СВК «Шлях новы». Вялікі шлях

Другі год запар на адвозцы травяністых кармоў вызначыўся Уладзімір Мацюшка.

СВК “Шлях новы” сёння – свайго роду сельскагаспадарчае аб’яднанне. У тым сэнсе, што на кароткім і блізкім яшчэ адрэзку часу гаспадарка ўвабрала ў сябе землі, іншыя актывы і – як без гэтага – пасівы нядаўніх самастойных, аднак, не заўсёды і не ва ўсім самадастатковых гаспадарак. Плюс у тым, што дзякуючы названаму факту “Шлях новы” перайшоў з “сярэдняй” у “цяжкую” вагавую катэгорыю раённых сельгасвытворцаў. Стабільна важкія ўраджаі, высокі вал прадукцыі палёў і фермаў – іменна такія рэаліі ўзгадваюцца, калі гучыць назва СВК. Апошні палявы сезон выключэннем гэтага правіла не стаў: не падвялі пшанічныя палеткі, урадзілі трыцікале і ячмень. Прыкладам граматнага гаспадарання на зямлі можа служыць вынік вытворчасці піваварнага ячменю, каб і ўраджайнасць прымальная, і вал. У “Шляха новага” атрымалася. Зерня для піваварнай прамысловасці саб-рана амаль 2,5 тысячы тон. Кожны гектар пры гэтым “заважыў” больш як 77 цэнтнераў, а выхад з аднаго бала-гектара ворыва склаў 204 кілаграмы. У названай намінацыі гэта абсалютна лепшыя лічбы ў раёне. А, магчыма, не толькі ў раёне.

Яшчэ “Шлях новы” – найбуйнейшы і, калі такая характарыстыка будзе дарэчы, самы тэхналагічны наш малакавытворца. З уводам у бягучым годзе (а такая задача з парадку дня не здымаецца) МТФ “Сакуны” ў гаспадарцы будуць працаваць 3 фермы, абсталяваныя сучаснымі аўтаматызавана-камп’ютарызаванымі даільнымі заламі. На МТФ у Навасёлках і Вялікай Лотве падобнае даўно ўжо не навіна. Для параўнання, яшчэ толькі 2 раённых сельгасвытворцы могуць пахваліцца такой ці аналагічнай даільнай цуда-залай. Аднак галоўнае багацце і самы асноўны капітал “Шляху новага” – людзі. Мяркуючы па аднойчы ад яго пачутым, так лічыць і старшыня кааператыва   Аляксандр Вашчук.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *