Надзейнасць па Пятроўскаму

Яго прозвішча ў сельскагаспадарчых колах не толькі Ляхавіччыны, але і Брэстчыны вядомае. Старшыня СВК “Дарава” Уладзімір Пятроўскі – кіраўнік вопытны, аўтарытэтны і паспяховы. На працягу 12-ці гадоў узначальвае адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Увогуле, уся яго працоўная дзейнасць звязана з сельскай гаспадаркай. Пасля школы да службы ў арміі юнак працаваў трактарыстам-машыністам у Ляхавіцкай райсельгасхіміі. Падчас вучобы ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі яшчэ больш пераканаўся ў правільнасці выбранай прафесіі. З 1987 года лёс Пятроўскага звязаны з СВК “Дарава” (раней калгас “Прагрэс”).
На любым участку работы, на любой пасадзе Уладзімір Пятроўскі вызначаўся як адказны і дысцыплінаваны спецыяліст, выдатны арганізатар. Ён разумее, што без сучасных тэхналогій, выкарыстання новых навуковых распрацовак немагчыма паспяховае развіццё сельскай гаспадаркі. Таму вучыць сваіх калег і не саромеецца вучыцца сам. У 2002 годзе ён атрымаў дадатковую спецыяльнасць – менеджмент у аграпрамысловым комплексе. Усё, што робіцца ў гаспадарцы, робіцца дыхтоўна і з розумам, з разлікам на будучыню: заўсёды на ўзбраенні перадавыя тэхналогіі, поўнасцю механізаваны працаёмістыя працэсы, добраўпарадкаваны вытворчыя тэрыторыі, культура землекарыстання заўсёды на высокім узроўні. Не дзіўна, што СВК “Дарава” прызнаваўся пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую культуру земляробства.
Наогул, на рахунку гаспадаркі – шматлікія перамогі ў абласных і раённых спаборніцтвах. А як не ўзгадаць пра клопат аб быце вяскоўцаў? Толькі за апошнія 5 гадоў на тэрыторыі гаспадаркі уведзены ў эксплуатацыю каля 50 добраўпарадкаваных домікаў. Сам Пятроўскі ўпэўнены, што аснова ўсіх вытворчых поспехаў, у першую чаргу, – кадры. У гаспадарцы актыўна дзейнічае праграма падтрымкі і дапамогі сваім працаўнікам. Ды і сам Уладзімір Віктаравіч імкнецца дапамагчы кожнаму – ён дэпутат раённага Савета дэпутатаў і Конькаўскага сельскага. Неардынарны, неабыякавы, мэтанакіраваны, ініцыятыўны і шчыры чалавек – наш зямляк Уладзімір Пятроўскі. Ён любіць і беражэ зямлю, на якой нарадзіўся, і з павагай адносіцца да людзей, якія жывуць і працуюць побач.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *