Прышчэпка ў дапамогу

Восень. Дажджы. Пахаладала. Нежаданы спадарожнік такога сезона – грып…

Грып – інфекцыйнае захворванне, небяспечнае, у першую чаргу, ускладненнямі, звязанымі з таксічным уздзеяннем віруса на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы, а таксама ўзнікненнем другаснай інфекцыі, якая можа выклікаць бактэрыяльную пнеўманію, міякардыт, атыт і г. д. Агульнавядомы факт – хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць. Медыкі сцвярджаюць: сёння не існуе больш эфектыўнага спосабу засцерагчыся ад грыпу, чым прышчэпка.

У нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, масава праходзіць вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу. У цэнтральнай раённай бальніцы паведамілі, што на Ляхавіччыне плануецца прышчапіць больш за 11 000 чалавек, з іх не менш як 2200 – за кошт сродкаў прадпрыемстваў.

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту вакцыну атрымаюць 3675 чалавек, што адносяцца да высокай групы рызыкі: дзеці з 6 месяцаў да 3 гадоў, дарослыя і дзеці з хранічнымі захворваннямі, людзі старэйшыя за 65 гадоў, медыцынскія работнікі, цяжарныя і г. д. Больш за 5000 чалавек прышчэпяць за кошт мясцовага бюджэту: хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць дзіцячыя садкі, школьнікі і навучэнцы, работнікі адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання і іншыя.

Прышчэпленыя хварэюць менш, чым тыя, хто вакцынацыю не прайшоў. А кошт вакцыны непараўнальны з выдаткамі, якія ўзнікаюць у сувязі з нявыхадам спецыяліста на работу. Пра сваіх работнікаў паклапаціліся і правялі вакцынацыю ў СВК “Востраў-Агра”, завяршаюць у “Шляху новым”, ТБЗ “Ляхавіцкі”, ПМК-13, “Белгранітсэрвісе” і фермерскай гаспадарцы “Улазавічы”.

Сёлета Міністэрства аховы здароўя закупіла вакцыну расійскай вытворчасці “грыпол плюс”. Яе кошт – 66 900 рублёў. Каб прышчапіцца за ўласныя сродкі, трэба звярнуцца да тэрапеўта ці ў даўрачэбны кабінет за накіраваннем, аплаціць  паслугу ў касе, і, калі ласка, у працэдурны кабінет. Супрацьпаказаннем да вакцынацыі з’яўляюцца вострыя захворванні ці абвастрэнне хранічных, алергічная рэакцыя.

Як расказала памочнік урача эпідэміёлага райЦГіЭ Ірына Літвіненка, па стане на 28 кастрычніка ў нашым раёне прышчэпку атрымалі больш за 8000 чалавек. Медыкі раяць прайсці вакцынацыю да канца лістапада, каб паспеў сфарміравацца імунітэт, які забяспечыць абарону ад захворвання на працягу 6-12 месяцаў.

Па інфармацыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на працягу некалькіх гадоў у вобласці і раёне не было эпідэміі грыпу, не закрываліся на каранцін школы. Дзякуючы вакцынацыі, прадухілены і значныя эканамічныя страты. Да таго ж, паказчык захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў прышчэпленых аказаўся амаль удвая ніжэй, чым у непрышчэпленых, рэзка зменшылася колькасць цяжкіх пнеўманій пасля рэспіраторных інфекцый і грыпу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *