На службе сельскай гаспадаркі Ляхавіцкага раёна. Такі вось “спецназ”

Слесар ільнонасенстанцыі Сямён Свістуновіч.

Гэтыя службы не па-за кадрам, іх важнасць цяжка пераацаніць. Прапаганда і ўкараненне новых тэхналогій, практычная дапамога, кантроль, – тое, без чаго не даб’ешся высокіх вытворчых вынікаў у сельгасвытворчасці.

Што пасееш, тое пажнеш – практычная выснова, якая характарызуе дзейнасць раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Сфарміраваць асноўны і запасны насенныя фонды ў кожным сельгас-прадпрыемстве, дабіцца, каб насенне было самых высокіх рэпрадукцый, – асноўная задача работнікаў інспекцыі. І яны ведаюць, з чаго складаецца добры ўраджай.

Непасрэднае дачыненне да вырошчвання льну маюць супрацоўнікі льнонасенстанцыі, якія не толькі даводзяць да пасяўнога стандарту насенны матэрыял, клапоцяцца пра сортаабнаўленне, але і самі вырошчваюць даўгунец і пастаўляюць ільнозаводу сыравіну. Сёлета льнонасенстанцыя вырошчвала сінявокі на 260 гектарах на землях СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”.

На ўраджай працуе і раённая станцыя хімізацыі. Ад таго, наколькі рацыянальна запраўлена глеба, у тым ліку і мінеральнымі тукамі, залежыць важкасць коласа. У кожным сельгаспрадпрыемстве распрацаваны планы ўнясення мінеральных удабрэнняў. Утрыманне пажыўных элементаў у глебе кантралюецца рэгулярна.

Райветстанцыя і райплемстанцыя працуюць, па вялікім рахунку, на адзін вынік – важкія надоі і прывагі. Сярод задач, якія вырашаюць спецыялісты службаў, – захаванне спрыяльнай ветэрынарна-санітарнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна, здароўе і аднаўленне статка, работа па павышэнні яго прадукцыйнасці і многае іншае. Працуюць у комплексе, выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі.

Ладзяцца справы і ў раённага звяна спецыялістаў па аднаўленні статка. У яго арсенале новае ветэрынарна-медыцынскае абсталяванне. Вядзецца мэтанакіраваная работа над павелічэннем пагалоўя, вывядзеннем высокапрадукцыйнай жывёлы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *