Плюс, які не радуе

Над вырашэннем гэтай праблемы актыўна працуюць медыкі з усяго свету, тым не менш вірус імунадэфіцыту чалавека пакуль застаецца невылечным захворваннем.
Па інфармацыі рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, сёння ў Беларусі жывуць амаль 15000 чалавек з дыягназам ВІЧ-інфекцыя, 1725 з іх даведаліся пра сваю хваробу сёлета. Найбольшая колькасць выпадкаў інфіцыравання зарэгістравана ў Гомельскай вобласці (8714), Мінску (3252), Мінскай вобласці (2729).
Статыстыка сведчыць, што вірус імунадэфіцыту найчасцей выяўляецца ў маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў (больш за палову выпадкаў). І калі раней асноўным шляхам інфіцыравання станавілася ўнытрывеннае ўвядзенне наркотыкаў, то ў апошнія гады на першыя месцы  выйшла заражэнне палавым шляхам.

З 1987 года, калі ў краіне ўпершыню быў выяўлены ВІЧ, інфіцыраваныя маці нарадзілі 3026 дзяцей. 260 з іх гэты дыягназ дастаўся “ў спадчыну”.
У краіне зарэгістравана больш за 5000 выпадкаў, калі вірус перайшоў у стадыю СНІД. Больш за 4300 ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў памерла.
Сумныя лічбы, якія падштурхоўваюць да сур’ёзнага роздуму.
На жаль, усё яшчэ многім здаецца, што хвароба хаця і існуе, але дзесьці далёка і ніякім чынам не закране яго асабіста. На справе ўсё не так адназначна.
На Брэстчыне ВІЧ быў дыягнаставаны паўтары тысячы разоў. Па стане на 1 кастрычніка 671 ВІЧ-пазітыўны пацыент выяўлены ў Пінску і 75 у Пінскім раёне, 220 – у Брэсце, 155 – у Баранавічах і Баранавіцкім раёне,
84 – на Лунінеччыне. Наогул, у нашай вобласці няма ніводнага горада і раёна, дзе б не рэгістраваўся вірус імунадэфіцыту.
Як паведаміла памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ Ларыса Кендыш, сёлета 2 новыя выпадкі інфіцыравання выяўлены і на Ляхавіччыне. Зараз у раёне пражывае 10 чалавек з такім дыягназам. Сярод іх адно дзіця, якому ВІЧ перадаўся ад маці пры нараджэнні. Астатнія – і мужчыны, і жанчыны – атрымалі хваробу праз палавыя кантакты. Што датычыць узросту, то сярод пазітыўных землякоў у асноўным 35-39-гадовыя, але ёсць і тыя, каму за 50.
Наогул жа, гэтая хвароба не залежыць ні ад узросту ці месца жыхарства, ні ад полу ці грамадскага статуса. Надзейна абараніць ад яе здольны толькі здаровы лад жыцця, разуменне сямейных каштоўнасцяў і адказнасць за свой лёс і лёс сваіх блізкіх.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

One thought on “Плюс, які не радуе

  • 04/11/2015 в 12:34
    Permalink

    Згодна, здаровы лад і ўласная адказнасць — важныя складальнікі абароны ад «плюса». Але, лічу, медыкі і іншыя зацікаўленыя службы павінны больш прафілактыраваць, выходзіць у працоўныя калектывы і школы, біць трывогу. Лічбы патрабуюць неадкладных мер. 2 новыя выпадкі інфіцыравання, а гэта лёс не толькі самога хворага, але і яго родных, блізкіх …

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *