Злачынцы граху не баяцца. У сувязі з дэнамінацыяй могуць сябе праявіць махляры

Органы ўнутраных спраў пастаянна рэгіструюць рознага кшталту махлярствы, адказнасць за якія прадугледжана заканадаўствам.  Адным з відаў супрацьпраўнага дзеяння з’яўляецца абмен грашовых сродкаў даверлівых грамадзян на нібы новыя “дэнамінаваныя” купюры або на больш “моцную” замежную валюту.

Яны ў асноўным прадстаўляюцца работнікамі розных сацыяльных службаў, мясцовых органаў улады, банкаўскімі работнікамі і г.д. Для большай пераканаўчасці могуць паказаць вокладку якога-небудзь пасведчання; пазваніць на дамашні тэлефон, зараней папярэдзіўшы пра візіт сваіх прадстаўнікоў; дастаць з папак і партфеляў ведамасці і ўпісваць у іх вашы персанальныя даныя; нават напісаць распіску аб атрыманні ад вас грошай на абмен.

Пры гэтым наўмыснікі нават карыстаюцца гіпнозам дзеля сваіх злачынных мэт. Адзін з варыянтаў – пераканаць вас у руціннасці таго, што адбываецца (“ужо даўно і ўсе так робяць”), у спешцы (“трэба праехаць, яшчэ шмат адрасоў”). Другі – падняць ваш статус у вашых жа вачах і значнасць для “нязваных гасцей” (“вы заслужаны чалавек”, “мы прыехалі менавіта да вас”, “не ўсім так пашанцавала – іншым давядзецца праходзіць працяглыя бюракратычныя працэдуры, пастаяць у чарзе”, “усім не хопіць”, “не паспееце – згубіце грошы”) і г.д.

Такія праяўленні злачыннай актыўнасці рэгіструюцца падчас інфляцыі і дэнамінацыі нацыянальнай валюты, з’яўлення новых грашовых купюр з наміналам, які ранней не выкарыстоўваўся. У канцы 90-х – пачатку 2000-х гадоў мелі месца выпадкі махлярства ў адносінах былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, якім у некалькі этапаў выплачвалася кампенсацыя, спачатку ў нямецкіх марках, а затым у еўра.

У жніўні 2007 года арганізаваная злачынная група раней судзімых за махлярства дзвюх жыхарак г. Новамаскоўск называлася работнікамі сацыяльнай абароны насельніцтва і прапаноўвала абмен грошай на расійскія рублі. Толькі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ўчыніла 7 фактаў махлярскіх дзеянняў у адносінах састарэлых пенсіянераў. Лідар групы ў лютым 2008 г. судом Маскоўскага раёна Брэста прызнана вінаватай ва ўчыненні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь 29 эпізодаў злачыннай дзейнасці і асуджана да 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

У асноўным ахвярамі злачынстваў становяцца пажылыя людзі, часта адзінока пражываючыя ў сельскай мясцовасці або ў прыватным сектары гарадоў. Махляры могуць прапанаваць “абменьваць” зберажэнні грамадзян на канфіскаваныя са звароту купюры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь узору пачатка 90-х гадоў (так званыя “вавёрачкі”), на сувенірныя долары і еўра “Банк прыколаў”, на купюры шэрагу афрыканскіх і азіяцкіх краін, якія знешне падобныя на еўра, а таксама на звычайную “ляльку” з нарэзанай паперы.

Часцей за ўсё злачынцы дзейнічаюць групай і жаночым саставам. Калі ў іх не атрымліваецца зрабіць “абмен”, яны не грэбуюць кра-дзяжом грошай, адцягваючы ўвагу роспытамі на бытавыя тэмы,просяць схадзіць на кухню за вадой, прынесці пашпарт і г.д. У рэдкіх выпадках злачынцы ідуць на адкрыты крадзёж – разбой.

Адзіны верны спосаб засцерагчыся ад злачынцаў – захоўваць свае грошы на банкаўскім рахунку і карыстацца для пакупак пластыкавай карткай. Калі да вас пастукаліся такія “цімураўцы”, не адкрываючы дзверы, спытайце, хто яны і адкуль; пазваніце праз даведачную службу Белтэлекама “109” кіраўніцтву; або ў міліцыю па нумары 102; паклічце суседзяў для ўласнай бяспекі. Не бойцеся пакрыўдзіць сваім недаверам рэальных дзяржслужачых, яны ўсё зразумеюць і дачакаюцца вынікаў вашай праверкі.

Пра небяспеку махлярства трэба расказаць пажылым людзям, бо злачынцы ўжо дзейнічаюць. Днём 4 кастрычніка ў Лунінецкі РАУС звярнуўся 86-гадовы пенсіянер. Ён паведаміў, што невядомая жанчына ў яго доме махлярскім шляхам пад прапановай абмену старых грашовых банкнотаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на новыя завалодала яго зберажэннямі ў суме 16 мільёнаў рублёў. Групай затрымання мясцовага аддзела Дэпартамента аховы і супрацоўнікамі крымінальнага вышуку РАУС устаноўлена, што махлярства ўчыніла 20-гадовая непрацуючая жыхарка Баранавіч. Яна затрымана і змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання.

Дзмітрый КАРАВЯКОЎСКІ, першы намеснік начальніка УУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *