Усё ў нас атрымліваецца

Год моладзі, аб’яўлены ў краіне сёлета, гучыць значна і знакава, напоўнены шматлікімі сустрэчамі, разнастайнымі праектамі і акцыямі, тым больш, што ён супаў з юбілеем Перамогі. Моладзь паспявае ўсюды – вучыцца, працуе, выхоўвае дзяцей, стварае і асвойвае сучасныя тэхналогіі, займаецца навукай і творчасцю, служыць у войску.

У нашым раёне пражывае больш за 4500 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Для многіх з іх рабіць добрыя справы – жыццёвая патрэба. На працягу года валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” разам з каляджанамі, іншыя нераўнадушныя дапамагалі пажылым землякам, ветэранам вайны і працы, інвалідам, дзецям з неўладкаваных сем’яў. Патрыятычныя акцыі “Ветэран жыве побач”, “Дзякуй за Перамогу!” аб’ядналі актыўных і ініцыятыўных у шчырым памкненні дапамагчы і выказаць пашану тым, хто заваяваў мір і спакой у краіне.

Захаванне непарыўнай сувязі пакаленняў і традыцый – адна з яскравых адметнасцяў бээрэсэмаўцаў і піянераў. Дарэчы, сёлета Беларуская піянерская арганізацыя ўрачыста адзначыла сваё 25-годдзе.

Кола інтарэсаў моладзі не абмяжоўваецца сацыяльна-бытавымі пытаннямі, заработнай платай і сацыяльнымі сеткамі. Сёння яна займае актыўную пазіцыю ў грамадскім і палітычным жыцці. Напрыклад, падчас выбарчай кампаніі прымала ўдзел ва ўсіх яе этапах: юнакі і дзяўчаты былі ў складзе ўчастковых камісій, ініцыятыўных груп, у якасці наглядальнікаў на выбарчых участках.

У праграме рэспубліканскай акцыі “Чысты лес” малыдыя землякі наводзілі парадак у лясах і ўздоўж дарог. На іх рахунку і іншыя справы.

Каб засцерагчы моладзь ад неабдуманых учынкаў, шкодных звычак, дапамагчы падлеткам зрабіць выбар на карысць здаровага ладу жыцця, выкарыстоўваюцца самыя розныя формы і метады прафілактычнай работы. Гэта і інтэлектуальныя гульні (напрыклад, раённая бібліятэка арганізавала “квэст”, падчас якога можна было даведацца пра цікавыя і невядомыя факты з гісторыі горада), і спартыўныя спаборніцтвы. Стаў традыцыйным турнір па армрэслінгу і гіравым спорце. Сапраўднае свята для дзяцей і дарослых – турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча.

Рамантыка паходнага жыцця, новыя знаёмствы, песні ля кастра, спаборніцтвы і творчыя конкурсы прыцягваюць да ўдзелу ў турысцка-краязнаўчых злётах і ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.

Выхаванне патрыятызму, актыўнай грамадзянскай пазіцыі – не разавая акцыя. Сярод юных ляхавічан за гонар лічыцца атрымаць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у час урачыстасцей з нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Выказаць сваю свядомую пазіцыю можна было ў адкрытых дэбатах “Выбірай.by”, што арганізоўваў райкам БРСМ. На іх абмяркоўваліся паўсядзённыя праблемы, з якімі сутыкаецца малады спецыяліст напачатку сваёй працоўнай дзейнасці.

Дарэчы, сёлета ў наш раён прыбылі пасля заканчэння навучальных устаноў 72 маладыя спецыялісты. Мясцовая ўлада трымае пад кантролем іх праблемы, цікавіцца ўладкаваннем, дапамагае ў вырашэнні некаторых надзённых пытанняў. Шчаслівымі ўладальнікамі арэндных кватэр сёлета сталі 10 маладых спецыялістаў. За “круглым сталом” з кіраўніцтвам раёна кожны год абмяркоўваецца ўладкаванне маладых кадраў, іх адаптацыя на рабочых месцах.

”Няма лішняй хвіліны на адпачынак, танцы пачакаюць”, – такія адказы можна было пачуць падчас жніва ад маладых камбайнераў і вадзіцеляў. Штогод яны плённа шчыруюць на ўборцы. А маладая сям’я Ланкуцёў з Малога Гарадзішча ўдзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладары сяла”.  300 юнакоў і дзяўчат адзначыліся ў будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных студэнцкіх атрадах.

Сёння ў руках маладых ключы ад будучыні. Яны вучацца быць дбайнымі гаспадарамі. Вучацца паспяхова.

Алег ТРАЦЦЯК, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *