Дабегчы да золата

У апошні дзень кастрычніка звычайны сельскі населены пункт Каробчыцы, што на Гродзеншчыне, паўстаў у незвычайным антуражы. Вёска прымала чэмпіянат і першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкаатлетычным кросе. Сумяшчэнне ў адным месцы і ў адно спаборніцтва чэмпіянату і першынства асабліва значнае для маладых і юных, якія маюць магчымасць паназіраць за бегам вопытных дарослых спартсменаў, прыгледзецца да тэхнікі, ацаніць і ўзяць на заметку адметнасці іх тактычных паводзін на дыстанцыі.
Чэмпіёнская кросавая дыстанцыя складала   8 кіламетраў. Маладыя атлеты, юніёры і юніёркі, юнакі і дзяўчаты спаборнічалі кожны на сваім адрэзку. Напрыклад, для самых юных ён раўняўся 2 кіламетрам для хлопчыкаў і кіламетру для дзяўчынак.
Спаборніцтвы адкрыў парад каманд. Іх 7, па колькасці абласцей плюс “сталічнікі”. У складзе Брэсцкай вобласці на першынстве краіны выступаў ляхавічанін Дзмітрый Равінскі. Для юнакоў гэтага ўзросту дыстанцыя раўнялася 4 кіламетрам, пераадолець якія належала па перасечанай мясцовасці. На ўсё пра ўсё Дзмітрыю спатрэбілася 12 мінут 43 секунды. І гэта пераможны час. Другім прызёрам з адставаннем у 6 секунд стаў лёгкаатлет з Гомельшчыны, трэцяе месца дасталося магіляўчаніну, які фінішаваў праз 11 секунд пасля пераможцы.
Сайт Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі прыводзіць пасляфінішны “спіч” нашага земляка: “Траса цяжкая, бег даўся нялёгка. Ляхавічы – назаўсёды!”.
У скарбонцы атлетаў Брэсцкай вобласці яшчэ 2 другія і 3 трэція месцы. Але залаты медаліст сярод брастаўчан адзін, і гэта Дзмітрый Равінскі з Ляхавіч.
Камандную ж перамогу святкавалі красмены з Магілёўскай вобласці, Брэсцкая каманда засталася з серабром, трэці прыз застаўся ў гаспадароў спаборніцтваў – атлетаў Гродзенскай вобласці.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://bfla.eu

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *