ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». У валакністым вымярэнні

Механізатары Ігар Страмавус і Уладзімір Маслоўскі.

Вытворчасць на гэтым прадпрыемстве двухступенчатая: вырошчванне сельгаскультур, пераважна льну, і першасная перапрацоўка ”паўночнага шоўку” ў валакно. Менавіта з гэтым адрасам звязана адна з буйнейшых вытворчых падзей апошніх гадоў у раёне: у дзяржаўнай праграме аднаўлення льнаводства радком значылася мадэрнізацыя завода ў Задвор’і. Другі год пайшоў як уведзены ў строй дзеючых новы цэх прадпрыемства, укамплектаваны самым сучасным абсталяваннем, дабудаваны і рэканструяваны старыя вытворчыя памяшканні. Эканамічны эфект ужо відавочны. Палепшылася якасць прадукцыі, валакно атрымліваецца пераважна нумарам 1, 44, вытворчасць працуе ў 4 змены і не на склад – адгрузка ідзе і на Аршанскі льнокамбінат, і на экспарт.

Калектыў у новых умовах гаспадарання адчувае сябе ўпэўнена і вельмі стараецца з выхадам на поўную вытворчую магутнасць. Дырэктар завода Дзмітрый Скакун з задавальненнем расказвае пра сённяшнія клопаты, пра тое, што назапасілі сёлета без малога 10 тысяч тон ільнотрасты (з іх больш 6 тысяч тон – са сваіх палеткаў) і што гэтага хопіць на гадавую перапрацоўку. І падкрэслівае: высокія тэхналогіі патрабуюць строгай тэхналагічнай дысцыпліны – на прадпрыемстве гэта ўзведзена ў ранг закона.

Пазітыўныя перамены на льнозаводзе ў валакністым вымярэнні – гэта поўныя шохі якаснай сыравіны, бесперапынны вытворчы канвеер, рост рэнтабельнасці, эканамічнай стабільнасці прадпрыемства і тых, хто на ім працуе. І, канешне, заўсёды модныя, экалагічныя, прыгожыя льняныя вырабы ў нашых дамах – у іх ёсць часцінка і мясцовага перапрацоўчага прадпрыемства.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *