Лекі з аптэкі

Напярэдадні сезона ўздыму вострых рэспіраторных захворванняў карэспандэнт “ЛВ” пацікавіўся, наколькі забяспечаны неабходнымі лекавымі сродкамі нашы аптэкі.

– Нягледзячы на сезонныя перамены надвор’я, ажыятажу ў аптэцы не назіраецца, – расказвае загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Лідзія Каласоўская. – Хаця, пакупнікоў, канешне, стала больш. Аптэкі РУП “Фармацыя”, што дзейнічаюць у нашым раёне, забяспечаны дастатковай колькасцю прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння грыпу і ВРВІ. Да таго ж, пры ўсіх урачэбных амбулаторыях і ФАПах арганізаваны пункты рознічнага гандлю лекавых сродкаў.

Каля 60 працэнтаў лекавых сродкаў адпускаецца без рэцэпта ўрача. Сярод такіх – супрацьвірусныя і імунамадулюючыя арпетол, флустоп, імунабекс, анаферон, імунал і іншыя. Дарэчы, не ўсе ведаюць, напрыклад, што аналаг імпартнага гропрынасіна – беларускі імуназін абыдзецца значна танней: за 20 таблетак крыху больш за 55 000 рублёў (гропрынасін – 286 000 за 50 таблетак).

У аптэцы нагадалі, што прафілактычныя сродкі інтэрферон і грыпферон, аксалінавая мазь могуць прыйсці на дапамогу, калі існуе пагроза заражэння.

У комплексным лячэнні грыпу і ВРВІ прымяняюцца і гамеапатычныя сродкі – афлубін і аксілакакцынум. Навінка – беларускія каплі АКОгрыпдзілум.

У шырокім асартыменце – парашкі, таблеткі і сіропы для кароткачасовага зняцця сімптомаў грыпу і прастуды. Грыпамікс выпускаецца нават на фруктозе. На паліцах і таблеткі для рассмоктвання, гарачкапаніжальныя і абязбольвальныя сродкі, супрацькашлевыя сіропы, каплі ў нос, полівітамінныя прэпараты, лекавыя травы і зборы і іншае.

Але лячыць, безумоўна, павінен урач. Пры першых сімптомах захворвання трэба абавязкова звяртацца за медыцынскай дапамогай.

Лідзія Каласоўская напомніла, што з 1 ліпеня ва ўсіх аптэках “Фармацыі” дзейнічае 5-працэнтная скідка на прэпараты айчыннай вытворчасці для інвалідаў усіх груп, пенсіянераў, мнагадзетных сем’яў, дзяцей да 3-х гадоў. Каб набыць лякарства па льготнай цане, неабходна прад’явіць пацвярджаючы дакумент: пенсійнае пасведчанне, бацькам дзяцей да трох гадоў – пашпарт і г.д. Скідка дзейнічае толькі на прэпараты, якія набываюцца за поўны кошт.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ласунак для імунітэту

Вазьміце па шклянцы грэцкіх арэхаў, разынак і курагі, лімон (можна без скуркі). Усё перакруціце на мясарубцы, дадайце шклянку мёду, перамяшайце. Можна дадаць яшчэ і інжыр па смаку.
Гэты сродак вельмі смачны і самае галоўнае – карысны!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *