў Беларусі ўнікальныя матэрыялы з сямейнага архіва, фотаздымкі і ксеракопіі дакументаў, якія расказваюць пра лёс тагачасных уладальнікаў Каранеўшчыны.
Да канца ХІХ стагоддзя Лопаты знаходзіліся ў цесных сваяцкіх сувязях з родам Шалевічаў. Згодна сямейных традыцый, Вітольд Лопат ажаніўся з Ганнай Шалевіч. Іх дзеці — Вітольд-малодшы (1893-1966), Стэфан (1891-1931) і Яніна (1892-1957) — сталі апошнімі гаспадарамі радавых маёнткаў.
Маёнтак у Каранеўшчыне атрымаў у спадчыну Вітольд-малодшы, таму што па адукацыі быў аграномам. Вітольд як добраахвотнік удзельнічаў у вайне 1920 года і быў удастоены вельмі ганаровай узнагароды — ордэна Virtuti Militari. Пасля заканчэння вайны і ўваходжання заходнебеларускіх земляў у склад польскай дзяржавы ён вярнуўся ў свой маёнтак і ажаніўся. У Каранеўшчыне Вітольд вёў жыццё тыповага памешчыка сярэдняга дастатку, займаючыся сельскай гаспадаркай і камерцыяй, прадаваў разам з жонкай малочныя прадукты.
Лёс Стэфана быў больш рамантычным. Ён атрымаў медыцынскую адукацыю і таму ў час Першай сусветнай вайны быў прызваны ўрачом у расійскую армію. На вайне Стэфан сустрэў сваё каханне. У шпіталі, у які ён атрымаў назначэнне, працавала дзяўчына па імені Марыя. Яна паходзіла з багатага баронскага роду фон Фелькерзамаў, што валодаў уласным замкам у Прыбалтыцы. Дапамагаць параненым салдатам лічылася дастойным заняткам для дзяўчат са знатных сем’яў, таму калі пачалася вайна, яна вырашыла стаць міласэрнай сястрой. Паміж маладым ваенным урачом і яго падначаленай узнікла глыбокае пачуццё. Стэфан і Марыя рашылі ажаніцца, аднак, сутыкнуліся з моцным супрацьдзеяннем з боку сваіх бацькоў. Фон Фелькерзамы лічылі падобны шлюб мезальянсам, супраць жаніцьбы выступалі і Лопаты, якія жадалі іншага лёсу сыну. Аднак, Стэфан і Марыя паступілі як сапраўдныя героі рамантычных гісторый: нягледзячы на забароны родных, яны сталі мужам і жонкай і пачалі будаваць уласнае жыццё.
Пасля заканчэння вайны Стэфан Лопат атрымаў па завяшчанні бацькі грошы на адкрыццё ўласнай клінікі і пераехаў жыць у Брэст. Па спецыяльнасці ён быў хірургам і гінеколагам, лячыў жыхароў горада, а таксама хворых з навакольных вёсак. Ён быў вопытным спецыялістам і карыстаўся вялікай павагай як сярод пацыентаў, так і сярод персаналу клінікі. Да прыкладу, сям’я Лопатаў захоўвае гісторыю пра тое, як Стэфан, знаходзячыся ў Каранеўшчыне, прааперыраваў мясцовага селяніна. У хворага быў заварот кішак, і транспарціроўкі ў бальніцу ён мог не вытрымаць. Стэфан загадаў сабраць усе маючыя ў вёсцы газавыя лямпы і пры іх святле зрабіў аперацыю, чым выратаваў свайго пацыента.
У Брэсце ў Стэфана і Марыі нарадзіліся дочкі Ірына, Данута і Ала. У 1924 годзе сям’ю напаткала вялікае няшчасце: у маленькай Алы выявілі страшнае захворванне — запаленне абалонак галаўнога мозгу. Дзяўчынку не змаглі выратаваць, і яна літаральна згарэла ад хваробы, пражыўшы ўсяго тры гады. Сёстры Ірына і Данута былі выхаваны ў розных традыцыях. Ірына была любімай дачкой Марыі, у жылах якой цякла нямецкая кроў, і таму выхоўвалася ў нямецкім стылі. Данута была прывязана да бацькі і выхавана Стэфанам і яго сваякамі ў польскіх традыцыях. Маці даволі холадна адносілася да малодшай дачкі. Стэфана Лопата вельмі засмучала абыякавасць жонкі да Дануты, і, у рэшце рэшт, ён вырашыў аддаць яе ў школу пры манастыры сясцёр назарэтанак у Варшаве, дзе Данута правяла адзінаццаць гадоў. На летнія канікулы яна рэгулярна прыязджала ў Каранеўшчыну і суседнюю з ёй сядзібу Фларыянава, дзе ў той час жыла з мужам яе цётка Алена Бохвіц, якая клапацілася пра пляменніцу і стала для яе другой маці. Марыя фон Фелькерзам-Лопат па-ранейшаму цікавілася выключна старэйшай дачкой Ірынай, разам з якой кожны год праводзіла летнія канікулы ў сваіх сваякоў у Германіі.
У красавіку 1931 года сям’ю Лопатаў напаткала новая трагедыя: Стэфан Лопат, які ўсё жыццё прысвяціў лячэнню хворых, памёр з-за ўрачэбнай памылкі. Прычынай смерці сталі ўскладненні пасля няўдачна зробленай яму аперацыі. Пахавалі Стэфана на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава. Яго смерць стала сапраўднай сямейнай трагедыяй і шокам для супрацоўнікаў яго клінікі. Пазней дачка Данута напісала наступны верш:
«О, дараўскія могілкі! Вы хаваеце магілы спачыўшых нашых братоў і сясцёр. І так балюча робяць свежыя магілы, прыпаміная мне гроб бацькі маяго. Каханы тата, хоць зоркі і месяц так на небе свецяць не бачу больш я позірку твайго…»
Стэфан стаў апошнім з Лопатаў, пахаваным на беларускай зямлі.
Зараз Лопаты пражываюць у Канадзе, Польшчы і Германіі. Старэйшай прадстаўніцай сямейства з’яўляецца Ганна Францкевіч-Лопат, дачка апошняга ўладальніка Каранеўшчыны. Яна неаднойчы наведвала Беларусь, апошні раз — больш за сем гадоў назад. Дзякуючы яе старанням, былі добраўпарадкаваны фамільныя пахаванні на могілках у Дараве. Была яна і ў бацькоўскім доме, доўга ўспамінаючы потым пра добразычлівы прыём, аказаны супрацоўнікамі бібліятэкі, створанай у будынку былога радавога гнязда Лопатаў.
Дзмітрый МІРАЎ,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *