Наша будучыня – у нашых руках. 6 лістапада ў Палацы Незалежнасці адбылася цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі». Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю,  Аляксандр Лукашэнка прачытаў прысягу на беларускай мове.

Далей Аляксандр Лукашэнка  падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў прысутнасці больш як тысячы запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці.

Затым беларускія ваеннаслужачыя на плошчы Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту.

Ваеннаслужачыя ўрачыста пакляліся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцаў Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту, абараняць Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця. На заканчэнне цырымоніі перад Кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам прайшла рота ганаровай варты.

Беларускія прыярытэты

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі, акцэнтаваў увагу на тым, што эканоміку Беларусі ў наступны пяцігадовы
перыяд трэба будзе ўзняць на больш высокі ўзровень.
«Эканоміка наступнай пяцігодкі – якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую і інавацыйную мадэрнізацыю», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне аб безумоўным захаванні рабочых месцаў і выплаце дастойных зарплат застаецца ў сіле», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Перад намі мэта – не на словах, а на справе пабудаваць інавацыйную эканоміку, эканоміку ведаў. У перспектыве наша краіна павінна ўвайсці ў лік найбольш развітых дзяржаў», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб Беларусь стала адным з самых прыцягальных месцаў для інвестыцый, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Абапіраючыся на супрацоўніцтва з дзелавымі коламі вядучых краін, кааперацыйныя сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы маем намер і далей нарошчваць свой экспарт. Пры гэтым актывізуем работу па пошуку новых рынкаў збыту». Прэзідэнт звярнуў увагу, што за апошнія гады тут краіна набыла сур’ёзны вопыт.
«Высокаразвітая эканоміка стане гарантам незалежнасці Беларусі», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
«Мы будуем, яшчэ раз падкрэсліваю, дзяржаву для народа. Таму прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей. Укараненне ўсяго самага лепшага ў сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Сістэма аховы здароўя, адукацыі будзе захавана, чаго б нам гэта ні каштавала, інакш не будзе ні ведаў, ні эканомікі ведаў, ні народа».
Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе ўдзелена ўмацаванню інстытута сям’і, падтрымцы мнагадзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Акрамя таго, новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы, запэўніў Прэзідэнт.

Ідзём сваім шляхам

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з’яднанае грамадства, за мільёны землякоў – грамадзян свабоднай Беларусі. «У час праведзенай кампаніі па выбарах Кіраўніка дзяржавы наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць поглядаў. Нас не раз’ядналі ў мінулым, не ўдалося гэта цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца зрабіць у будучым», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «шматлікія наглядальнікі, і нашы, і замежныя, маглі пераканацца ў тым, што ўся выбарная кампанія прайшла спакойна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам». Усім кандыдатам былі прадастаўлены шырокія магчымасці для агітацыі.
Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, усім тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру.   Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога.
«У няпросты гістарычны момант народ прадэманстраваў з’яднанасць, масава прыняўшы ўдзел у выбарах. Сваімі галасамі людзі выказалі прыхільнасць да той унутранай і знешняй палітыкі, якую мы праводзім вось ужо больш як два дзясяткі гадоў», – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што гэта палітыка не дасталася ў спадчыну. «Тады былі зусім іншыя выклікі, мы жылі ў вялікай краіне, якая магла дыктаваць усяму свету ўмовы існавання і ўраўнаважваць гэты свет. Сёння іншыя выклікі, і нам часам адным даводзілася фарміраваць гэту ўнутраную і знешнюю палітыку, дзесьці спатыкаючыся, дзесьці натыкаючыся на пера-
шкоды, але мы не хлусілі, мы ніколі нікога не падманвалі. Мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў. Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. Нам сапраўды ёсць што адстойваць сёння і чым ганарыцца», – рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
«Праведзеныя выбары чарговы раз даказалі самым розным сілам, у тым ліку за межамі нашай краіны: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый» і «плошчаў» правальная! Гэтага ніколі не будзе!» – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі «па-ранейшаму ёсць жменька, сапраўды жменька, палітыкаў, якія хочуць распаліць агонь унутранай смуты».
«Характэрна, што такіх радыкалаў не прымае не толькі пераважная большасць народа, але нават і тая зусім невялікая частка людзей, якая не падзяляе пэўныя стратэгіі ўлады. Гэта значыць гэту іх ідэалогію нават іх прыхільнікі не прымаюць», – канстатаваў Прэзідэнт.

Дзяржава для народа

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе разам мы стварылі жыццяздольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца, пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб’ектаў інфраструктуры, мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, што, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, ужо ў бягучай пяцігодцы дасць эфект. У сціслыя тэрміны была вырашана праблема харчовай бяспекі. Больш таго, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур’ёзную крыніцу экспарту, дадаў ён.
«Створаны патэнцыял дасць магчымасць нам нават у перыяд глабальных эканамічных узрушэнняў забяспечваць развіццё Рэспублікі Беларусь, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – У краіне пануе мір і сацыяльная справядлівасць. Чалавеку адкрыты ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для работы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы. Гэта наша з вамі найвялікшая  заслуга. Колькі мы патрацілі крыві і поту, каб гэту сістэму стварыць…».
«Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай гэта ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс. Іншы пункт гледжання, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам аб Радзіме, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі – выкарыстаны і ажыццёўлены», – гарантаваў Кіраўнік дзяржавы.
Кожны чалавек у Беларусі знаходзіцца пад аховай закону, а значыць, і Прэзідэнта, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэты прынцып непахісны. Толькі такім чынам можна дабіцца кансалідацыі грамадства, абудзіць у ім стваральную энергію. Гэтых падыходаў мы будзем прытрымлівацца і ў будучым», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што «занадта шмат сёння гавораць і пішуць аб рэформах, аб структурных рэформах» і заклікаў прыхільнікаў рэформ сумленна сказаць, што яны прадугледжваюць павышэнне пенсійнага ўзросту, увядзенне платнай медыцыны, адукацыі і гэтак далей.
Кіраўнік дзяржавы таксама выступіў супраць таго, каб увесці прыватную ўласнасць на зямлю і раздаць яе фермерам. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты крок немэтазгодны, паколькі сельская гаспадарка (і аб гэтым сведчыць вопыт еўрапейскіх краін) мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.

За мір ва ўсім свеце

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з’яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію.
«Мы, беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя будзем усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, – падкрэсліў беларускі лідар. – Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям, і іншым краінам».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь – міралюбівая і добразычлівая краіна без якіх-небудзь фантастычных амбіцый.
«Наша жаданне адно, простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям, мы заўсёды былі дружныя з імі, мы ішлі з адкрытым сэрцам, з кавалкам хлеба, а не з каменем у руках. І будзе так у далейшым!»
Ён адзначыў, што сёння Беларусь – адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце. Хутка развіваючы транспартна-лагістычную інфраструктуру, рэспубліка стала незаменным транзітным калідорам. Праз тэрыторыю краіны цячэ вялікі паток тавараў, які будзе павялічвацца.
«Мір і парадак на нашай зямлі – найвышэйшая каштоўнасць. Вышэй нічога быць не можа! Калі непарадак, калі канфлікт, калі вайна – не патрэбны ні хлеб, не патрэбны ні адзенне, ні зарплаты, ні прадпрыемствы, ні рэформы. Таму мір і парадак – гэта галоўнае!», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
«Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расіяй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы», – сказаў беларускі лідар.
Ён дадаў, што Беларусь развівае сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і ў гэтым ужо ёсць пэўныя вынікі.
Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам, калі яны гэтага хочуць.
На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, адзінства і мэтанакіраванасць беларускага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, яснасць праводзімага кіраўніцтвам краіны курсу прымусілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом.
«Ён убачыў у нашай асобе прыстойнага партнёра, – адзначыў Прэзідэнт. – Мы вітаем такі рух у гэтым напрамку».
«Мы заўсёды сцвярджалі: спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, – гэта тупіковы шлях. Ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе», – сказаў беларускі лідар.
«Таму мы будзем праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, – падкрэсліў   Аляксандр Лукашэнка. – І мы будзем зыходзіць з уласных інтарэсаў і інтарэсаў нашых суседзяў».

Калі народ адзіны,   ён непераможны

«Яшчэ здаўна гаварылі: калі народ адзіны, ён непераможны. Увесь наш гістарычны шлях, вопыт абавязвае як зрэнку вока берагчы згоду ў грамадстве. Мы павінны быць непарыўным цэлым, тым маналітным арганізмам, які называецца «беларускі народ», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў: «Мы ўсе павінны разумець галоўнае, выразна яго ўсведамляць: наша будучыня, перш за ўсё, у нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць, у першую чаргу, унутры, а не звонку краіны».
Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ўпартая праца, разважліваць і мудрасць будуць садзейнічаць развіццю Беларусі.

Чужога не трэба,  свайго не аддадзім
Выступаючы на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы беларускаму народу і Прэзідэнту, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі ставіць сабе за найвышэйшую мэту надзейную абарону інтарэсаў краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Узначаліць дзяржаву – вялікая адказнасць перад сваім народам і Айчынай, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што «ўступленне Прэзідэнта на пасаду – гэта заўсёды новы этап у жыцці краіны і чарговы гістарычны адрэзак часу, з якім грамадства звязвае свае надзеі на будучае».
«Свет вакол нас не стаў больш паспяховым. І гэта аказвае свой негатыўны ўплыў на Беларусь. Але мы абавязкова захаваем нашу дзяржаву. Мы даражым нашай Радзімай. Будзем адзіныя, паслядоўныя і настойлівыя ў стваральнай працы, прынцыповыя і рашучыя ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў», – заклікаў Прэзідэнт.
«Мы нікому не аддадзім ні кавалка нашай зямлі, не пагражаючы нашым суседзям і іншым дзяржавам. Нам не трэба чужога, але і свайго не аддадзім», – сказаў  Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым у поўнай меры выконваць узятыя на сябе па міжнародных дагаворах і пагадненнях абавязацельствы па захаванні міру.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Сёння Беларусь – паўнапраўны, аўтарытэтны член сусветнай супольнасці, гатовы абараніць ад замахаў свой суверэнітэт. Гэта краіна высокіх сацыяльных стандартаў, у якой забяспечаны стабільнасць і грамадзянская згода».

Меркаванні

Міхаіл Мясніковіч,  старшыня Савета Рэспублікі:
«Цярністы наш шлях, але мы моцная нацыя, мы моцныя нашым адзінствам, з’яднанасцю вакол нашага лідара».

Пётр Міклашэвіч,  старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі:
«З гэтага моманту на працягу наступных пяці гадоў Вы з’яўляецеся Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, гарантам правоў і свабод грамадзян, Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі. Выказаўшы Вам высокі давер на выбарах, грамадзяне краіны сёння ўпэўнены, што Вы будзеце эфектыўна рэалізоўваць канстытуцыйныя паўнамоцтвы Прэзідэнта на карысць беларускага народа.
Мы перакананы, што курс па фарміраванні дзяржавы для народа, сцвярджэнні роўнасці і справядлівасці, грамадскай згоды і міру будзе паслядоўна прадоўжаны».
Лілія Ананіч, міністр інфармацыі:
«Народ падтрымаў праводзімую Аляксандрам Лукашэнкам палітыку, перавыбраўшы яго на прэзідэнцкіх выбарах. У людзей ёсць упэўненасць у будучыні, і гэта будучыня – у мірным і стабільным развіцці краіны».
Чжун Шань,  намеснік міністра камерцыі   Кітая, спецпрадстаўнік КНР па справах міжнародных   перагавораў па гандлёвых  пытаннях:
«Кітай і Беларусь – добрыя даўнія сябры. І мы рашуча падтрымліваем выбраны Беларуссю шлях, які дае магчымасць забяспечваць стабільнасць, бяспеку і мірнае развіццё».
Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *