Агонь жартуе сур’ёзна. З 20 кастрычніка па 20 лістапада праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». «ЛВ» неаднойчы звяртаўся да гэтай тэмы

Вёска Заполле, да 7 жніўня на гэтым папялішчы быў дом.

З 20 кастрычніка па 20 лістапада праходзіць пажарна-прафілактычная  акцыя «За бяспеку разам». «ЛВ» неаднойчы звяртаўся да гэтай тэмы. На мінулым тыдні пацікавіўся ходам месячніка ў аграгарадку Востраў  і вёсцы Заполле.

На гэтым доме па вуліцы Савецкай у Заполлі чырвоная зорачка: тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Гунько. Гаспадар вельмі нахвальваў сваю абноўку – новую печ:

– Цяга што трэба. Ні чаду, ні дыму. Прапальваць адно задавальненне, не тое, што было раней.

Гэта адзін з падарункаў ветэрану ў год юбілею Вялікай Перамогі. Усталявалі новую печ і замянілі электраправодку за кошт бюджэтных сродкаў. Непаладкі і няспраўнасці ў пячным ацяпленні і збоі ў падачы электраэнергіі заўважыў сам гаспадар, гэта пацвердзілася і падчас штогадовага абследавання ўмоў жыцця састарэлых людзей. Дзеці і ўнукі наведваюць Аляксандра Гунько часта, але ж большую частку года ён жыве адзін, таму да яго, як і да іншых 433 адзінока пражываючых на тэрыторыі Востраўскага сельсавета грамадзян, – увага асаблівая. Як, дарэчы, і да 18 мнагадзетных і 35 неўладкаваных сем’яў, 29 інвалідаў І групы – яны ў пастаянным полі зроку мясцовай улады.

– Гэтым людзям увага першачарговая. Пажылым самастойна цяжка клапаціцца пра ўласную бяспеку. Стараюся як мага часцей бываць у кожнага, наведваюць іх і сацыяльныя работнікі, шэфствуюць школьнікі. На кантролі і сем’і, дзе не ўсё ладзіцца, – расказвае старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра.

З кіраўніком тутэйшай адміністрацыі сустрэліся пры падрыхтоўцы артыкула аб ходзе пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам”, што доўжыцца з 20 кастрычніка па 20 лістапада.

Уладзімір Тадра ехаў пасля размовы з сумна вядомым мясцовым грамадзянінам, дом якога ў Заполлі ноччу 7 жніўня ператварыўся ў папялішча (неаднойчы да таго здарэння гаспадара папярэджвалі пра неабходнасць захавання правілаў пажарнай бяспекі).

СВК “Востраў-Агра”, у якім працуе пагарэлец, выдзеліў яму для часовага пражывання дом у Рагачах. А вось разабраць рэшткі згарэлага вясковец так і не сабраўся: кіраўнік сельвыканкама называе апошні тэрмін – да 1 снежня, інакш будзе складзены адміністрацыйны пратакол.

Такіх патэнцыяльных правакатараў няшчасных выпадкаў у сельсавеце хоць і нямнога, але ёсць. Небяспеку ўяўляюць і пустуючыя дамы. Менавіта іх часта аблюбоўваюць бамжы, п’яныя кампаніі. Вось ужо каторы год, скардзіцца Тадра: ніяк не могуць “зладзіць” з уласнікам амаль разваленага дома на вуліцы Савецкай у аграгарадку Востраў. Цяпер міліцыя далучылася да яго пошуку. Закінуты дом псуе агульную карціну добраўпарадкавання і, галоўнае, – вельмі небяспечны. Дастаткова кінуць непатушаны акурак ці запалку – і агонь забушуе.

Разам з інспектарам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святланай Гарон заходзім у суседні дом. Яшчэ з падворка відаць – жыве дбайны гаспадар. Як аказалася – гаспадыня, 76-гадовая Марыя Качан, якой дапамагае спраўляцца па доме сацыяльны работнік. Да ацяпляльнага сезона Марыя Канстанцінаўна падрыхтавалася добра: усё раскладзена-расстаўлена, дровы складзены ў спецыяльнай пабудове, брыкет – у іншай, балон са звадкаваным газам, як і належыць, у спецыяльнай скрыні на вуліцы пад замком. Дарэчы, заяўкі на замену балонаў выконваюцца па меры паступлення, а газавікі бываюць у аграгарадку і вёсках штотыдзень. Марыя Канстанцінаўна расказвае, што сыны абавязкова раз, а то і двойчы ў год прачышчаюць комін:

– Яшчэ некалі мае бацькі вучылі: печ трэба даглядаць, чысціць, бяліць абавязкова, тады яна і грэць будзе добра і бяспечна.

Як расказалі ў сельвыканкаме, у пастаяннай прафілактычнай практыцы – сельскія сходы, на якіх ідзе гаворка пра правілы бяспекі, акцэнтуецца ўвага і на адміністрацыйнай адказнасці за выяўленыя парушэнні. Такія сходы сёлета прайшлі ў Любейках, Рагачах, Куліках, Гуце, Заполлі, Востраве. Плануецца да канца года наведаць усе 11 вёсак сельсавета, у якіх пражывае 1936 чалавек. А яшчэ пры сельвыканкаме дзейнічае савет па прафілактыцы.

Заходзім да 87-гадовай Ніны Туміла. Для адзінокай Ніны Фамінічны першы памочнік і вельмі неабходны чалавек – сацыяльны работнік Наталля Гутырчык. Яна і ў хаце прыбярэ,і прадукты купіць, і ў іншых клопатах дапаможа. Гаспадыня прывыкла паліць печку толькі дровамі.

– Адзін дзень прапальваю печ, другі – “стаяк”, так і чаргую. Яны ў мяне хоць і ва ”ўзросце” больш за 40 гадоў, але дагле-джаныя, – расказвае гаспадыня. У доме ў абавязковым парадку – аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Наступны прыпынак – вёска Заполле. У сенцах дома, куды зайшлі, у кутку акуратна складзены дроўцы, з хаты цягне цяплом ад распаленай печкі. Кацярына Русакевіч, абапіраючыся на кіёк, ветліва сустракае нязваных гасцей. Ёй 82 гады, здароўе падводзіць, перанесла аперацыю, таму з удзячнасцю расказвае пра сацыяльнага работніка Таццяну Гібеж. Дзеці Кацярыну Анатольеўну не забываюць, прыязджаюць. Сама на зіму збіраецца да дачкі ў Мінск. Але, нягледзячы на гэта, дроў і брыкету запасла, печ абнавіла, аўтаномны пажарны апавяшчальнік спецыялісты праверылі.

– Дзякуй уладзе, што старых не забывае. Старшыня сельвыканкама Уладзімір Фёдаравіч цікавіцца нашым жыццём, пытаецца і пра праблемы. Людскі ён чалавек, – гаворыць гаспадыня.

На тэрыторыі Востраўскага сельсавета за апошнія гады сітуацыя з пажарамі адносна стабільная: пачынаючы з 2012 года па 3 (выключэнне – 2013г. – 5). Сёлета выратавальнікі прыязджалі ўтаймоўваць агонь у Заполле, Тухавічы і Траццякоўцы. У двух апошніх вёсках гарэлі нежылыя дамы.

Ацяпляльны сезон толькі пачаўся. Таму існуе злабадзённая неабходнасць зноў агледзець прыборы ацяплення, адрамантаваць тое, што не паспелі раней. Элементарныя правілы – не перапальваць печ, прапальваць яе да адыходу да сну, не складваць побач гаручыя матэрыялы, адсунуць фіранкі… І гэтыя элементарныя дзеянні могуць выратаваць чыёсьці жыццё.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Інспектар ТЦСАН Святлана Гарон цікавіцца жыццём Ніны Туміла.

Марыя Качан да зімы падрыхтавалася.

Кацярына Русакевіч любіць пагрэцца ля печкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *