«Беларусь замкавая»

Выданнем, што робіць гонар айчыннай паліграфіі, стаў цудоўны фаліянт «Беларусь замкавая», які ўбачыў свет у выдавецтве «Бяловагрупп». Шыкоўны фотаальбом аднаўляе дарагія сэрцу старонкі гісторыі і прысвечаны помнікам манументальнага дойлідства. Фотаздымкі старадаўніх замкаў Беларусі, якія захаваліся да сёння, абноўленыя ці ў чаканні рэстаўрацыі, узрушваюць сваёй велічнасцю, прыгажосцю, фундаментальнасцю. Як, дарэчы, і сама кніга. Ёсць у ёй і старонкі, прысвечаныя Ляхавіцкай фартэцыі – план, выява, якія засталіся ў архівах, а таксама сённяшні гарадскі пейзаж нашага райцэнтра – мясціны, дзе некалі знаходзіўся адзін з самых магутных замкаў Вялікага Княства Літоўскага.
Вельмі прыемна, што рэдкалегія выдання пазначыла не толькі штатных аўтараў фотаальбома, але і пазаштатных памочнікаў, у тым ліку, і рэдакцыю газеты «Ляхавіцкі веснік».
Нагадаем, што «Беларусь замкавая» ўдастоена Гран-пры на 54-м Нацыянальным конкурсе мастацтва кнігі і Гран-пры XII Міжнароднага конкурсу дзяржаў – удзельнікаў СНД «Мастацтва кнігі». Дарэчы, у апошнім конкурсе прымалі ўдзел 117 выданняў у 11 намінацыях.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *