А на дэсерт – “Пламбір”. Другі год у Ляхавіцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі райцэнтра працуе культарганізатар

Другі год у мясцовым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі райцэнтра працуе культарганізатарам Аляксандр Стэцко. Творчы педагог адразу заявіў пра сябе: крэатыўны і актыўны, ён, здаецца, выпраменьвае энергію і фантануе ідэямі. Днямі разам з іншымі фіналістамі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер пабываў у нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Дарэчы, менавіта сюды ён калісьці размеркаваўся пасля заканчэння БарДУ. Але спачатку адслужыў у арміі ў паветрана-дэсантных войсках (з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па самба і рукапашным баі). А пасля вяртання ў “Зубраня” цалкам пагрузіўся ў жыццё, напоўненае конкурсамі, фестывалямі, выступленнямі…

4 гады праімчалі, здаецца, як адзін дзень, з настальгіяй успамінае Аляксандр. Яны былі цудоўнай школай жыцця і педагагічнай загартоўкі. Менавіта тут у 2013 годзе прымерыў на сябе званне лепшага важатага.
Лёс распарадзіўся так, што Аляксандр вярнуўся на сваю малую радзіму і прадоўжыў добрую творчую традыцыю ў ляхавіцкім ЦДАДіМ. У мінулым годзе ў конкурсе сацыяльнай рэкламы “Будзь здаровы” разам са сваімі выхаванцамі быў адзначаны на рэспубліканскім узроўні дыпломам  III ступені, на абласным – I ступені. Пры гэтым не “хварэе” зорнасцю. Добразычлівы, шчыры, адкрыты, ён адразу стаў сваім у калектыве, да яго пацягнуліся хлопчыкі і дзяўчынкі. А пасля паспяховага дэбюту з “гульнёй прастолаў” у “Чайцы” вядомасць таленавітага культарганізатара ўзрасла ў разы. Рабяты, яшчэ здалёк убачыўшы свайго Аляксандра Валер’евіча, жадаюць яму добрага дня.
На двары восень, а ён ужо выношвае план адпачынку чарговай змены ў летніку. Раскрывае тайну і дзеліцца, што ў новы праект паспрабуе  да забаў і гульняў дабавіць і адукацыйны складальнік – каб адпачынак быў актыўным, захапляючым і пазнавальным. Лічыць, калі аб’яднаць рабят агульнымі інтарэсамі, мэтамі, сугучнымі іх светапогляду, калі яны будуць адчуваць сябе непадзельным калектывам, тады не ўзнікне ніякіх непрыемных нечаканасцяў і “сюрпрызаў”.
…Дзень педагога дадатковай адукацыі насычаны і ў нечым нагадвае творчы марафон. Бясконцыя сцэнарыі, падрыхтоўка да разнастайных мерапрыемстваў, стварэнне антуража… Аляксандр з задавальненнем прыдумвае, фантазіруе, вынаходзіць. Для натхнення яму не трэба нейкіх асаблівых умоў і абставін. Ідэі нараджае і падказвае жыццё, асабліва шчодрыя на іх дзеці. У цэнтры Стэцко кіруе гуртком “Школа КВЗ”.
– З гумарам і жартам жыццёвыя будні набываюць светлыя колеры. Вучым падлеткаў расквечваць кожны дзень. Таму клуб вясёлых і знаходлівых хутчэй прыемнае хобі і правядзенне часу з дзецьмі, – адзначае педагог.
У перамогах каманды КВЗ  СШ № 1 “Пламбір” ёсць уклад Аляксандра. Сёння ён марыць пра далейшыя поспехі рабят і разам з такімі ж нераўнадушнымі калегамі плануе далей дапамагаць юным ляхавічанам развіваць таленты і здольнасці. З дзецьмі яму цікава, таму не стамляецца здзіўляць калег і выхаванцаў новымі вынаходкамі.
Пра выбраную аднойчы прафесію настаўніка пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры зусім не шкадуе. З дзяцінства прывык вазіцца з малымі – ён другі ў вялікай сям’і, дзе акрамя яго, яшчэ два браты і чатыры сястры. З гонарам адзначае, што цяпер ужо дзядзька чатырох пляменнікаў. Калі сям’я збіраецца разам, бацькоўскі дом нагадвае шчаслівы вулей, дзе заўсёды падтрымаюць адзін аднаго, дапамогуць. Ён жа пакуль толькі на камп’ютары “будуе” дом сваёй мары, займаецца 3D- праектаваннем інтэр’ера.
Нядаўна з камандай крэатыўных калег-аднадумцаў Аляксандр Стэцко быў сярод удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці – гуляем мы”, што праходзіў таксама ў “Зубраняці”. Праект “Кніга магіі, ці Тайны дзіцячага чарадзейства” нашага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быў адзначаны дыпломам Міністэрства адукацыі ў намінацыі “За арыгінальнасць сцэнарнай ідэі”.
…Зноў гучаць звонкі смех і шчырыя апладысменты гледачоў – скончылася чарговае мерапрыемства ЦДАДіМ, сцэнарыстам якога выступаў Аляксандр Стэцко.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *